«Да гэтага часу памятаю студэнцкія «агеньчыкі»
МІНУЛА амаль 30 год, як мы скончылі зааінжынерны факультэт Беларускай сельскагаспадарчай акадэміі, але ў памяці назаўсёды захаваліся светлыя і прыемныя ўспаміны пра студэнцкае жыццё.
Як цяпер памятаю свае ўступныя экзамены ў 4-м корпусе, куды я зайшоў, каб здаць біялогію (а мне патрэбна было здаваць адзін уступны экзамен, бо я скончыў тэхнікум з чырвоным дыпломам). Экзамен прымалі дзве жанчыны і мужчына. Каб неяк уздзейнічаць на прыёмную камісію, я, як і многія іншыя, сфатаграфаваўся ў вайсковай форме. Мужчына ў гэты час дзесьці адсутнічаў і з’явіўся ў самы неабходны момант, калі мне трэба было атрымаць пяцёрку, а жанчыны задавалі вельмі складаныя і цяжкія пытанні. Тут прыйшоў старшыня камісіі, паглядзеў мой экзаменацыйны ліст, спытаў на якім флоце служыў, сказаў, што ён служыў на Паўночным, і задаў адно пытанне: што такое Н2О? Вядома, я адказаў, тады ён на маім лісце паставіў «выдатна» і сказаў, што прызначаюся старастай 3-й групы. Затым папярэдзіў, каб 1 верасня быў на занятках і ўзяў рабочае адзенне і чобаты, бо трэба будзе ехаць у калгас.
Калі стаў студэнтам, то даведаўся, што тым разумным і мудрым выкладчыкам быў мой дэкан Пётр Мікалаевіч Катуранаў, які ў першыя часы змог распазнаць, хто і як будзе працаваць на вёсцы. Я вельмі ўдзячны гэтаму чалавеку, у тым ліку і за яго спагадлівыя адносіны да студэнтаў.
Вядома, у далейшым былі таксама добрыя выкладчыкі, сярод іх вядомыя і таленавітыя: Мая Сямёнаўна Партнова, Макс Залманавіч Фрэйдзін, Міхаіл Уладзіміравіч Шалак, Віктар Ільіч Караба, Міхаіл Пятровіч Шулік, Павел Хвёдаравіч Перацягін, ужо, на жаль, нябожчыкі Шумскі, Старавыбарны, Менчукава і шмат іншых. Яшчэ ў студэнцкія гады я прысвяціў гэтым людзям верш:
Педагогам
Не шкадуючы часу,
Не шкадуючы сіл,
Душу, сэрца аддаўшы,
Педагог нас вучыў.
Вучыў шчырасці, праўдзе —
Дабрыню ў сэрца нёс,
Вельмі проста, як маці,
Гартаваў кожны лёс.
А колькі цёплых і прыемных слоў патрэбна сказаць пра Маю Сямёнаўну Партнову, якая выкладала ў нас гісторыю партыі і была парторгам факультэта. Але хіба знойдзеш столькі слоў, каб кампенсаваць той час і сілы, якія былі аддадзены нам у Ленінскім пакоі зааінжынернага факультэта. Колькі добрых, прыемных і цёплых вечароў праводзіла яна з намі, вясковымі дзецьмі, у гэтым пакойчыку, на якіх толькі мовах ні гучалі ў ім песні ці вершы, колькі культур і традыцый розных народаў пазналі мы тут.
А было іх вельмі шмат, бо ў акадэміі ў той час навучаліся студэнты больш як з 30 краін свету. Да гэтага часу мы памятаем студэнцкія «агеньчыкі», якія праводзіліся там, а колькі вершаў і песень было складзена і гучала на «Парнасе». У тыя гады было такое студэнцкае літаб’яднанне. Вершы і апавяданні друкаваліся ў «Савецкім студэнце». А колькі маршаў было складзена ў музычным пакоі зааінжынернага факультэта нябожчыкам П. І. Шумскім — былым дэканам зааінжынернага факультэта. Ён вельмі добра валодаў любым музычным інструментам і складаў маршы для духавога аркестра, а пасля разам з намі, студэнтамі, развучваў іх. Наш духавы аркестр быў лепшым у акадэміі. І гэта ўсё дзякуючы Шумскаму.
У час перападрыхтоўкі
Пры пераходзе з корпуса
ў корпус
Льецца дзіўны выток, дзе юнацтва глыток.
Выток
Выток сялянскай моладзі,
Напору, ведаў, сілы
Цячэ з рання да поўначы,
Становіцца на крылы.
Прад бурамі жыццёвымі,
Вытворчымі рапрызамі,
Шляхамі невядомымі,
Жыццёвымі капрызамі.
Цячэ моладзь, гартуецца,
Кляновымі алеямі
І дух студэнцтва чуецца,
Гадамі не завеяны!
