Надыйшлі аптымальныя каляндарныя тэрміны сяўбы азімага рапсу ў нашай кліматычнай зоне. Гэта пятнаццаць дзён з 10 па 25 жніўня. На адным з палеткаў філіяла «Першамайскае» СГФ імя Ю.Смірнова адбыўся раённы семінар кіраўнікоў сельгаспрадпрыемстваў, на якім абмяркоўвалі арганізацыйныя і тэхналагічныя аспекты сяўбы гэтай культуры.
На 42-гектарным палетку побач з вёскай Цілівічы, дзе праходзіў семінар і вялася сяўба рапсу, раней на працягу некалькіх гадоў было поле са шматгадовымі травамі. Гэта адзін з лепшых папярэднікаў для рапсу. Як рыхтавалі поле для азімай сяўбы і іншых асаблівасцях, якія ўплываюць на фарміраванне будучага ўраджаю, расказаў дырэктар СГФ імя Ю.Смірнова Артур Сыса:
—Вельмі важна каб поле было якасна падрыхтавана да сяўбы, — зазначыў кіраўнік сельгаспрадпрыемства. — Мэта апрацоўкі глебы пад рапс заключаецца ў тым, каб стварыць спрыяльныя ўмовы для прарастання насення і развіцця раслін, забяспечыць аптымальны водна-паветраны і пажыўны рэжым у глебе. Спачатку апрацавалі глебу гліфасатамі, каб высушыць парасткі шматгадовых траў. Калі прайшло 30 дзён пасля апрацоўкі, поле прадыскавалі, затым узаралі і пракультывіравалі. Зараз пры дапамозе сашнікоў сеялкі ідзе чацвёртая апрацоўка глебы і ўнясенне насення рапсу.
Палетак добра выраўнены, пры такой перадпасяўной апрацоўцы насенне якасна кладзецца ў глебу. А для таго каб з’явіліся раўнамерныя ўсходы, услед за пасяўным агрэгатам пусцім трактар з 12-мятровымі каткамі, якія прыкатаюць верхні слой глебы, — расказаў А.Сыса.
Аграном участка «Першамайскае» Арцём Самусеў заўважыў, што да сяўбы быў ўнесены амафос у разліку 150 кг на гектар. Прадпрыемства выкарыстоўвае элітнае насенне сорта «жнівень» у разліку 8,5 кг. на гектар пасяўной плошчы.
Адказную справу высева каштоўнага насення даверылі машыністу-трактарысту Генадзю Грышко, які распавёў, як працуе яго сеялка, колькі радкоў пакідае за сабой, на што трэба звяртаць увагу падчас працэсу. Сяўба ідзе чалночным спосабам, а потым сеялка аб’едзе поле па перыметру, каб засеяць разваротныя кругі.
Вынікі семінара падвёў старшыня раённага выканаўчага камітэта Анатоль Лукашоў. Ён запатрабаваў ад кіраўнікоў гаспадарак адказнага падыходу да пастаўленых задач. А ад гэтага зараз залежыць, якім будзе будучы ўраджай. Кіраўнік раёна выказаў незадаволенасць тэмпамі падрыхтоўкі глебы пад азімую сяўбу культур, звярнуў увагу і на многія іншыя значныя пытанні штодзённых работ у сельспрадпрыемствах раёна.
—Ключавым для кожнага з нас павінна стаць слова «своечасова»: своечасова падрыхтаваць глебу, своечасова пасеяць, своечасова падкарміць, своечасова сабраць. Таму што кожная памылка ў тэрмінах зніжае шансы на высокі ўраджай, — зазначыў старшыня райвыканкама.
Па стане на 14 жніўня да сяўбы рапсу прыступілі ў чатырох гаспадарках. У цэлым па раёне гэтай культурай будзе засеяна 3800 гектараў.
Алена КАРСАКОВА.