Не ўсе кашы аднолькава карысныя

Як так атрымліваецца, што адны і тыя ж крупы можна купіць і за пяць, і за 20 тысяч рублёў?
Усё проста: кошт залежыць не толькі ад пэўнага віду круп, але і ад іх колькасці. Падчас нашага агляду круп на рынку і ў крамах Маладзечна мы знайшлі толькі два прадпрыемствы, якія выпускаюць крупы ў пакунках вагой адзін кілаграм: Маладзечанскі і Мінскі камбінаты хлебапрадуктаў.
Іншыя ж выпускаюць па 900, 800, 750, 700, 500 грамаў. Таму пры куплі варта суадносіць кошт не толькі з крупамі іншых вытворцаў, але і з вагой пачкі. Мы склалі табліцу, у якой вы можаце параўнаць, якія крупы купляць больш выгадна.
У нашы крамы трапляюць крупы з Расіі, Пакістана, В’етнама. Самы шырокі асартымент на палічках мае рыс: круглы, даўгазерневы, язмін, басмаці, прапараны, буры, арбарыё і нават з чорнымі крупінкамі.
Топ-5 самых танных круп
Самымі дарагімі аказаліся рысавыя крупы. А вось спіс самых танных.
1. Ячныя крупы “Панскі гатунак” за 750 грамаў 3 800 (5 050 за кілаграм) і “Сталічны млын”, Мінскі камбінат хлебапрадуктаў, за 900 грамаў – 4 550 (5 050 за кілаграм).
2. Ячныя крупы “Святлара” за 900 грамаў 4700 (5200 за кілаграм)
3. Манныя крупы. На рынку 900 грамаў каштуе 5 500 ( 6 100 за кілаграм)
4. Проса. На рынку 700 грамаў каштуе 4 500 (6 400 за кілаграм)
5. А таксама танна можна набыць і рыс “Дабрада”. 700 грамаў абыдзецца ў 5 500 (7 950 за кілаграм)
У крамах багаты выбар круп, але да пакупкі варта падыходзіць разумна.
Не пераплачвайце, калі не бачыце розніцы
На рынку райспажыўтаварыства некаторыя крупы можна купіць танней, чым у любой краме. Каля гэтых павільёнаў заўсёды збіраецца чарга.
− Мы звычайна закупляемся тут, − распавядае маладая пара ў чарзе. − Ніякай розніцы ў смаку розных круп мы не бачым, а вось у коштах так.
У аддзеле бакалеі на рынку ёсць не толькі бюджэтныя крупы. Тут можна знайсці, напрыклад, гатунак рысу арбарыё, за пачак якога можна набыць два пачкі звычайнага рысу.
Прадпрымальнік Сяргей патлумачыў:
− Некаторыя пакупнікі якраз такі рыс і шукаюць. Ён такі бялюткі, з асаблівым смакам. Ёсць аматары і такога. Пераважна ж набываюць рыс і грэчку, сямейныя ўпакоўкі.
Цяпер кожная гаспадыня можа больш уважліва прадумаць наступную пакупку круп. Таму што для многіх важная не толькі іх разнастайнасць на стале, але і апраўданасць кошту.
Многія гатовы пастаяць некалькі хвілін у чарзе дзеля эканоміі.
Манка – гэта ежа дзіцячая
Пра тое, якія крупы самыя карысныя, у які час варта ўжываць кашы і ці можна ладзіць монадыеты з кашы, распавяла доктар-дыетолаг Ванда Анцілеўская.
− Кашы ўжываць карысна. Гэта так?
− Ну а як іначай? Крупы карысныя для арганізма чалавека.
− А якую з каш вы, як дыетолаг, лічыце самай карыснай?
− Калі гаварыць пра лячэбнае харчаванне, то ў грэчкі і аўсянкі найменш супрацьпаказанняў. У гэтых кашах амаль не змяшчаецца вугляводаў, таму іх можна есці людзям хворым на дыябет.
− А што вы можаце сказаць пра манную кашу? Ці правільна, што дзяцей з дзяцінства шпігуюць ёй?
− Манку толькі дзецям і трэба даваць. Яна лёгка засвойваецца дзіцячым арганізмам, добра пераварваецца ў страўніку. А арганізму дарослага чалавека манка непатрэбная. Там адны вугляводы, што асабліва шкодзіць дыябетыкам і людзям, схільным да паўнаты.
− Манныя крупы самыя каларыйныя?
− Не, за манку больш каларыйныя кукурузныя крупы і проса, але вугляводаў у іх менш. А самыя малакаларыйныя крупы − аўсяныя. У іх усяго 305 калорый у 100 грамах.
− А ў які час дня лепш за ўсё ўжываць кашы?
− Каша − гэта ежа для сняданку. На вячэру карысней будзе гародніна з невялікім кавалачкам мяса.
