Месяц апусцелых рынкаў: жарт, зь якога не сьмяюцца
Чатыры тыдні большасць дробных бізнесоўцаў, якія гандлявалі таварамі лёгкай прамысловасці, прывезенымі з Расеі, не выходзяць на працоўныя месцы. 1 студзеня ўступіў у сілу прэзідэнцкі ўказ № 222, які абавязаў прадпрымальнікаў мець сертыфікаты якасці на тавар. Ад гэтага дня гандлёвыя цэнтры і рэчавыя рынкі апусцелі. Гандляры заяўляюць, што на гуртавых складах, дзе яны бяруць тавар, патрэбнай дакументацыі не выдаюць.
Магілёўскі карэспандэнт БелаПАН высьвятляў, ці стала больш пакупнікоў у крамах і ў тых прадпрымальнікаў, якія забяспечылі сябе адпаведнай дакументацыяй на тавар? Ці павялічылася выручка ў крамах з сэканд-хэндам? Ці звыкліся наведнікі з апусцелымі рэчавымі рынкамі і гандлёвымі цэнтрамі?
У крамах з вопраткай пакупнікоў няма. Калі нехта і заходзіць, дык толькі паглядзець на тавар ды цэннікі. Такая сітуацыя характэрная для ўсіх месцаў, у якіх давялося пабываць. Вітрыны стракацяць аб’явамі пра зніжкі, але ранейшы эфект такіх акцыяў, па ўсім відаць, цяпер не спрацоўвае.
Каб упэўніцца, што меркаванне журналіста адпавядае рэчаіснасці, запытваю ў саміх гандляроў, ці паболела ў іх пакупнікоў ад часу, як спынілі працу прадпрымальнікі на рынках і ў гандлёвых цэнтрах?
«Пакупнікоў больш ня стала. Заробкі ж у людзей цяпер мізэрныя», — прызналася гандлярка ў краме адзення. Суразмоўніца зазначыла — пакупніцкая актыўнасць заўважана зменшылася год таму: «Як стаў адчувальным крызіс».
«А што вы думаеце, як працавалі рынкі, у нас пакупнікоў было шмат? Магілёў жа лічыцца самым „нізкім“ па заробках ды ўзроўні жыцця. Па ўсім ён самы нізкі», — выказалася жанчына з ноткамі раздражнёнасці, каб журналіст зразумеў, што гаворка на гэтым скончаная.
«У людзей няма грошай і няма працы», — нібы падслухаўшы гаворку з папярэдняй суразмоўніцай, патлумачылі сітуацыю з адсутнасцю пакупнікоў у наступнай краме.
«Як думаеце, за што нашым наведнікам купляць тавар? Большая частка нашых пакупнікоў — гэта прадаўцы, — канкрэтызавала сітуацыю ў гэтай краме гандлярка. — Мы ж купляем пераважна адзін у аднаго. Нехта прадае адзенне, нехта сподняе; гэтак мы куплялі адзін у аднаго, а цяпер людзі сядзяць бяз грошай і працы».
На думку суразмоўніцы, людзі пайшлі апранацца і абувацца ў сэканд-хэнды. «Там жа ўсё танней, а ў людзей цяпер безвыходная сітуацыя, бо сябе і дзяцей апранаць неяк трэба», — выказала меркаванне крамніца.
Перад тым, як гаварыць на тэмы, звязаныя з пратэстам дробных прадпрымальнікаў, гандляры прасілі выключаць дыктафон. Ня ўтойвалі, што пабойваюцца выказвацца адкрыта на гэты конт.
Некаторыя з уладальнікаў крамаў прызнавалі: у першыя дні нявыхаду іхных калегаў на працоўныя месцы ў гандлёвых цэнтрах ды рынках і яны трымаліся пазіцыі не адчыняцца. Запэўнівалі: зачыненымі прастаялі з тыдзень, пакуль не даведаліся, што суседзі пачалі працаваць. На гэтым, з расчараваннем зазначалі суразмоўцы, барацьба і салідарнасць скончылася.
Наяўнасцю пакупнікоў не маглі пахваліцца і ў крамах з сэканд-хэндам. У адной маладая гандлярка на пытанне пра пакупніцкую актыўнасць папрасіла агледзець краму і адшукаць у ёй пакупніка:
«Хочаце — са мной пасядзіце гадзіну ці паўтары, я вам гарбаты зраблю, і пабачыце колькі будзе пакупнікоў», — з усмешкаю прапанавала дзяўчына.
«У мяне нядаўна быў прывоз новага тавару. Я не магу прадаваць яго па 20-30 тысяч рублёў. А трэба адбіць цану закупу і зарабіць на арэнду, — тлумачыць сітуацыю з гандлем суразмоўніца. — Людзі чакаюць зніжку, але зрабіць я яе не магу. Усё пакуль кепска. Таргоў няма».
Але ж, заўважаю, рынкі не працуюць і бальшыня павільёнаў у гандлёвых цэнтрах таксама, хіба да вас не пайшлі іх пакупнікі?
«Мы на гэта спадзяваліся ў першыя дні, але пакуль нешта без прасвету, — адказвае ўладальніца крамы. — Ня буду ўтойваць: у мяне дзве пакупкі — на 10 тысяч і 80 тысяч рублёў, а цяпер амаль палова трэцяй дня. Гэта нават без заробку. Вось такі гандаль у мяне».
У наступнай краме сэканд-хэнду таксама прапанавалі пасядзець у іх, каб на ўласныя вочы пабачыць пакупніцкую актыўнасць.
«Можаце ў нас гадзіну пасядзець, дзве ці цэлы дзень. Ні зачыненыя рынкі, ні гандлёвыя цэнтры нам не дапамаглі, — даводзіць сітуацыю гандлярка. — Грошай няма ў людзей, і ўсё. Калі каротка адказаць: пакупнікоў не павялічылася, да жалю. Хаця я і не спадзявалася. Рынкі нам не ў дапамогу. У людзей проста няма сродкаў».
Гандлёвыя цэнтры чатыры тыдні без наведнікаў. Калі ў першыя дні новага году ў павільёнах яшчэ застаўся тавар, то было адчуванне, што сітуацыя неўзабаве зменіцца. Цяпер жа тавару няма, пакупнікоў таксама, і гандлёвыя цэнтры выглядаюць кінутымі.
Нешматлікія гандляры не баяцца нават, што пакрадуць іхны тавар, калі яны адыдуць са свайго працоўнага месца. Кінуўшы павільёны, збіраюцца невялікімі грамадкамі і ў цішы гамоняць пра сваё. У паветры не адчуваецца, як раней, насычанага кававага водару.
З журналістам большасць гандляроў гаварыць адмаўляецца — баімся, кажуць.
«І павільёнаў адчыненых мала, і грошай няма, таму і не ідуць да нас. Заробкі патрэбныя людзям, а цэны мы вымушаныя падымаць, бо сертыфікаты патрабуюць — адпаведна, і цэны растуць, — патлумачыла сітуацыю гандлярка аднаго з гандлёвых цэнтраў. — Працэнтаў на 60 падрасла цана. Людзі не хацелі браць наш тавар па ранейшых цэнах, а цяпер і пагатоў».
Суразмоўніца зазначае, што яе не бянтэжыць адсутнасць на працоўных месцах бальшыні яе калегаў. «Няхай робяць сертыфікаты і працуюць», — безапеляцыйна заяўляе гандлярка.
За прамінулыя чатыры тыдні звыкнуцца з тым, што рэчавыя рынкі без гандлёвых палатак, наведнікі не паспелі. Для многіх сітуацыя выглядае дзікай:
«Вядома ж, дзіка бачыць пусты рынак. Я заўжды як іду з дому, дык праз рынак, часам чаго куплю, а цяпер жа пуста, — выказваецца жанчына сталага веку пра найвялікшы ў Магілёве Віленскі рынак. — Гэта ўсё кепска. Дзе ж людзям цяпер працу знайсці? Вось мой унук знайшоў працу, а праз паўгода яго гаспадар звольніў. Нявыгадна стала. Цяпер паспрабуй знайсці працу».
«Мяне сітуацыя з рынкамі напружвае. Вядома ж, хацелася б, каб рынкі працавалі, — выказвае сваё меркаванне маладая жанчына. — Як не запрацуюць, то давядзецца хадзіць па крамах. Вышукваць таннейшае. А ў сэканд-хэндах цэны часам бываюць вышэйшымі за крамныя».
«Нязвыкла гэта ўсё бачыць, — далучаецца да гутаркі яшчэ адзін наведнік рынку. — Відаць, нейкі жарт у гэтым быў. Я не магу дакладна сказаць, ад каго гэта залежыць. Ну, як, вядома, ад каго загад выконвалі, але з гэтым нешта трэба рабіць. Мо, каб запрацавала наша прамысловасць, каб яна падагнала цэны на свае тавары пад тыя, якія тут былі на рынку. Беларускае ж дарагое».
Згодна з указам № 222 прадпрымальнікі могуць гандляваць таварамі лёгкай прамысловасці, завезенымі з-за мяжы, толькі пры наяўнасці дакументаў, якія пацьвярджаюць якасць і паходжанне тавараў. Указ паралізаваў працу прадпрымальнікаў на рэчавых рынках і ў гандлёвых цэнтрах, дзе прадавалася прадукцыя расейскай лёгкай прамысловасці.
Бізнесоўцы заяўляюць, што ўказ б’е па людзях зь невялікім матэрыяльным дастаткам, бо знікне даступны для іх тавар. Саміх жа прадпрымальнікаў указ робіць беспрацоўнымі. Чыноўнікі Магілёўскага аблвыканкаму, зь якімі сустракаліся гандляры, заявілі: мясцовая ўлада іх крыўдзіць нікому не дазволіць, аднак, што для гэтага будзе рабіць — невядома.
Алесь АСІПЦОЎ