Пад Гродна побач з гідраэлектрастанцыяй з'явіцца сонечная

Источник материала:  
04.03.2014 11:35 — Новости Экономики

У краіне, дзе амаль няма ўласнай нафты і газу, неабходна больш актыўна і эфектыўна выкарыстоўваць аднаўляльныя крыніцы энергіі. Такой аксіёмай сустрэў журналістаў - удзельнікаў прэс-тура ў Гродзенскую вобласць генеральны дырэктар прадпрыемства "Гроднаэнерга" Уладзімір Шатэрнік. Потым ён з задавальненнем пазнаёміў нас з работай Гродзенскай гідраэлектрастанцыі, у стварэнні і запуску якой прымаў самы непасрэдны ўдзел.

Сіла вады, ветру і сонца

Менавіта тут, на рацэ Нёман, у нашай краіне была ўпершыню пабудавана гідраэлектрастанцыя сярэдняй магутнасці. Увогуле аб'ект будаваўся на працягу 52 месяцаў, пасля чаго ў жніўні 2012 года ён пачаў выдаваць рэгіёну электрычнасць.



Сёння спецыялісты адзначаюць, што Гродзенская ГЭС працуе яшчэ больш эфектыўна, чым меркавалася. Гідраэлектрастанцыя ўяўляе сабой складаны механізм: калі ад створана-га вадасховішча агульным аб'ёмам у 2 млн "кубоў" вады, раку адгароджвае жалезабетонная плаціна з электратэхнічным абсталяваннем. Вада імкнецца на ніжэйшы ўзровень, што і прымушае круціцца турбіны, якія выпрацоўваюць электрычную энергію. Потым пяць генератараў магутнасцю 3,4 МВт кожны выдаюць ад станцыі агульную магутнасць у 17 МВт.

Праектная гадавая выпрацоўка электрычнай энергіі прадугледжвала атрымліваць ад станцыі 84,4 млн кВт.г, а на практыцы летась наша ГЭС "намалаціла" ажно 91,7 млн кВт.г. Эксперты падлічылі, што такое выкарыстанне сілы вады дазволіла энергасістэме вобласці сэканоміць 25,3 тысячы тон умоўнага арганічнага паліва.

"Мы фактычна пацвердзілі правільнасць прынятых пры праектаванні будаўнічых і інжынерных рашэнняў, а таксама эфектыўнасць чэшскага абсталявання (кампаніі Mаvеl). Атрыманне за год такой колькасці "чыстай" электраэнергіі дазволіла краіне не спальваць за сезон 22,3 млн кубічных метраў газу і скараціць выкід шкодных рэчываў у атмасферу на 28 тон. Атрыманая эканомія па паліве дасягае 15 млн долараў, бо сабекошт вытворчасці энергіі склаў па выніках года 2,6 цэнта ЗША за кВт.г," - паведаміў гендырэктар.



Усяго з пачатку эксплуатацыі ГЭС выпрацоўка электраэнергіі склала 128,9 млн кВт.г. Ці насамрэч гэта шмат, калі за год атрымліваецца каля 92 млн кВт.г? Калі узяць спажыванне электрычнасці па ўсёй краіне разам з прамысловымі гігантамі, то гэта не так шмат, аднак… Гродзенская станцыя дае столькі электраэнергіі, якой хопіць усім спажыўцам Шчучынскага раёна, або задаволіць патрэбу насельніцтва ў электрычнасці адразу трох раёнаў: Шчучынскага, Гродзенскага і Бераставіцкага.

Актыўна плануюць у вобласці выкарыстоўваць і іншыя аднаўляльныя крыніцы энергіі. Уладзімір Шатэрнік нагадаў аб тым, што ў Навагрудскім раёне быў зроблены пілотны праект першай у краіне ветраўстаноўкі. Сёння такая эксперыментальная электрастанцыя паспяхова дзейнічае і паказвае разліковую магутнасць. Усё гэта добра, але ў нашых энергетыкаў цяпер існуюць і больш амбіцыйныя планы. Маецца на ўвазе стварэнне сонечнай электрастанцыі магутнасцю каля 200 кВт. Гэты новы для вобласці праект запланавана ажыццявіць на пляцоўцы плошчай 0,8 га непасрэдна побач з Гродзенскай гідраэлектрастанцыяй. Нагадаю, што ў Шчучынскім раёне прыватным інвестарам ужо пабудавана сонечная электрастанцыя, якая паспяхова адпрацавала больш як 4 месяцы. Зацікаўленасць інвестара тут зразумелая: энергасістэма набывае такую "сонечную" электрычнасць у вытворцаў па тарыфах з павышальным каэфіцыентам 3. Кошт электрычнасці ад сілы ветру ці вады мае павышальны каэфіцыент усяго 1,3.



Кошт будаўніцтва гэтай гідрастанцыі на Нёмане склаў 118,4 млн долараў. Будаўніцтва яе было прадугледжана Дзяржаўнай праграмай інавацыйнага развіцця Беларусі на 2011-2015 гады. Поўны цыкл акупнасці праекта, з улікам абслугоўвання крэдытных рэсурсаў, складае каля 20 гадоў. Разам з тым, гэты тэрмін магчыма значна скараціць, калі ўлічваць плюсы энергіі вады ў комплексе.

