Ад Нарвегіі да Кіпра ідуць на экспарт смаргонскія домікі
Начальнік цэха Алег БАЛЫШ (злева) і майстар Віталь ХВАСЬКО каля штабеля ацыліндраванай драўніны.
Алег Балыш амаль 15 гадоў узначальвае працоўны калектыў дрэаваапрацоўчага цэха “Бялкоўшчына”. А працаўладкаваўся ён у лясгас адразу ж пасля заканчэння тэрміновай службы ў арміі, дзе быў санінструктарам.
Юнака накіравалі ў дрэваапрацоўчы цэх “Крэва”, працаваў там станочнікам, потым без адрыву ад вытворчасці паступіў у Полацкі лясны тэхнікум. Пасля яго заканчэння Алега Васільевіча прызначылі зменным майстрам у гэтым жа дрэваапрацоўчым цэху.
У 2005 годзе маладому спецыялісту прапанавалі пасаду начальніка дрэваапрацоўчага цэха “Бялкоўшчына”. Працоўны калектыў даволі вялікі - 60 чалавек. Ён пабольшаў амаль у два разы ў сувязі з уводам у эксплуатацыю новай лесапільнай лініі польскай вытворчасці.
Калі раней дрэваапрацоўчы цэх перапрацоўваў адну тысячу кубаметраў сыравіны за месяц, то цяпер дзве з паловай. У планах кіраўніцтва лясгаса пакупка яшчэ адной, больш магутнай тэхналагічнай лініі па перапрацоўцы драўніны, паколькі дзейнасць дрэваапрацоўчага цэха прыносіць трэцюю частку ад агульнай сумы выручкі мясцовай лясной гаспадаркі.
У дрэваапрацоўчым цэху выпускаюць абразныя і неабразныя піламатэрыялы, ацыліндраваныя вырабы, зрубы дамоў, лазняў, малыя архітэктурныя формы па індывідуальных праектах заказчыка. Піламатэрыялы і ацыліндроўка пастаўляюцца ў асноўным на экспарт. Зрубы пабудоў – па Беларусі.
Работнікі дрэваапрацоўчага цэха пастаянна ўдзельнічаюць у выставах, рэкламуюць сваю прадукцыю. Яны першымі ў нашай краіне пачалі вырабляць ацыліндраваныя зрубы. З 2000-х гадоў пастаўлялі іх у Еўропу. Драўляныя домікі вытворчасці Смаргонскага доследнага лясгаса ёсць у многіх краінах, пачынаючы ад Нарвегіі і заканчваючы Грэцыяй і Кіпрам.
У перспектыве лясгас плануе пабудаваць новы дрэваапрацоўчы цэх у межах горада, дзе будзе ўсё прадугледжана для больш паспяховага выканання дрэваапрацоўчых работ. Цяпер разглядаецца пытанне аб перадачы зямельнага ўчастка пад будаўніцтва названага вышэй прамысловага аб’екта.
У дрэваапрацоўчым цэху “Бялкоўшчына” ёсць сушыльная камера, дзе сушаць ацыліндраваную драўніну, піламатэрыялы. Справа ў тым, што на сухую прадукцыю большая цана і вырабы з сухой драўніны карыстаюцца вялікім попытам у спажыўцоў.
Выгадна і больш глыбокая перапрацоўка сыравіны, таму ў цэху нядаўна ўстанавілі гарбыльную тэхналагічную лінію, якая пакуль што знаходзіцца ў стадыі ўводу ў эксплуатацыю. Атрыманыя пры дапамозе гэтага абсталявання піламатэрыялы таксама будуць пастаўляцца на экспарт.
Работнікі дрэваапрацоўчага цэха працуюць па 12 гадзін, арганізаваны дзве змены: два дні працуе адна змена, два дні – другая. Заробкі здзельна-прэміяльныя, залежаць ад выканання вытворчых паказчыкаў.
У бліжэйшы час у дрэваапрацоўчым цэху “Бялкоўшчына” плануюць асвоіць выраб васьміграннай ацыліндраванай драўніны. Ужо ўстаноўлены неабходны станок. Лясгас узяў яго ў арэнду ў фірмы, якая пагадзілася забіраць новы від прадукцыі і пастаўляць яго на экспарт. Пэўную выгаду ад гэтай здзелкі будзе мець і Смаргонскі доследны лясгас.
Юрый ЯНУШКЕВІЧ.
Фота аўтара.