Энергія вады

Источник материала:  

Спецыялісты прадпрыемства “Дняпроўска-Бугскі водны шлях” з Пінска ведаюць, як зарабіць на звычайнай вадзе

Калі яшчэ дзясятак-другі гадоў таму мы не асабліва задумваліся пра тое, што часам жывыя грошы проста ляжаць у нас пад нагамі і варта толькі нахіліцца, каб іх падняць, то сёння становімся больш эканомнымі, беражлівымі, словам, прывыкаем лічыць фінансы.

Галоўным напрамкам дзейнасці пінчан заўсёды былі будаўніцтва, рэканструкцыя і эксплуатацыя водных транспартных сістэм і гідратэхнічных збудаванняў, забеспячэнне бяспечных умоў суднаходства на водных шляхах агульнай працягласцю больш за паўтысячы кіламетраў, у якія ўваходзяць Дняпроўска-Бугскі канал з Белаазёрскай сістэмай водасілкавання і гідратэхнічнымі збудаваннямі, а таксама ўчасткі рэк Прыпяць і Заходняя Дзвіна.

А сёння тут занятыя праектаваннем самай магутнай міні-ГЭС на гідравузле “Стахава” ў Столінскім раёне.

З набытым вопытам прыйшло разуменне: а чаму б і на нашых раўнінных рэках не атрымліваць карысць ад патоку, які няхай і з не вельмі вялікай хуткасцю, але ўсё ж здольны круціць турбіну? І хоць развіццё малой энергетыкі — кірунак тут зусім не галоўны, прыбытак ён сёння прыносіць істотны, адзначае галоўны энергетык Іван Лінко.

У пяцідзясятыя гады мінулага стагоддзя будаўніцтва малых ГЭС, якія дазвалялі забяспечваць электраэнергіяй асобна ўзятыя калгасы і прадпрыемствы, развівалася вельмі актыўна. У Савецкім Саюзе іх налічваліся тысячы, на тэрыторыі Беларусі — да дзвюх соцень. Аднак з уводам адзінай энергасістэмы з-за сваёй невялікай магутнасці яны сталі незапатрабаванымі і пачалі закрывацца.

Новую актуальнасць пытанне набыло ўжо ў суверэнных дзяржавах былога СССР, калі энергасістэмы падзяліліся і пакупныя энергарэсурсы сталі абыходзіцца нятанна. На прадпрыемстве “Дняпроўска-Бугскі водны шлях” да таго часу ўжо быў напрацаваны вопыт рэканструкцыі старых міні-ГЭС на мясцовых рэках.

— Мы пачалі вывучаць гэты напрамак, тым больш што з’явіліся новыя энергетычныя ўстаноўкі. І пры рэканструкцыі шлюза ў Пінскім раёне на гідравузле “Дубой” была зманціравана першая міні-ГЭС. Абсталяванне выкарыстоўвалі айчыннае, як і на будаўніцтве шлюза ў Кобрыне. Вынік, зразумела, атрымалі, але не зусім той, на які разлічвалі, — расказвае Іван Лінко.

Дзве міні-ГЭС у Жабінкаўскім раёне на гідравузлах “Залуззе” і “Навасады” пінчане пабудавалі ўжо з удзелам аўстрыйскай фірмы. Калі энергіі Дубойскай ГЭС сёння хапае для забеспячэння прыкладна чатырох сярэдніх сельгаспрадпрыемстваў, то “Залуззе” дае амаль удвая больш.

Усе ГЭС узводзіліся разам з будаўніцтвам шлюзаў на старых месцах вадаспускаў, таму капітальныя выдаткі на іх былі мінімальныя. У гэтым годзе ў энергасістэму краіны прадпрыемства плануе перадаць каля двух мільёнаў кілават-гадзін электраэнергіі — прыкладна на чатыры мільярды рублёў.

Міні-ГЭС на гідравузле “Навасады” — ужо чацвёртая, якую пабудавалі на Дняпроўска-Бугскім канале. Яе магутнасць у суткі — пяць тысяч кілават. Але на дасягнутым у Брэсцкай вобласці спыняцца не збіраюцца.

Каб кіраваць такой міні-гідраэлектрастанцыяй, неабходны мінімум чалавечай працы. Аўстрыйская распрацоўка паспяхова прыжылася на беларускай зямлі. Каштуе нятанна — амаль восемь мільярдаў рублёў, але, паводле слоў спецыялістаў, яна акупіцца ўжо праз пяць гадоў. Кантралюецца работа ГЭС дыстанцыйна.

— З сотавага тэлефона я магу запытаць усе даныя — у якім рэжыме яна працуе, а таксама паказанні за апошнія 7—8 гадзін і за апошнія трое сутак. А калі станцыя адключыцца, прыйдзе SMS-паведамленне на мой тэлефон, на тэлефон начальніка гідравузла і інжынера-энергетыка, які абслугоўвае гэтую ГЭС, — расказвае Іван Лінко.

У бліжэйшай перспектыве такая міні-ГЭС магутнасцю 1,2 мегавата будзе пабудавана ў Столінскім раёне на гідравузле № 12 “Стахава” — яна зможа забяспечваць энергіяй амаль палову раёна. Яшчэ адна такая ж з’явіцца на гідравузле № 11 “Качанавічы”.

Нават на нашых раўнінных рэках водны паток нясе сваю энергію, якую трэба выкарыстоўваць, лічаць спецыялісты РУЭСП “Дняпроўска-Бугскі водны шлях”.

Праграма развіцця гідраэнергетыкі ў Беларусі працуе з 2007 года. Асабліва актуальная яна для рэгіёнаў з буйнымі воднымі артэрыямі. На Брэстчыне гэта Дняпроўска-Бугскі водны шлях, які аб’ядноўвае таксама Мухавец і частку Прыпяці. Пакуль аб’ёмы электраэнергіі невялікія. Але гэты кірунак тут лічаць перспектыўным.

— На гідравузлах створаны вельмі добрыя ўмовы для развіцця малой энергетыкі, — адзначае начальнік комплекснага праектна-вынаходніцкага аддзела Васіль Падгурскі. — Ёсць пад’язныя дарогі, падпорачныя збудаванні, лініі электраперадачы, падрыхтаваны персанал. Дзякуючы ўсяму гэтаму сабекошт электраэнергіі атрымліваецца даволі невысокі. І тэрміны акупляльнасці міні-ГЭС не перавышаюць сямі гадоў.

Да таго ж уся праектная дакументацыя распрацоўваецца спецыялістамі РУЭСП, якімі ўжо назапашаны немалы вопыт работы.

Уласная праграма развіцця гідраэнергетыкі на прадпрыемстве разлічана да 2020 года. За гэты перыяд на Дняпроўска-Бугскім водным шляху будзе пабудавана ўсяго дзесяць міні-ГЭС сумарнай магутнасцю каля 10 млн кВт/г электраэнергіі.

Сёння па распрацоўцы пінчан рэалізуецца расійскі інвестыцыйны праект будаўніцтва ГЭС у Віцебскім раёне магутнасцю 750 кВт, тут таксама распрацаваны эскізны праект для будаўніцтва ГЭС у Смаленску на базе ачышчальных збудаванняў.

←Нацбанк не будет возобновлять валютное кредитование физлиц на строительство жилья.

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика