Сёлета кармоў кароўкам хопіць
Сёлета зялёныя кармы з’явяцца пазней, чым звычайна.
Сёлетняя вясна, як ніколі ў апошнія гады, запазнілася. У рэдакцыі “Рэгіянальнай газеты” затурбаваліся, як там кароўкі. Ці хопіць ім кармоў да першай травы?Ва ўпраўленні райсельгасхарчу запэўнілі, што кармоў у Мядзельскім раёне хопіць. У двух таварыствах сваіх травяністых кармоў нестае. Але ім сенажом і сіласам дапамагаюць суседнія гаспадаркі.
Гэтае ж пытанне адрасаваў дырэктару таварыства “Будслаўскае” Івану Пятроўскаму.
– У нас хопіць. Як звычайна, закладвалі кармы з запасам. Так што і гэта працяглая зімоўка не паўплывае на рацыён рагуль. Мы яшчэ і іншым гаспадаркам дапамагаем: напрыклад, таварыству “Габы-агра”.
А як справы ў прыватнікаў? Сям’я Стаскойць з вёскі Камарова трымае чатырох кароў.
– Ці хапае кармоў? – спытаў у Ганны Стаскойць.
– Хапае. Гаспадар у мяне рупны, кожны год стараецца нарыхтаваць столькі сена, каб з запасам было. Бо заўсёды трэба разлічваць, што, можа, зіма зацягнецца – вось як сёлета здарылася. Звычайна 9 мая наша вёска кароў на выган адпраўляла. А гэтай вясной, можа, і пазней давядзецца.
Алесь ВЫСОЦКІ.
Фота 3.bp.blogspot.com.