Экалогія, прырода і новае жыццё рэгіёна

Пры ўзвядзенні гідраэлектрастанцыі было створана вадасховішча агульнай плошчай да 2 тысяч гектараў, даўжынёй каля 44 кіламетраў і шырынёй да 1,5 кіламетраў. Пры арганізацыі штучнага вадаёма не ажыццяўлялася адсялення жыхароў, зносу гаспабудоў і затаплення сельскагаспадарчых земляў, як гэта звычайна бывае пры з'яўленні падобных аб'ектаў. Увогуле створанае вадасховішча не выходзіць за памеры былой поймы ракі падчас веснавой паводкі, што сведчыць аб сучаснай экалагічнасці праекта. Больш за тое, праект прадугледжваў добраўпарадкаванне 300 гектараў земляў, тэрыторыя якіх раней увогуле не выкарыстоўвалася. Узніклі новыя дарогі, пабудаваны мост і створана зона перспектыўнай гадоўлі рыбы плошчай 105 га. Сабекошт гэтага вадаёма дасягнуў 30 млн долараў. Падобныя інвестыцыі заўсёды даюць прыбытак дзяржаве. Вакол самаробнага во-зера з'явілася шмат унікальных месцаў для адпачынку і нават развіцця бізнесу.

Спецыялісты адзначаюць, што ўжо цяпер вакол вадасховішча ў некалькі разоў павялічыўся кошт зямельных участкаў. На занятых участках актыўна будуюцца сучасныя жылыя дамы і катэджы. Узнікненне новай экасістэмы павінна даць пэўны штуршок для далейшага развіцця ў рэгіёне аграэкатурызму. Аднак пакуль сур'ёзных рашэнняў па выдзяленні зямельных участкаў для ажыццяўлення буйных бізнес-праектаў яшчэ не пры-малася. Цяпер тут эксперты вядуць распрацоўку генплана па развіцці і асваенні земляў вакол Гродзенскага вадасховішча. А пакуль што ў гэтых мясціна самая лепшая рыбалка.

Гаворачы ў цэлым аб развіцці беларускай гідраэнергетыкі, Уладзімір Шатэрнік адзначыў, што ў ходзе праектавання і будаўніцтва Гродзенскай ГЭС, у якім бралі ўдзел пераважна беларускія прадпрыемствы і арганізацыі, атрыманы ўнікальны і вельмі каштоўны вопыт у гэтай сферы. Цяпер пры праектаванні і будаўніцтве Полацкай, Віцебскай і Бешанковіцкай ГЭС можна смела яго выкарыстоўваць. У гэтым выпадку не трэба прыцягваць замежныя рэсурсы і траціць валюту, больш за тое - можна аптымізаваць выдаткі, абапіраючыся на гродзенскі вопыт.

Уладзімір Шатэрнік паведаміў, што ў апошні час працягваюцца актыўныя пошукі інвестара для рэалізацыі праекта па будаўніцтве другой гідраэлектрастанцыі - Нямноўскай ГЭС магутнасцю да 20 МВт. Яе меркавалася размясціць у 20 км ад Гродна ніжэй па цячэнні ракі, у раёне населенага пункта Плябанскае, недалёка ад Аўгустоўскага канала і адлегласцю ў 5-6 км ад Літвы. "Мы звярнуліся ў кампаніі розных краін, але пакуль яны не выказалі жадання ўкладваць сур'ёзныя грошы ў будаўніцтва. Беларускі бок гатовы ажыццявіць гэты праект нават на ўмовах прамых інвестыцый", - удакладніў нашу пазіцыю гендырэктар.

Газатурбінная ўстаноўка новага пакалення

Яшчэ адзін праект гродзенскіх энергетыкаў - маштабная рэканструкцыя Гродзенскай ЦЭЦ-2 з устаноўкай газатурбіннай устаноўкі ажыццяўляўся на працягу трох гадоў. Плана-вая магутнасць гэтай газатурбіннай устаноўкі складае амаль 122 МВт. Кошт яе будаўніцтва - 99,27 млн долараў.

Асаблівасцю такога ўнікальнага праекта з'яўляецца "ўвязванне" сучаснай устаноўкі ў це-плавую схему ЦЭЦ высокага ціску. Высокатэхналагічная аперацыя па гэтым праекце была праведзена з улікам ужо існуючага беларускага абсталявання, калі кацёл-утылізатар уключылі ў паравыя магістралі электрастанцыі без будаўніцтва і ўстаноўкі дадатковага паратурбагенератара. Падобная схема мадэрнізацыі ЦЭЦ зрабіла праект значна танней-шым. Упершыню ў айчынную энергасістэму было пастаўлена абсталяванне індыйскай кампаніі ВHЕL.



Сёння ўдзельны расход паліва пры вытворчасці энергіі складае, напрыклад, на Бярозаўскай ГРЭС 360 грам умоўнага паліва на кВт.г, на Лукомльскай - 310 г, на Гродзенскай ЦЭЦ-2 пасля яе мадэрнізацыі гэты паказчык дасягнуў 173 г. Новая ўстаноўка дазваляе знізіць узровень спальвання газу ў аб'ёме каля 90 тысяч тон умоўнага паліва, што дазволіць сэканоміць не менш як 20 млн долараў за год. Пры гэтым тэрмін акупнасці праекта складае максімум 7 гадоў.

Беларуская энергасістэма актыўна мадэрнізуе асноўныя фонды, развівае генерыравальныя крыніцы. Гэта звязана з тым, што пакуль мы маем досыць вялікі знос асноўных фондаў. З другога боку, краіна імкнецца выкарыстоўваць высокія тэхналогіі ў сферы энергетыкі. "На бліжэйшыя гады запланаваны да ўводу вялікія аб'ёмы газапаравых цыклаў у Віцебскай і Мінскай абласцях. З улікам запланаваных мерапрыемстваў можна ўпэўнена сказаць, што знос асноўных фондаў ужо праз год паменшыцца да 40% у цэлым па краіне. У такім выпадку мы атрымаем больш надзейную энергасістэму, якая будзе адпавядаць патрабаванням часу па эфектыўнасці", - сказаў Уладзімір Шатэрнік.

Фота energo.grodno.by

←В Беларуси дорожают газ, тепло и электроэнергия для населения

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика