Хутка навучальны год: Што? Дзе? Пачым?

Источник материала:  
Хутка навучальны год: Што? Дзе? Пачым?

Таццяна Белавус з сынам Рувімам у магазіне «Стиляги»

Зараз у школьнікаў і іх бацькоў – адказная пара: сабрацца ў школу, набыць неабходнае адзенне і канцылярскія тавары.

Карэспандэнт “НП” прагулялася па магазінах райцэнтра, пацікавілася асартыментам, навінкамі, акцыямі, каб падзяліцца карыснай інфармацыяй з вамі, дарагія чытачы.
Першы магазін – “MINI-MAX” у гандлёвым цэнтры “Лілія Мол”. Прадавец-кансультант Ганна Ярашэвіч знаёміць з выбарам адзення для хлопчыкаў і дзяўчынак: трыкатажныя сукенкі, сарафаны, спадніцы, блузкі, гольфікі, штаны, камізэлькі, кашулі, так званыя “падманкі”, спартыўныя касцюмы, кеды, рукзакі. Усе тавары – беларускага вытворцы “ESLI” з Гродна.

Хутка навучальны год: Што? Дзе? Пачым?

Браты з Рубля выбіраюць канцылярыю

Асартымент задавальняе, цэны – прымальныя. Напрыклад, штаны каштуюць ад 32 р., сарафан ад 30 р., блузкі ад 16 р., кашулі ад 26 р.
Варта звярнуць увагу на акцыйныя прапановы: калі пакупнік набывае пяць тавараў, у падарунак атрымлівае той, які мае найменшы кошт. Пры прад’яўленні спецыяльнага купона (яго можна знайсці на рэкламных старонках у пятнічных нумарах раённай газеты ці ў паштовых скрынях) кліент атрымлівае дадаткова скідку 10 працэнтаў на ўвесь асартымент.
Падыходзім да стэлажа з канцылярскімі таварамі. Сшыткі каштуюць 15 капеек, наборы шарыкавых ручак – 0,99 р., паўагульныя сшыткі – ад 60 капеек, набор простых алоўкаў (12 штук) – 1,49 р. У наяўнасці ёсць пеналы, фарбы, пластылін, лінейкі, наборы рознакаляровых алоўкаў і многае іншае.

Хутка навучальны год: Што? Дзе? Пачым?

Таццяна Ніканчук з дачкой Ганнай

Столінскі ўнівермаг. На другім паверсе наведвальнікаў магазіна сустракаюць вітрыны з дзіцячым адзеннем: пінжакі для хлопчыкаў (цэны ад 30 р.), штаны для хлопчыкаў і дзяўчынак (ад 32 р.), блузкі (ад 25 р.), спадніцы (ад 20 р.), спартыўныя касцюмы каштуюць крыху больш за трыццаць рублёў. Прадстаўлены школьныя рукзакі. Цана вагаецца ад 22 да 42 р. у залежнасці ад памеру і трываласці.
Нядрэнны выбар канцылярскіх тавараў. Сшыткі, ручкі, алоўкі, пеналы, блакноты, лінейкі, гумкі, дзённікі, абгорткі для кніг… Ёсць спецыяльныя сшыткі па прадметах, але выбар не такі вялікі. Жыхарка Століна Ірына падзялілася, што для дачкі-шасцікласніцы змаглі набыць сшытак толькі па біялогіі.
Дзейнічае акцыя “Добры дзень, школа!”, у рамках якой пакупнікам даецца скідка 5 працэнтаў пры пакупцы тавараў для навучэнцаў (лёгкай прамысловасці, галантарэі, рукзакоў, пісьмовых, папяровых, канцылярскіх прылад) на суму звыш 100 р., скідка 7 працэнтаў пры пакупцы аналагічных тавараў на суму звыш 100 рублёў для шматдзетных сем’яў пры прад’яўленні пасведчання.
Можна набыць тавары да школы ў крэдыт на 6 месяцаў без першапачатковага ўзносу і без працэнтаў за карыстанне крэдытам звыш 100 рублёў (адзенне, абутак, трыкатаж, рукзакі); на тэрмін 9 месяцаў без першапачатковага ўзносу і без працэнтаў за карыстанне крэдытам звыш 100 рублёў (для шматдзетных сем’яў па прад’яўленні пасведчання).
Ва ўнівермагу многіх пакупнікоў засмучае адсутнасць кандыцыянера. Гэта нязручна як для наведвальнікаў, так і для работнікаў. Пры тэмпературы +30 абсалютна некамфортна гуляць па гандлёвым цэнтры, выбіраць абноўкі.
Чаго не скажаш пра прыватны магазін “Кнопыч” у Доме быту. У невялікім гандлёвым павільёнчыку усталяваны апарат для астуджэння паветра. Шчыра скажу, радуе такі клопат пра пакупнікоў.
Выбар канцылярскіх тавараў – на добрым узроўні. Тут можна набыць рабочыя сшыткі па англійскай мове, папкі для чарчэння, дзённікі, ручкі, фарбы, пластылін, алоўкі, сшыткі, блакноты… Тонкія сшыткі, дарэчы, каштуюць 14 капеек.
У магазінах “Авангард”, “Лілія” падабраць сабе адзенне змогуць старшакласніцы, дзе ім прапануюць касцюмы, блузкі, спадніцы.
Завітала на Столінскі рынак. Многія гандлёвыя палаткі прапануюць кофтачкі, блузкі, сарафаны. Некалькі прадпрымальнікаў прадставілі шырокі выбар сшыткаў па розных прадметах.
“Канцылярскі свет” добра падрыхтаваўся да новага навучальнага года. Тут можна знайсці рэчы ад гумак, алоўкаў, пеналаў да рукзакоў, настольных лямпаў, падставак пад кнігі. Жыхарка райцэнтра Таццяна Ніканчук з дачкой Ганнай, якіх сустрэла ў час свайго візіту, падзялілася, што часта наведваюць гэты магазін. Задавальняе прадстаўлены тавар і кошт. Зараз выбіралі дачцэ пенал.
Звярнула ўвагу і на магазін “Стиляги” на рынку. У ім можна апрануць хлопчыкаў і дзяўчынак да 15 гадоў. Стыльныя блузкі, пінжакі, спадніцы, штаны для юных джэнтэльменаў і модніц і многае іншае. Таццяна Белавус з сынам Рувімам з Вікаравіч вызначаліся з памерам кофты. Прадавец ветліва прапаноўвала патрэбны фасон.
Не варта забываць і пра інтэрнэт-магазіны. Можна рабіць заказы на сайтах “Вайлдберыз”, “Ламода”, дзе пастаянна дзейнічаюць скідкі і можна выгадна набыць рэчы, канцылярыю і інш. Пры дастаўцы ёсць магчымасць прымераць выбраны тавар, набыць ці адмовіцца ад яго.
Падводзячы вынік, хочацца сказаць: працэс збору дзіцяці ў школу – адказны працэс. Лепш за ўсё рыхтавацца загадзя: прыглядаць цэны, асартымент, скідкі. Каб не мітусіцца ў апошнія дні. І да пачатку навучальнага года прыйсці ў поўным “узбраенні” і з добрым настроем.
Святлана МАРОЗ
Фота аўтара

←Россия и Китай стали главными генераторами отрицательного сальдо Беларуси в торговле товарами

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика