Фінансавы разлік

Источник материала:  

Нацбанк не будзе вяртацца да валютнага крэдытавання фізасоб для будаўніцтва жылля

Дзяржаўны доўг Беларусі па выніках мінулага года захаваўся на эканамічна бяспечным узроўні. А жорсткая бюджэтная палітыка будзе працягнута і ў бягучым годзе. Аб гэтым паведаміў учора міністр фінансаў Андрэй Харкавец на пашыранай калегіі ведамства.

У даўгу не застанемся

Падводзячы вынікі мінулага года, міністр адзначыў, што выканана галоўная задача, пастаўленая кіраўніком дзяржавы: бездэфіцытнае выкананне бюджэту. Інфляцыя не перавысіла прагнозных параметраў, захаваны золатавалютныя рэзервы краіны, адноўлены дакрызісны ўзровень дабрабыту грамадзян. Што датычыцца дзяржаўнага доўгу, то па выніках мінулага года ён склаў амаль 129 трыльёнаў рублёў, альбо каля 24 працэнтаў ВУП пры парогавым значэнні 45 працэнтаў. Знешні доўг вырас нязначна і склаў 12 мільярдаў долараў, альбо 19 працэнтаў ВУП пры парогавым значэнні не больш як 25 працэнтаў. “Усе знешнія дзяржаўныя пазыкі, якія ўваходзяць у даўгавы партфель Беларусі, з’яўляюцца доўгатэрміновымі, даўгавы партфель характарызуецца нізкай рызыкай рэфінансавання і невысокім коштам абслугоўвання”, — сказаў Андрэй Харкавец.

Паводле яго слоў, тэрмін да пагашэння па знешніх пазыках складае 4,7 года, сярэдняя працэнтная стаўка — 3,7 працэнта гадавых. Найбольшую долю займаюць пазыкі Расіі — каля 26 працэнтаў, МВФ — 25 працэнтаў, аблігацыі, размешчаныя на знешніх фінансавых рынках, — 15 працэнтаў, крэдыт Антыкрызіснага фонду ЕўрАзЭС — 14 працэнтаў і крэдыты банкаў Кітая — каля 13,5 працэнта.

У гэтым годзе Міністэрства фінансаў мае намер выключыць неабгрунтаваныя траты бюджэтных сродкаў і ўзмацніць кантроль за дасягненнем заяўленых у бізнес-планах параметраў эканамічнай эфектыўнасці праектаў, якія рэалізуюцца з дзяржпадтрымкай.

Сістэмны падыход

Між тым у Нацбанку заявілі, што не збіраюцца аднаўляць валютнае крэдытаванне фізасоб для будаўніцтва жылля. Пры гэтым кіраўнік ведамства Надзея Ермакова не выключыла паўторны разгляд гэтага пытання праз год-два. “Сёння ж няма неабходнасці адмяняць раней прынятае рашэнне. Надта шмат праблем было з дэвальвацыяй у насельніцтва. Нам валюта патрэбная для іншых мэт”, — канстатавала Надзея Ермакова.

Што будзе з крэдытнымі стаўкамі? Паводле яе слоў, прагноз па зніжэнні стаўкі рэфінансавання да канца года да 13—15 працэнтаў гадавых ніхто не адмяняў. Гэта мэта, да якой трэба імкнуцца, паколькі высокія стаўкі тармозяць эканоміку. Але дзейнічаць трэба акуратна, улічваючы дынаміку інфляцыі і іншыя эканамічныя паказчыкі, падкрэсліла кіраўнік Нацбанка.

Прэм’ер-міністр Беларусі Міхаіл Мясніковіч прапануе “праблему высокіх працэнтных ставак здымаць на сістэмнай падставе і не толькі за кошт бюджэту, дзяржбанкаў і Банка развіцця”. Паводле яго слоў, Мінфіну трэба больш актыўна ўплываць на дзейнасць банкаўскай сістэмы краіны і грашова-крэдытную палітыку ў цэлым. Кіраўнік урада нагадаў, што ў бюджэце 2013 года запланавана 13 трыльёнаў рублёў на дзяржпадтрымку праектаў у эканоміцы. І Мінфін павінен быць зацікаўлены не толькі ў правільным размеркаванні гэтых рэсурсаў, але і ў стварэнні эфектыўных вытворчасцяў як будучых эфектыўных падаткаплацельшчыкаў.

←Нацбанк не будет возобновлять валютное кредитование физлиц на строительство жилья.

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика