Меркаванне. Аляксандр Чубрык. Проста без іх будзе горш

Источник материала:  
25.10.2015 10:09 — Новости Экономики

Нядаўна я пачуў «з першых вуснаў» гісторыю пра тое, што ў адным з гарадоў Брэсцкай вобласці пенсіянерам адмаўляюцца падключаць газ (ці прадаваць балоны), калі іх газавая пліта старэйшая за 10 год. Чалавек, ад якога я пачуў гэтую гісторыю, зрабіў простую выснову: у Брэсце ёсць «Гефест» — мусіць, яго пліты не купляюць, і ўлады прыдумалі, што трэба прымусіць пенсіянераў купляць іх. Я не бяруся судзіць, наколькі гэта слушная выснова. Істотна іншае: чалавек, які не з’яўляецца эканамістам, указвае на цэнтральную праблему беларускай эканомікі: вялікая частка дзяржаўных прадпрыемстваў не можа загрузіць свае магутнасці настолькі, каб зарабляць прыбытак, а не патрабаваць дапамогі ад дзяржавы. Праблему, якой ужо далёка не адзін год.


Аляксандр Чубрык, дырэктар Даследчага цэнтру ІПМ.

Было б несправядліва казаць, што за апошнія гады ў эканоміцы краіны нічога не змянілася. Сёння зарэгістраваць бізнэс прасцей, чым 10 год таму. Стала менш падаткаў, праверак, ліцэнзій, спрасцілася вялікая колькасць адміністрацыйных працэдур. Нацбанк паступова вяртае давер да нацыянальнай валюты. Улады не гоняцца за ростам заробкаў і інвестыцый на шкоду валютнаму рынку, паступова абмяжоўваюць дырэктыўнае крэдытаванне. Але ў цэнтры сістэмы ўсё яшчэ знаходзяцца дзяржаўныя прадпрыемствы з неверагодна складанай сістэмай дзяржаўнай дапамогі. І адпаведнае ёй складанае сеціва галіновых міністэрстваў і канцэрнаў, якія зацікаўленыя ў захаванні гэтай сістэмы. І вялізная колькасць занятых на гэтых прадпрыемствах, над якімі можа вісець дамоклаў меч звальнення ці прыхаванага беспрацоўя. І буйныя сумы крэдытаў, якія ў адзін момант могуць стацца «праблемнымі». І вялікая колькасць пастаўшчыкоў з прыватнага сектару, залежных ад дзяржаўных спажыўцоў (паводле нашых апытанняў, амаль у паловы прыватных малых і сярэдніх прадпрыемстваў асноўнымі ці буйнымі спажыўцамі з’яўляюцца дзяржаўныя прадпрыемствы і арганізацыі). І бюджэт, які збірае падаткі з гэтых прадпрыемстваў. І фонд сацыяльнай абароны, які «напаўняюць» занятыя ў гэтым сектары. Закрані каменьчык — пасыплюцца камянюкі.

Але калі не закранеш «каменьчык», гэтыя «камянюкі» раструшчаць эканоміку сваім цяжарам. Нізкі попыт не дазволіць неэфектыўным дзяржаўным прадпрыемствам акупіць выдаткі. Гэта прымусіць іх назапашваць новыя даўгі і не плаціць па старых, а таксама звальняць работнікаў ці скарачаць іх заробкі. Гэта падарве крэдытныя магчымасці банкаўскай сістэмы, і ўсё разам — яшчэ больш зменшыць попыт. Страты вырастуць, паступленні ў бюджэт зменшацца. Попыт упадзе глыбей. Найбольш кваліфікаваныя кадры з’едуць з краіны. Ціск на Нацыянальны банк (каб той змякчыў грашовую палітыку) пабольшае. Давер да эканамічнай палітыкі з боку эканамічных агентаў паменшае. Зменшацца ашчаджэнні, што падарве крэдытныя магчымасці банкаўскай сістэмы. Попыт упадзе. Цыкл паўторыцца. Гэта не апакаліпсіс, а тое, што нас чакае, калі не кранаць кутняга каменю праблем беларускай эканомікі - дзяржаўных прадпрыемстваў. Без гэтага вынікі ніводнай праграмы макраэканамічнай стабілізацыі не будуць ўстойлівымі, а эканамічны рост рызыкуе ўвогуле не пачацца. Пытанне пра тое, ці можна ў такіх умовах выконваць сацыяльныя абавязацельствы дзяржавы, выглядае рытарычным. Гаворка мусіць ісці не пра тое, рабіць рэструктурызацыю ці не, а пра тое, як яе рабіць.

Я не хачу разважаць пра тое, ці магчыма ў сучасных умовах зрабіць такую рэформу — і ўсе наступныя, бо сама па сабе, без падтрымкі іншых структурных, адміністрацыйных і сацыяльных рэформ, рэструктурызацыя дзяржаўных прадпрыемстваў мецьме разбуральныя наступствы. Я хачу сказаць, што зараз ёсць час, бо рыхтуецца праграма развіцця краіны на чарговыя пяць год. Ёсць падтрымка, бо людзі стаміліся ад нявызначанасці і нестабільнасці. Ёсць выбітныя прафесіяналы — дастаткова паглядзець хаця б на дзеянні Нацыянальнага банка ў гэтым годзе. Я не прагназую, будуць рэформы ці не. Проста без іх будзе горш.

←Правительство Беларуси предпринимает меры по обеспечению своевременных расчетов за энергоресурсы

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика