Корманарыхтоўчая кампанія не менш важная, чым ўборка збожжавых.
А ўсе паказчыкі ў гаспадарках робяць людзі, задзейнічаныя ў гэты час на палях. Ад іх працоўных намаганняў, іх адносін да справы залежыць забяспечанасць гаспадарак якасным сенажом і сенам, каб пагалоўе буйной рагатай жывёлы мела трывалую кармавую базу на наступны зімова-стойлавы перыяд.
Для дасягнення высокай прадукцыйнасці працы і якасці работ Дубровенскі райкам прафсаюза работнікаў АПК штогод праводзіць спаборніцтва сярод занятых на корманарыхтоўцы трактарыстаў-машыні¬стаў. Нядаўна ў раёне падведзены вынікі штогадовага спаборніцтва на нарыхтоўцы травяністых кармоў.
Герояў зялёнага жніва непасрэдна ў полі або на тэрыторыі мехдвароў з прыемнай місіяй наведалі старшыня Дубровенскага райвыканкама Анатоль Лукашоў, старшыня райкама прафсаюза работнікаў АПК Аляксандр Малянкоў.
Абсалютным лідарам на здрабненні зялёнай масы стаў трактарыст-машыніст СГФ імя Ю.Смірнова Сяргей Анікеенка.
Пераможцам на перавозцы зялёнай масы стаў работнік гэтага ж сельгаспрадпрыемства Віктар Іваноў.
Сярод трактарыстаў-машыністаў, занятых на касьбе траў, па марках касілак вызначыліся два пераможцы Віктар Лукашоў (КУСГП «Прыдняпроўскі») і Аляксандр Струкаў (ААТ «Усход-Чырына»).
На зграбанні зялёнай масы не было роўных Сяргею Шаргаёву з ААТ «Якубава-Агра».
На прэсаванні сена па марках транспартнага сродку перамаглі Віктар Лемеза (ААТ «Баброва-Агра») і Васіль Фядзько (СГФ імя Ю.Смірнова).
Пераможцы атрымалі Ганаровыя граматы Дубровенскага райкама прафсаюза работнікаў АПК і каштоўныя падарункі. З гонарам віншавалі ўзнагароджаных кіраўнікі сельгаспрадпрыемстваў і калегі па працы.
Наперадзе ўборачная, якая запатрабуе яшчэ большай зладжанасці ў рабоце ўсіх звёнаў. Таму працоўны патэнцыял корманарыхтоўшчыкаў, іх працоўны настрой і імкненне быць першымі ў сваёй справе — выдатны прыклад усім працаўнікам аграпрамысловага комплексу нашага раёна.
Алена КАРСАКОВА.