Оптымум карыснасьці БНР для беларускай улады
Для арганізатараў мітынгу-канцэрту, прысьвечанага 100-й гадавіне БНР, сытуацыя простая і адназначная — чым больш людзей прыйдзе, тым лепш. 1000 удзельнікаў сьвята лепш, чым 300, 10 тысячаў лепш, чым 5 тысячаў, 100 тысячаў лепш, чым 50 тысячаў.
Крыху іншая сытуацыя для ўладаў, іх функцыя карыснасьці больш складана збудаваная. Для ўладаў 100 тысячаў на мітынгу-канцэрце — гэта ня надта добра. Вялікая колькасьць народу, якую сабрала ў цэнтры сталіцы не яна, улада, а ўсё ж альтэрнатыва, хай і памяркоўная — гэта калі не пагроза, то прынамсі не падстава для радасьці.
Акрамя таго, ёсьць перасьцярога наконт таго, як на такую масавую дэманстрацыю беларускіх незалежніцкіх памкненьняў паглядзяць у Маскве. «Лукашэнка патурае Майдану, нацыяналістычная пачвара паказала ў Беларусі свае іклы» — кіраўніку Беларусі зусім ня хочацца такое чуць і і нават адчуваць, што менавіта так у Маскве думаюць.
Але, зь іншага боку, для ўлады і варыянт, калі да опэрнага тэатру прыйдзе якіх 300 ці тысяча чалавек — гэта насамрэч ня надта добра. Лукашэнка неаднойчы казаў, і дарэчы задоўга да «Крымнаша», што калі Расея замахнецца на беларускую незалежнасьць, то яна «атрымае тут другую Чачню і гэта будзе Чачня ў квадраце».
Ну, а хто, у выпадку чаго, будзе ладзіць тую «другую Чачню» і асабліва «у квадраце»? Чальцы магутных БРСМ і «Белай Русі»? Можа і яны, дарэчы, але пераканаўчых доказаў таго няшмат. Таму варта прад’явіць доказы, што хоць хтосьці такі прыём няпрошаным гасьцям акажа.
Зусім ужо малалікая акцыя ў круглую гадавіну абвяшчэньня незалежнасьці, хай сабе і незалежнасьці, якую сама беларуская ўлада ня надта вітае — гэта зусім ня той сыгнал, які варта пасылаць Маскве.
Іншымі словамі, для ўладаў 100 тысячаў 25 сакавіка ў Менску горш, чым 50 тысячаў, але адна тысяча — лепш, чым 300 чалавек.
Каб зрабіць выснову, ня трэба быць матэматыкам. У такой функцыі карыснасьці існуе максымум. Які ён менавіта — складана сказаць. Мяркую, некалькі тысячаў і можа нават дзесяткаў тысячаў.
Але адзінае, што варта зафіксаваць, што нягледзячы на розныя функцыі карыснасьці арганізатараў акцыі і ўладаў, манэўры вакол Дня волі адных і іншых — гэта не гульня з нулявой сумай, ня тая сытуацыя, калі пройгрыш адных ёсьць выйгрыш другіх. Прынамсі паводле колькасьці ўдзельнікаў акцыі задача дапускае аптымальнае рашэньне.
Мнение автора может не совпадать с позицией редакции