Старшыня Верхнядзвінскага райвыканкама Ігар МАРКОВІЧ: «Для маладых спецыялістаў мы не кантралёры, а дарадцы»
— Ігар Іванавіч, з прычыны нечуванай паводкі пад вадой аказаліся тысячы гектараў азімых вашага раёна. Сам райцэнтр быў таксама напалову затоплены. Пад яўнай пагрозай было наогул правядзенне пасяўной. Тым не менш хлебаробы раёна ў такіх экстрэмальных умовах не толькі выстаялі, але і занялі першае месца ў вобласці па ўраджайнасці зерневых.
— Гэты год стаў самым складаным па ўмовах надвор’я. Спачатку самая вялікая за апошнія паўвека паводка, а затым — саракадзённая засуха. Сапраўды, былі і такія прагнозы, што наогул не атрымаем хлеба. Але нашы хлебаробы ў каторы раз пацвердзілі свае лепшыя якасці — дысцыплінаванасць, прафесіяналізм, уменне дзейнічаць у любых абставінах.
У вады адваёўваўся літаральна кожны гектар зямлі. Ні на ёту не адступілі ад тэхналогій у час вясенняй пасяўной, догляду за пасевамі.
Дзякуючы падтрымцы дзяржавы, сёлета мы атрымалі больш за трыццаць адзінак высокаэфектыўнай тэхнікі, пабудавалі зернесушыльны комплекс.
Раён сабраў 75,6 тысячы тон зерня. Гэта — другі вынік у вобласці. А вось па ўраджайнасці сапраўды занялі першае месца, узяўшы на круг па 30,5 цэнтнера. На рэспубліканскіх «Дажынках» раён прадстаўлялі ААТ «Шайцерава» (дырэктар Міхаіл Гумнянкоў), аператар зернесушыльнага комплексу КУП СГП «Каханавічы» Іван Бычэнка і ажно чатыры работнікі ААТ «Прудзінкі»: галоўны аграном Васіль Шылаў, старшы камбайнер Аляксандр Барсток, вадзіцель Алег Жукоўскі і аператар зернесушыльнай устаноўкі Аляксандр Папковіч. Аднак, гаворачы пра майстроў хлебнай нівы, нельга не назваць лепшыя сельгаспрадпрыемствы — ААТ «Прудзінкі», «Шайцерава», КУП СГП «Верхнядзвінскі». Багаты ўраджай бульбы, звыш трох тысяч тон, атрыманы ў КУП СГП «Лявонішана». Больш за тысячу тон — у ААТ «Прудзінкі» пры ўраджайнасці 214 цэнтнераў з гектара. Парадавалі льнаводы КУП СГП «Боркавічы». Рэкордны ўраджай рапсу, 27,2 цэнтнера з гектара, атрыманы ў КУП СГП «Верхнядзвінскі». У дасягненнях сяльчан ёсць адметны ўклад і гараджан. Асабліва хачу падзякаваць калектывы райаграсэрвіса, лясгаса, Верхнядзвінскага і Валынецкага прадпрыемстваў меліярацыйных сістэм, «Нафтана», аддзела адукацыі, дарожных арганізацый, гандлю, устаноў медыцыны і культуры.
— Верхнядзвінскі раён — лідар у вобласці і па вытворчасці малака. За 10 месяцаў ад каровы надоена 4527 кілаграмаў. Гэтыя вынікі адбіліся на дасягненнях у раслінаводстве?
— У сельскай гаспадарцы ўсё ўзаемазвязана. Вядома, што кармы — аснова. Сёлета мы заклалі нядрэнную кармавую базу. На ўмоўную галаву нарыхтавана 25,4 цэнтнера кармавых адзінак. Але адбываецца і карэннае перааснашчэнне, мадэрнізацыя ўсёй жывёлагадоўчай вытворчасці, нарошчванне яе магутнасцей. Цяпер вядуцца работы на 14 малочна-таварных фермах, якія абсталёўваюцца даільнымі заламі. А ў прыватным вытворчым унітарным прадпрыемстве «Вужыца-Агра», якое далучана да масласырзавода, на ферме будзе ўстаноўлена 12 робатаў па даенні кароў.
