Спаечная хвароба: прафiлактыка i лячэнне
Многiм пацыентам, якiя перанеслi аперацыi на органах брушной поласцi, вядомыя
раптоўныя нясцерпныя болi ў вобласцi жывата. Так праяўляе сябе спаечная хвароба.
Як жыць з гэтай паталогiяй, як правiльна харчавацца, якiя ёсць метады лячэння?
Пра гэта мы гутарым з хiрургам Рэспублiканскага цэнтра медыцынскай рэабiлiтацыi
i бальнеалячэння Галiнай Кулачэнкай.
— Спаечная хвароба — адна з актуальных праблем хiрургii. Менавiта яна ў 50—60 % выпадкаў становiцца прычынай кiшэчнай непраходнасцi. А гэта ўжо вельмi сур'ёзнае ўскладненне. Асноўная яго прыкмета — парушэнне прасоўвання змесцiва кiшэчнiка па кiшэчным тракце, таксама вельмi церпiць кровазабеспячэнне кiшэчнiка. Пры гэтым у чалавека з'яўляецца рвота, якая не прыносiць палягчэння, нерэгулюемы стул, успушваецца жывот. Але самае непрыемнае — гэта моцны боль. За 6 гадзiн могуць наступiць некратычныя змяненнi ў кiшэчнiку, гангрэна яго, што прыводзiць да вельмi цяжкiх парушэнняў, а ў некаторых выпадках да лятальнага канца.
— Якая асноўная прычына ўтварэння спаек?
— Спайкi часцей за ўсё ўзнiкаюць у хворых, якiя раней перанеслi аперацыi на органах брушной поласцi. Але не ва ўсiх. Звязана гэта з асаблiвасцямi ўнутраных тканак арганiзма. У адных людзей генетычна закладзена, што ў iх утвараецца неэластычная рубцовая тканка. У iншых яна больш мяккая. Працэс утварэння спаек залежыць таксама ад стану брушыны, характару запаленчых працэсаў у ёй i ад аб'ёму аператыўнага ўмяшання. Калi ж у пасляаперацыйнага хворага няма iншых паталогiй, то пасля аперацыi на 6—7-ы дзень усе спайкi рассмоктваюцца.
Аднак спайкi могуць утварацца i ў неаперыраваных людзей, што перанеслi якiя-небудзь запаленчыя захворваннi брушной поласцi цi атрымалi яе траўмы. На гэта брушына адрэагавала ўтварэннем спаек. У жанчын прычынай часта з'яўляюцца перанесеныя гiнекалагiчныя захворваннi.
Часам, але вельмi рэдка, сустракаюцца прыроджаныя спайкi. У гэтым выпадку захворванне звязана з няправiльным фармiраваннем кiшэчнiка.
— Цi ўплывае на працэс утварэння спаек узрост чалавека?
— Увогуле, чым чалавеку больш гадоў, тым у яго больш спадарожных захворванняў i тым цяжэй яны працякаюць. Але ўсё адно многае залежыць ад асаблiвасцяў арганiзма. Напрыклад, iснуе кiшэчная непраходнасць, якая больш характэрная для дзiцячага ўзросту — так званая iнавагiнацыя. Але, паўтаруся, часцей за ўсё такая паталогiя з'яўляецца ў людзей, якiя перанеслi нейкiя аперацыi.
— Цi iснуюць кансерватыўныя метады лячэння спаечнай хваробы?
— Адразу пасля аперацыi для прафiлактыкi спаечнай хваробы пацыенту прызначаюць фiзiяпрацэдуры, якiя робяць рубцы больш мяккiмi i рассмоктваюць спайкi. Гэта могуць быць магнiтныя працэдуры, напрыклад, электрафарэз з лiдазай. Але яны звычайна эфектыўныя ў першы пасляаперацыйны час. Далей дапамагаюць мала. У большасцi выпадкаў спаечная кiшэчная непраходнасць прыводзiць да новай аперацыi.
Аднак у хiрургii ёсць такое паняцце, як вострая кiшэчная непраходнасць i хранiчная, рэцыдыўная. Пры першай, калi навiдавоку вострая клiнiка, цяжкая сiмптаматыка, рэкамендавана аперацыя.
Пры другой форме клiнiчная карцiна падобная на вострую, але яна запаволеная, змазаная. Прыступы могуць быць кароткачасовымi з вельмi доўгiмi рэмiсiямi. Але гэта ўсё адно дрэнна для арганiзма, бо прыводзiць да яго знясiльвання. Таму хворым з такой паталогiяй трэба прытрымлiвацца пэўных правiлаў. У першую чаргу, весцi здаровы лад жыцця. Неабходна рэгулярна i правiльна харчавацца. Пры спаечным працэсе вельмi важна не дапускаць, каб кiшэчнiк быў пустым, нельга доўга не есцi, а потым узяць i ад душы падсiлкавацца на галодны страўнiк. Тады атрымаецца так, што нiжнiя аддзелы кiшэчнiка не працуюць, яны злiплыя, а верхнiя наадварот — успухлыя. Апошнiя пачынаюць працаваць i ў гэты момант спайка можа перахапiць бурна працуючы кiшэчнiк. Таму такiя пацыенты павiнны харчавацца, як язвеннiкi: часта i пакрысе.
Не рэкамендавана есцi прадукты, якiя выклiкаюць павышанае газаўтварэнне: чорны свежы хлеб, вiнаград, усе бабовыя i прадукты, з iмi звязаныя (супы, пюрэ). Яны таксама могуць справакаваць прыступ спаечнай непраходнасцi. Не варта шмат есцi свежай капусты i яблыкаў, iх трэба падвяргаць цеплавой апрацоўцы. Вельмi важна сачыць за стулам, каб ён быў рэгулярным, правяраць страўнiк, бо гастрыты садзейнiчаюць парушэнню апрацоўкi ежы, што таксама можа выклiкаць адмоўную рэакцыю.
Калi чалавеку пастаўлены дыягназ "спаечная хвароба брушной поласцi", то трэба пазбягаць празмерных фiзiчных нагрузак. Не варта падымаць вагу больш за 6 кг.
Прафiлактыка спаечнай хваробы спрыяе таму, каб яна не пераходзiла ў вострую форму спаечнай непраходнасцi.
Асаблiва хачу падкрэслiць: калi ў вас у анамнезе выстаўлены дыягназ "спаечная хвароба" i калi раптоўна з'явiлiся болi ў жываце, ванiты, нерэгулюемы стул, не цягнiце час, выклiкайце "хуткую дапамогу", каб не даводзiць справу да вельмi складаных выпадкаў. Спаечная хвароба — гэта вельмi цяжкая паталогiя.
Вольга ШАЎКО.