Вітае ён над Горкамі —
Не першае стагоддзе
Над гэтымі пагоркамі,
У студэнцкім карагодзе.
А сэрцу вельмі хочацца
У цудоўную краіну.
Душа пяе і коціцца
У юнацтва на хвіліну.
А колькі ўсяго добрага, разумнага і вясёлага было ў Горках у дыскатэчнай зале зааінжынернага факультэта. Яна была пабудавана ў закінутым падвале, на сродкі, якія зарабілі нашы студэнты ў калгасах раёна на сельскагаспадарчых працах. За студэнцкія грошы абсталявалі не толькі танцавальную пляцоўку, але і невялічкі бар. Гэта быў першы дыскатэчны цуд, створаны рукамі і розумам студэнтаў зааінжынернага факультэта. Менавіта тут праводзіліся дыскатэчныя і тэматычныя вечары, лілася музыка і гучалі сучасныя песні, там раскрываліся студэнцкія таленты. Сюды было вельмі цяжка трапіць — не хапала месца, а студэнты і знаёмыя прыходзілі з розных інтэрнатаў. Так як я быў старшынёй студсавета, то прыходзілася праводзіць сваіх сяброў праз наш інтэрнат.
Верш «Сябры» прысвечаны майму сябру, вядомаму вучонаму, прафесару Міхаілу Кадыраву:
Ёсць людзі, проста
нібы зоркі,
Яскравай знічкаю гараць,
Цяпло душы, сардэц гаворкі,
Якую нельга не спрыняць.
Яны з адкрытаю душою,
З любоўю крочаць па жыцці,
Памогуць з рознаю бядою,
Падкажуць, як далей ісці.
І ты паціху ажываеш,
Падтрымку ўзяўшы,
цеплыню,
Зноў волю, сілу набіраеш,
Нібыта ўсё ўпершыню.
Жыццё зноў кружыць і віруе,
І ты віруеш разам з ім,
Няхай Хрыстос сяброў
ратуе,
Такіх надзейных, і другім.
Мне ўсё ў свеце даспадобы
Чатыры любыя пары,
Мае сябры —
вышэйшай пробы,
Яны сапраўдныя сябры!
Гэта былі незабыўныя вечары нашай маладосці. А якія навагоднія вечары ладзіліся ў нашай акадэміі! Факультэты былі падзелены па памяшканнях. Як памятаю, дык заафак, мехфак і бухфак заўсёды ладзілі свае вечары ў спартыўнай зале. Не памятаю такіх выпадкаў, каб на Новы год студэнты ехалі дамоў, яны, наадварот, запрашалі да сябе ў госці знаёмых і сваякоў з іншых інстытутаў. Менавіта тут праходзілі самыя вясёлыя святы, цякло самае бестурботнае жыццё і быў самы лепшы час нашага жыцця.
Я не толькі ўспамінаю акадэмію як сваю альма-матар, цаню і шаную яе за тыя веды, што яна мне дала. Але таксама стараюся раз альбо два на год наведаць яе, чымсьці дапамагчы свайму роднаму факультэту, пасядзець і пагутарыць са сваімі выкладчыкамі, якія вучылі жыццю і мяне, і майго малодшага сына Уладзіміра, які таксама скончыў зааінжынерны факультэт нашай акадэміі.
Нізкі паклон і павага вам, добрыя і мілыя выкладчыкі, за вашу працу, за ваш клопат!
Роздум
Мы ўсе ляцім,
кудысь спяшаем,
Шукаем грошай і дабра.
Бацькоў, сяброў
не заўважаем,
Нібыта іх ужо няма.
Няма калі нам любавацца
Прыродай роднай і ракой,
Хутчэй дадому б нам
дабрацца,
Махнуць знаёмаму рукой.
Няма калі вясці гаворку
Пра неўгамоннае жыццё,
Адведаць родную старонку,
Узяць старэнькае кассё.
Прайсціся ранкам па пакосах
І па духмяных мурагах.
Дзяцінства тут маё ў росах,
У сэрццы, блізкіх мне лугах.
Бурліць, кіпіць жыццё імкліва,
Ва ўсім і ўсюды мітусня,
І абыякавасці сіла
Нясе, як дзікага каня.
Я часам сам не маю сілы
Уцячы ад гэтай мітусні,
Праведаць родзічаў магілы,
Свайго дзяцінства карані.
На здымках: Рыгор БАБЧАНОК (справа) у час наведвання фермерскай гаспадаркі ў Германіі; На экзаменах у Горках; Вясёлае студэнцкае жыццё.
Былы студэнт Беларускай сельскагаспадарчай акадэміі, дырэктар саўгаса «Камуніст» Ельскага раёна Рыгор БАБЧАНОК.
Запісаў Аляксандр ШАЎКО, «БН»
Фота Анатоля СІЛІВЕРСТА і з архіва Рыгора БАБЧАНКА