На Маладзечаншчыне ў гаспадарках псуецца сілас
Якасці нарыхтаванага кукурузнага сіласу бракуе ў значнай ступені з-за парушэння тэхнічнага рэгламенту падчас нарыхтоўкі.
Перавышаныя тэрміны закладкі траншэй удвая, сілас няякасна ўтрамбоўвалі, не выкарыстоўвалі кансерванты.
У таварыстве “Купала-Агра” заклалі з перавышэннем тэрміну да 11 дзён больш за восем тон, ці каля 90% усяго сіласу. На ферме “Гарнякі” тры тоны сіласу закладвалі 15 дзён, а паўтары тоны − 11 дзён. А павінны былі за чатыры дні.
Кукурузны сілас − адзін з асноўных і аб’ёмістых кармоў жвачных жывёлін, напрыклад, кароў. Яго вытворчасць у Беларусі дасягае 20 мільёнаў тон.
Такія самыя парушэнні ёсць і ў іншых прадпрыемствах і арганізацыях: “Сасноўка-Агра”, “Бярэзіна-аграпрадукт”, “Хоўхлава”.
Да таго ж, у раёне не выконваюць даручэнне прэзідэнта, якое забараняе захоўваць кармы ў наземных буртах ці курганах, у заглыбленых траншэях.
Аднак менавіта так захоўваюць увесь нарыхтаваны сілас у “Сасноўцы-Агра”, большая частка ў СВК “Хоўхлава” і “Бярэзіна-аграпрадукт”.
Пры такім захоўванні губляецца ад 30 да 50% пажыўных рэчываў.
Практычна ва ўсіх гаспадарках раёна не надаюць належнай увагі стану траншэй, буртоў. Звычайна сельгасарганізацыі іх не агароджвалі, на некаторых пашкоджанае пакрыццё, а значыць, герметызацыя корму была парушаная. У некаторых месцах сілас пачаў псавацца.
Паводле паведамлення Маладзечанскага міжраённага камітэта дзяржкантролю.
Фота s-niva.ru