Апошняе — прыклад сучаснага падыходу да развіцця жывёлагадоўчай галіны. Завод уклаў у сваё сельгаспрадпрыемства 12,4 мільярда рублёў. Гэтыя грошы не выкінуты на вецер. Маштабны праект дазволіць не толькі значна павялічыць вытворчасць малака і яго якасць, але больш поўна загрузіць магутнасці самога масласырзавода, прадукцыя якога пераважна ідзе на экспарт. Актыўна ўзводзяцца арачнікі для ўтрымання маладняку буйной рагатай жывёлы. На дадзены момант іх здадзена на 2700 скота-месцаў. Усяго ж на будаўніцтва і рэканструкцыю жывёлагадоўчых аб’ектаў затрачана 150 мільярдаў рублёў. На гэтай рабоце задзейнічаны будаўнічыя і дарожныя арганізацыі і прадпрыемствы меліярацыйных сістэм. Акрамя таго, у летні перыяд працавала 12 студэнцкіх атрадаў. Лічу, што такая практыка можа выкаваць сапраўднае пакаленне маладых спецыялістаў.
За 10 месяцаў гэтага года атрымана 50 тысяч тон малака і 8 тысяч тон мяса. Рэнтабельнасць галіны склала больш за 15 працэнтаў. Выручана 369 мільярдаў рублёў. Лідарамі па валавай вытворчасці малака прызнаны сельгаспрадпрыемствы «Шайцерава», «Прудзінкі», «Верхнядзвінскі», «Вужыца-Агра», «Сакалоўшчына». Кіраўнікі — Міхаіл Гумнянкоў, Васіль Краснік, Антон Тумашэвіч, Віктар Фамін, Уладзімір Корсун. Сёння перад гаспадаркамі раёна стаіць задача надаіць ад каровы за год 5500 кілаграмаў малака. А жывёлаводы ААТ «Шайцерава» і ААТ «Прудзінкі» ўзялі абавязак перакрыць адпаведна 7,5 і 6,5-тысячныя рубяжы. І гэта рэальна. У шайцераўскіх аператараў машыннага даення Алены Дрыжовай, Алы Сырэвіч, Святланы Грыгор’евай ужо надоена ад каровы звыш 7200 кілаграмаў малака, а Іна Сапега і Наталля Фаменка з «Прудзінак» набліжаюцца да гэтага паказчыка.
— Ігар Іванавіч, давялося пабываць на рэканструяваных фермах Верхнядзвінскага раёна самых розных гаспадарак. Канечне, адразу заўважаны чысціня, парадак, палепшаныя ўмовы працы. А яшчэ кінулася ў вочы такая адметнасць: ці не на кожнай ферме ёсць пакой з таблічкай на дзвярах «Вучэбны клас». Што гэта — даніна модзе? Няўжо тых жа шайцераўскіх «сямітысячніц» трэба яшчэ чаму вучыць?
— Гэта не даніна модзе, а надзённая патрэба дня. Зразумейце, новыя тэхналогіі не прыходзяць самі. А колькі сучаснага абсталявання паступае?!
І калі вы звярнулі ўвагу, у многіх класах стаяць камп’ютары, на якія паступае ўся інфармацыя, і загадчыцы фермаў, заатэхнікі разам з калектывам робяць аналіз работы за нейкі адпаведны перыяд: што ўдалося, дзе зроблены пралікі, што трэба паправіць. Падобны разбор, дарэчы, вядзецца рэгулярна і на фермах ААТ «Шайцерава». А яшчэ да іх ці не з усёй вобласці едуць дэлегацыі за вопытам. А дзе сабрацца, канкрэтна пагаварыць? У тым жа вучэбным класе. Калі ж працягваць тэму перадавога вопыту, то мы вельмі ўдзячны за гэта газеце «Белорусская нива», дзе можна знайсці адказы ці не на ўсе хвалюючыя пытанні па вытворчасці. Я б сказаў, гэта не проста газета, а вельмі патрэбны жыццёвы вучэбны дапаможнік. Не сакрэт, што ў Верхнядзвінскім раёне тыраж «Белорусской нивы» самы большы ў вобласці. А наогул, зіма — гэта ў нас час вучобы не толькі для жывёлаводаў, а для ўсіх катэгорый работнікаў, пачынаючы ад механізатара, аператара фермы і заканчваючы галоўнымі спецыялістамі.
— На вашых раённых «Дажынках» сапраўдным сюрпрызам для мяне стала тое, што большая палова галоўных аграномаў гаспадарак — моладзь?
— Калі гаварыць дакладна, то маладых спецыялістаў да 31 года больш за 30 працэнтаў. У тым ліку маладых галоўных аграномаў 50 працэнтаў. Праяўляем мы да іх паўсядзённую ўвагу. З першых крокаў даём зразумець, што мы — не кантралёры ў іх, а сябры, дарадцы. Даём магчымасць працаваць самастойна, праявіць свае творчыя здольнасці. Моладзі гэта падабаецца. Забяспечваем жыллём, транспартам. Ведаючы асаблівасці сельскай гаспадаркі, усё ж стараемся, каб былі ў іх выхадныя. Каб маглі заняцца спортам, з’ездзіць на экскурсіі. Імкнемся паказаць, што для тых, хто жыве ў вёсцы, таксама даступны ўвесь свет. А іх прафесія — галоўная на зямлі!
— Ігар Іванавіч, сёлетні ўраджай сабраны, і ўсе клопаты хлебаробаў — пра будучыню. Што зроблена ў гэтым накірунку? Якія праблемы?
— Закладзены ўраджай наступнага года. Азімыя зерневыя пасеяны на 14726 гектарах, рапс — на 3500. Заканчваецца пад’ём зябліва. Праўда, з апошнім, а таксама пры падрыхтоўцы глебы пад сяўбу азімых і ўзнікалі якраз праблемы. Зямля ў нас гліністая, цяжкая, і часцяком тэхніка не вытрымлівала. Хутка зношваліся рабочыя органы, і нават ламаліся рамы ў плугоў, а гэта немалыя грошы на запчасткі і страта каштоўнага часу. У мяне ёсць пажаданне да нашых канструктараў, вытворцаў тэхнікі, каб выпрабоўвалі яе і на нашых цяжкіх пераўвільготненых паўночных землях.
— Як разумею, вы не збіраецеся заставацца на дасягнутым?
— Застацца на дасягнутым — значыць, адстаць ад патрабаванняў часу, аказацца на задворках прадуктовага рынку. Так, мы навучыліся вырошчваць нядрэнныя ўраджаі, але гэтага недастаткова. Галоўным крытэрыем АПК становіцца атрыманы прыбытак. Аляксандр Рыгоравіч Лукашэнка вызначыў галоўныя задачы аграрыяў: зніжэнне затрат, дакладнае захаванне тэхналогіі, рост прадукцыйнасці, беражлівыя адносіны да матэрыяльных рэсурсаў. Будзем эфектыўней працаваць — будзем лепш жыць!
* У вады адваёўваўся літаральна кожны гектар зямлі. Ні на ёту не адступілі ад тэхналогій у час вясенняй пасяўной, догляду за пасевамі.
* Даём магчымасць працаваць самастойна, праявіць свае творчыя здольнасці. Моладзі гэта падабаецца. Забяспечваем жыллём, транспартам. Ведаючы асаблівасці сельскай гаспадаркі, усё ж стараемся, каб былі ў іх выхадныя.
* За 10 месяцаў гэтага года атрымана 50 тысяч тон малака і 8 тысяч тон мяса. Рэнтабельнасць галіны склала больш за 15 працэнтаў. Выручана 369 мільярдаў рублёў. Лідарамі па валавай вытворчасці малака прызнаны сельгаспрадпрыемствы «Шайцерава», «Прудзінкі», «Верхнядзвінскі», «Вужыца-Агра», «Сакалоўшчына».
Уладзімір САУЛІЧ, “БН”