Купляйся, рыбка, жывая і свежамарожаная. У Глуску райспажыўтаварыства адкрыла “Рыбную лаўку”
Свежамарожаныя гарбуша, марскі акунь, скумбрыя, жывы і вэнджаны карп, разнастайныя морапрадукты (гатовыя і замарожаныя), ікра чорная, ікра чырвоная… І ўсё гэта разам у адным месцы. У Глуску, па вуліцы Кірава, 27, адкрылася “Рыбная лаўка” — гандлёвая кропка раённага спажывецкага таварыства. У дзень адкрыцця “Рыбнай лаўкі” для пакупнікоў былі падрыхтаваны бонусы — першым, хто набыў тавару на пэўную суму, у падарунак былі рыбіны, а для ўсіх астатніх — арганізавана дэгустацыя ўласнай рыбнай прадукцыі райпо: там былі салёныя і вэнджаныя селядцы, скумбрыя, салака, салёная кілька і нават івасі — яе таксама пачалі саліць у мясцовым рыбным цэху. Людзей было шмат — і каля касы, і каля дэгустацыйнага століка. Я таксама пакаштавала тое-сёе — праўда смачна, асабліва івасі. І селядцы, і скумбрыя, і бутэрброды з чорным хлебам, селядцом і лімонам.
Як расказала старшыня праўлення райпо Людміла Багданава, для адкрыцця гэтага магазіна ў памяшканні сваімі сіламі зрабілі касметычны рамонт, устанавілі патрэбнае абсталяванне — халадзільныя вітрыны, маразільныя скрыні, акварыум для жывой рыбы, напоўнілі ўсё таварам, падабралі персанал. “Асартымент тут вельмі і вельмі шырокі, — гаворыць кіраўнік райпо, — ёсць тавары на любы спажывецкі кашалёк і на любы густ, прадукцыя розных вытворцаў, у тым ліку і ўласная. Дарэчы, мы плануем павялічваць віды сваёй выпускаемай рыбнай прадукцыі, будзем рабіць іншыя захады, каб яшчэ больш пашырыць асартымент. Скажам, зараз з жывой рыбы ёсць толькі карп, а мы плануем завозіць таўсталобіка, асятра, белага амура, вясёлкавую фарэль. Зразумела, што гэта магчыма толькі ў тым выпадку, калі на такі тавар будзе добры спажывецкі попыт, зараз яго вывучаем. Так што заходзьце ў магазін, купляйце, выказвайце свае меркаванні, пажаданні”.
Меркаваннямі глушчан наконт адкрыцця “Рыбнай лаўкі” мы пацікавіліся прама там. Усе аднадушна сказалі, што такая крама патрэбна, пахвалілі асартымент, але сумнеўна, сказалі некаторыя, што так будзе заўсёды, ды і людзей наўрад ці будзе поўна, напачатку заўжды інтарэс ёсць, а потым звычайна спадае. Што ж, пажывём — пабачым. Такі магазін Глуску, безумоўна, патрэбен, магазіну ж для добрай работы, для тавараабароту патрэбны пакупнікі. А значыць, яго работа, асартымент у пэўнай ступені залежыць і ад нас, спажыўцоў.
Т. ЛУГАВАЯ
Фота Г. АЎТУХОВАЙ