− Ці карысна рабіць монадыеты, напрыклад, цэлы тыдзень есці толькі кашы?
− Аднабаковасць − гэта дрэнна заўжды. Адны кашы − гэта ненармальна. А калі і гаварыць пра дыеты, то значна карысней будзе не здзекавацца з арганізма, а зрабіць так, каб ваш дзённы рацыён уключаў 1000-1500 калорый.
Від круп | Назва | Колькасць, грамы | Кошт, руб. | Цана за кілаграм, руб. |
Шматкі ячныя | “Дабрыня” | 500 | 5 050 | 10 100 |
Шматкі аўсяныя | “Геркулес-1” | 500 | 5 300 | 10 600 |
“Экстра №3” | 500 | 4 950 | 9 900 | |
Крупы грэчневыя | Маладзечанскі камбінат хлебапрадуктаў, “Купецкая”, крупы хутка разварваюцца | 1 000 | 10 650 | 10 650 |
“Дабрада”, расійскі вытворца | 700 | 6 550 | 9 400 | |
“Святлара” | 900 | 7 950 | 8 800 | |
“Экалайн”, расійскі | 900 | 7 550 | 8 400 | |
“Пан Крупка” | 900 | 7 500 | 8 300 | |
Маладзечанскі камбінат хлебапрадуктаў, “Купецкая”, | 1000 | 7 600 | 7 600 | |
Проса | “Ракан”, расійскі вытворца | 700 | 6 400 | 9 150 |
“Дабрада”, расійскі вытворца | 700 | 5 050 | 7 200 | |
“Пан Крупка” | 900 | 6 250 | 6 950 | |
На рынку | 700 | 4 500 | 6 400 | |
Ячныя крупы (груца) | “Пан Крупка” | 900 | 5 300 | 5 900 |
“Экалайн” | 900 | 5 150 | 5 700 | |
“Святлара” | 900 | 4 700 | 5 200 | |
Ячныя крупы (драблёныя) | “Пан Крупка” | 700 | 3 950 | 5 650 |
“Панскі гатунак” | 750 | 3 800 | 5 050 | |
“Сталічны млын”, Мінскі камбінат хлебапрадуктаў | 900 | 4 550 | 5 050 | |
Крупы пшанічныя, падробленыя | “Сталічны млын”, Мінскі камбінат хлебапрадуктаў | 1 000 | 7 950 | 7950 |
Рыс | “Экалайн”, басмаці, Пакістан | 500 | 13 250 | 26 500 |
“Ракан”, Індыя, з чорнымі зярняткамі | 800 | 19 900 | 24 850 | |
На рынку. “Ідэя”, рыс арбарыё | 800 | 18 500 | 23 150 | |
“SanRice”, язмін, В’етнам, Літва | 800 | 17 450 | 21 800 | |
“Food collekеtion”, арбарыё | 600 | 12 900 | 21 500 | |
“SanRice”, для сушы, ЗША, Літва | 800 | 16 400 | 20 500 | |
“SanRice”, буры, Тайланд, Літва | 800 | 15 800 | 19 750 | |
“Экалайн”, язмін, Пакістан | 500 | 9 300 | 18 600 | |
“Food collekеtion”, для сушы | 600 | 8 500 | 14 150 | |
“Food collekеtion”, буры | 600 | 8 500 | 14 150 | |
“Экалайн”, круглы, Расія | 800 | 11 050 | 13 800 | |
“Ракан”, Індыя, прапараны | 700 | 9 300 | 13 300 | |
“Бабуліна кухня”, (падпісана “Індыя”) | 700 | 6 950 | 9950 | |
“Бабуліна кухня”, (падпісана “Індыя”) | 800 | 7950 | 9950 | |
“Бабуліна кухня”, (падпісана “Індыя”) | 900 | 8950 | 9950 | |
На рынку: “Дабрада”, даўгазерневы, Пакістан-Расія | 700 | 5 500 | 7850 | |
Манныя крупы | Маладзечанскі камбінат хлебапрадуктаў | 1000 | 7 400 | 7 400 |
На рынку | 900 | 5 500 | 6 100 |
Як зварыць ідэальную грэчку
Не ўсе гаспадыні ведаюць, што, каб атрымалася зварыць самую смачную грэчку, яе спачатку трэба падсмажыць.
Вазьміце каструлю з вялікім дном, усыпце шклянку грэчкі. Пакладзіце сталовую лыжку масла. Перамешваючы, падагравайце грэчку, пакуль не растане масла. Вы пачуеце прыемны пах.
У гэты час залівайце крупы вадой і накрыйце накрыўкай.
На вялікім агні давядзіце да кіпення. Потым агонь паменшыце і даварвайце грэчку.
Зоя ХРУЦКАЯ, Наталля ТУР.
Фота Зоі ХРУЦКАЙ.