Фотафакт. У Ашмянах разбураецца ўнікальная сядзіба прадпрымальніка ХІХ стагоддзя
Ашмянская сядзіба прадпрымальніка Льва (Лейбы) Стругача (1842−1906) ня мае статусу помніка і стаіць на балансе райвыканкаму. Бюджэтных сродкаў на яе аднаўленне не выдзяляецца.
Апошнім уласнікам сядзібы канца ХІХ стагоддзя было ўпраўленне адукацыі Ашмянскага райвыканкаму. Упраўленне засяліла туды некалькі настаўніцкіх сем’яў. Выехалі яны адтуль зусім нядаўна.
Як Святы Дух стаў Будзёнаўкай
Дом і сядзіба стаяць у вёсцы Будзёнаўка, што зусім побач з Ашмянамі. Спрадвеку вёска звалася Святы Дух, пры савецкай уладзе яе перайменавалі.
Пасля 1939 году, калі дом і гаспадарка тутэйшага купца Льва Стругача былі нацыяналізаваныя, вёска паступова прыйшла ў заняпад. Цяпер мясцовыя ўлады вырашаюць, пусціць аварыйны аб’ект пад знос ці ўсё ж паспрабаваць аднавіць.
Мясцовая грамадзкасць заклікала захаваць унікальную сядзібу. Улады спачатку прыслухаліся, нерухомасць паабяцалі вывесьці з жылога фонду і выставіць на аўкцыён. Аднак, як прызналася ў размове са Свабодай юрысконсульт Ашмянскага райвыканкаму Вікторыя Масальская, пакуль істотных зрухаў няма.
«Гэтым якраз займаемся. Будынак у аварыйным стане і прызначаны пад знос. Таму, мабыць, будзем пераводзіць у нежылы фонд, каб канчаткова наконт гэтага вызначыцца. Прынамсі, на парадку дня стаіць такое пытанне. Увесь гэты час дом будзе заставацца на балансе ўпраўлення адукацыі Ашмянскага райвыканкаму. Справа ў тым, што там дагэтуль прапісаныя людзі, трэба яшчэ іх адтуль кудысці выпісаць», — кажа юрыстка.
На аднаўленне былога маёнтку неабходна мінімум 120 тысяч еўра. Такую суму назвалі падчас леташняга міжнароднага эканамічнага форуму «Паўночны вектар Горадзеншчыны». На ім Ашмянскі раён прэзентаваў інвестпраекты, звязаныя з адраджэннем старадаўніх сядзібаў.
Неўзабаве ўлады агучылі навіну, што да гістарычнага будынка выявіў цікавасць «салідны інвестар», які плануе пасля рэканструкцыі адкрыць тут базу адпачынку.
Інвестыцыйных дамоваў з прадпрымальнікам не заключалі, але ён паспеў садраць тынкоўку. Больш за год дом стаіць «распрануты», далей ніякага руху няма.
Леў Стругач як лакаматыў прадпрымальніцтва
Леў Стругач — купец, уладальнік вытворчасці на беларускіх землях Расейскай імперыі. Уваходзіў у лік самых багатых людзей свайго часу. У ХІХ стагоддзі ён меў у Ашмянах вінакурна-дражджавы завод, быў акцыянерам Лідзкага бровару, рыскага акцыянернага таварыства «Дрожджы».
Пасля сьмерці Льва Стругача ў 1906-м справу прадоўжыў ягоны сын Абрам. Марку трымаў: перад пачаткам Першай усясветнай вайны «Таварыства Л. Стругача» ўваходзіла ў трыццатку самых паспяховых на тэрыторыі Беларусі.
У 1942 годзе разам з сям’ёй Абрам Стругач быў расстраляны — агулам нацысты забілі тады 4 тысячы габрэяў з ашмянскага гета, якое было ўтворана вакол сінагогі.
У паваенны час завод камерсанта Стругача ў Ашмянах вярнулі да жыцця. Там выпускалі дрожджы, спірт, сіроп, хлебны квас, морс, марынаваныя грыбы.
Сядзіба ў мадэрновым стылі
У Святым Духу Леў Стругач жыў да канца сваіх дзён. Тут на мяжы ХІХ і ХХ стагоддзяў збудаваў драўляны пад тынкам асабняк у стылі мадэрн з балконамі і адкрытай верандай. Дом дапаўнялі ўнутраны двор, басейн, сад, кветнікі, гаспадарчыя пабудовы, брама з калёнамі, каменны мур па ўсім перыметры. Апроч таго, тут былі стайня, свіран, дом для працоўных, лямус — двухпавярховая гаспадарчая пабудова.
У былым школьным музеі захаваўся пісьмовы ўспамін мясцовай жыхаркі, якая працавала ў Стругача і апісвала колішняе хараство сядзібы: клумбы з дзіўнымі кветкамі, цяплярні з нязвыклымі раслінамі, басейн з залатымі рыбкамі. Гледзячы на сучасны стан дома, уявіць гэта цяжка.