Цэны ў Вільні
Кава ў віленскіх кавярнях каштуе 12-19 тысяч беларускіх рублёў. Прыкладна столькі ж, колькі ў Маладзечне.
На мінулым тыдні ў Беларусі павысіліся цэны на паліва, праезд у грамадскім транспарце і закупачныя на мяса. А якія цэны ў Вільні?Спачатку літоўскія грошы здаюцца вельмі нязручнымі: трэба спачатку палічыць “папяровую” суму, а пасля яшчэ манеткі. Але потым становіцца зразумела, чаму манеткі “ў ходзе”. Усе аўтаматы ад іх працуюць, прычым не толькі кава-машыны, але і камеры захоўвання, дзверы прыбіральняў, камп’ютары на вакзале.
На чыгуначным вакзале ў Вільні ёсць чатыры камп'ютары з інтэрнэтам. Каб ім пакарыстацца, дастаткова проста кінуць манетку ў два літы - і на паўгадзіны ён ваш.
Мінімальная сума як за каву, так і за паўгадзіны карыстання інтэрнэтам – два літы (у пераводзе – 6390 тысяч рублёў). Столькі ж каштуе праезд у грамадскім транспарце.
Як расказалі мясцовыя таксісты, у Вільні найдаражэй набываць рэчы ў буйной краме “Акропаліс”. Там зручна купляць тавары толькі падчас распродажу ці акцый.
Калі вам трэба набыць нешта з бытавой тэхнікі, найлепш наведаць невялікую спецыялізаваную краму. Двух’ядзерны ноўтбук з дыяганаллю ў 15 цаляў у такой краме можа каштаваць 1100–1300 літ (3,5 – 4,1 мільёна рублёў), пры гэтым беларусам могуць яшчэ вярнуць такс-фры – падатак на дабавачны кошт. Такі самы камп’ютар у Маладзечне каштуе ад чатырох мільёнаў рублёў.
Праезд
Для паездкі ў аўтобусе ці тралейбусе неабходна набыць білет у кіёску, а ў транспарце прабіць яго. Ён каштуе два літы (6390 тысяч рублёў).
Кошт на паліва на запраўках: дызельнае – 4,66 літа (15 тысяч рублёў), 95-ы – 5,04 літа (16 тысяч рублёў), 98-ы – 5,09 літа – (16 200 рублёў).
Пры гэтым трэба ўлічваць, што мінімальная зарплата ў Літве большая ўдвая – 700 літ (2,2 мільёна рублёў), а ў Беларусі крыху больш за 1,1 мільёна рублёў.
Смачна есці
Цяпер паглядзім, якія цэны на прадукты. Іх можна набыць таксама на рынку ці з аўталавак.
Вяндліну з такой аўталаўкі можна набыць за 19 літ за кілю (60 тысяч рублёў). Сыры бекон каштуе 13 літ (41 тысяча рублёў).
Італьянскі вінаград, грушы – 3,5 літа, агуркі – 3,5 літа (11 з паловай тысяч рублёў).
У адной краме стаіць аўтамат са свежым малаком па 2 літы за літр, які запаўняюць кожную раніцу.
Аўтамат з малаком.
“Доктарская” кілбаса ў краме каштуе 15-16 літ (47-51 тысяча рублёў).
Кілаграм расфасаваных курыных кумпячкоў – 10 літ (30,1 тысяча рублёў).
У краме можна набыць і курынае мяса на вагу. Філе абыдзецца ў 17,49 літа (55 тысяч рублёў), кумпячкі – 9,39 (30 тысяч рублёў). Прычым ляжаць яны ў вялікім падносе, пасыпаныя лёдам і маюць вельмі прэзентабельны выгляд.
Мяса на вагу.
Мясныя паўфабрыкаты ў крамах даволі апетытныя. Свіныя кілбаскі каштуюць 12,59 літа (40 тысяч рублёў), свініна для смажання – 11-13 літ (35-41 тысяча рублёў).
Сасіскі, першы сорт – 8,8 літа (28 тысяч рублёў).
Яблыкі на мясцовым “харчовым рынку” – 1 літ (3 тысячы рублёў), морква – 1,6 (5 тысяч рублёў).
Кава “Якабс” распушчальная грануляваная вагой 200 грамаў – 29,99 літа (95 тысяч рублёў).
Піца пасярод ночы? Калі ласка!
У Вільні ёсць некалькі ларкоў, у якіх кругласутачна прадаюць ежу. Набыць піцу там можна за 10 літ (31 тысяча рублёў).
У кіёсках, у якіх прадаюць прэсу і розныя дробязі, можна набыць і каву за 2-3 літы (6-7 тысяч рублёў). У кавярнях кава каштуе 4-6 літаў (12-19 тысяч рублёў).
А таксама і папоўніць рахунак на мабільны тэлефон. Пры гэтым вы не памыліцеся нумарам, таму што ў камплекце з сім-картай даецца картка папаўнення. Прадавец проста праводзіць яе, і нумар счытвае аўтамат.
Валюту “канвертавалі” паводле курса Нацыянальнага банка Беларусі на 11 кастрычніка (1 літ - 3195 беларускіх рублёў). Параўнаць цэны на некаторыя прадукты з маладзечанскімі можна ў табліцы знізу.
Іншыя артыкулы з Вільні чытайце ў наступных нумарах “РГ”.
Маладзечна-Вільня.
Зоя ХРУЦКАЯ.