Надзея Каткавец: Жанчына ў вёсцы павінна мець магчымасць і манікюр зрабіць, і цырульню наведаць
12.06.2012 09:38
—
Новости Экономики
Надзея Каткавец: Жанчына ў вёсцы павінна мець магчымасць і манікюр зрабіць, і цырульню наведаць
Пасаду дырэктара Дэпартамента Аграпрамысловага комплексу Еўразійскай эканамічнай камісіі Надзея Каткавец заняла паўтара месяца таму. "Звязда" распытала экс-намесніка міністра сельскай гаспадаркі Беларусі пра тое, чым займаецца новая міжнародная структура, якая выгада ад яе дзейнасці чакае нашу краіну і ці цяжка было пераарыентавацца з нацыянальных інтарэсаў на наднацыянальныя.
— Надзея Мікалаеўна, абывацелю сёння прыходзіцца прывыкаць да новых слоў і словазлучэнняў. Еўразійская эканамічная камісія — адно з такіх. Дэпартамент, дырэктарам якога вы з'яўляецеся, быў створаны зусім нядаўна....
— Ён знаходзіцца яшчэ ў працэсе стварэння. Мы пакуль набралі 13 чалавек, а з 1 ліпеня і да канца года набяром яшчэ чалавек 9. Набіраем згодна з квотамі аб'ёму фінансавання кожнай краіны-ўдзельніцы — такі прынцып закладзены ў кадравы склад усёй Еўразійскай эканамічнай камісіі. Пры гэтым ніводны супрацоўнік Камісіі не мае права лабіраваць інтарэсы сваёй краіны. Мы павінны працаваць аднолькава для трох краін. Таму гэта не сумесны, а НАДнацыянальны орган.
Мы вырашаем пытанні аграпрамысловай палітыкі, тыя, якія знаходзяцца ў кампетэнцыі члена калегіі (міністра) па прамысловасці і аграпрамысловым комплексе Сяргея Сідорскага. Апошнія два гады я ўдзельнічала ў складзе працоўнай групы ад Рэспублікі Беларусь у выпрацоўцы пагаднення ў рамках Адзінай эканамічнай прасторы. Працавала ў групе па санітарных, фітасанітарных і ветэрынарных мерах, аграпрамысловай палітыцы. Міма нас не праходзілі пытанні мытнага кантролю, валютнага рэгулявання і іншыя.
— Вам даводзіцца адначасова і штат набіраць, і вырашаць ужо пастаўленыя задачы?
— Так. Але мне вельмі лёгка было ўнікнуць у задачы, якія стаяць перад дэпартаментам, бо яны выцякаюць з задач Мытнага саюза і ўжо прынятага пагаднення ў рамках Адзінай эканамічнай прасторы. Наш дэпартамент зараз адсочвае выкананне ўмоў пагаднення аб дзяржаўнай падтрымцы сельскай гаспадаркі, якое было прынята ў снежні 2010 года. Калі нейкая дзяржава не будзе выконваць пагадненне, то спрэчныя пытанні могуць выходзіць у тым ліку і на Суд Еўразійскай эканамічнай камісіі.
Наступны вельмі патрэбны і маштабны дакумент — пагадненне пра ўзгодненую аграпрамысловую палітыку. Аграпрамысловая палітыка — гэта не толькі вытворчасць і баланс попыту і прапановы. Мы павінны ў першую чаргу ўлічваць унутраныя рэсурсы краін-удзельніц для таго, каб потым рэгуляваць пытанні экспарту, імпарту, цэнавай, мытнай палітыкі, страхавання, навучання, кадраў, удзелу навукі... Гэта будзе аб'ёмны інтэграцыйны дакумент.
Зараз мы ствараем кансультатыўныя камітэты з прадстаўнікоў дзяржаўных органаў, аграпрамысловых саюзаў і бізнэсменаў усіх трох краін, якія будуць жорсткімі рэцэнзентамі таго дакумента, які мы распрацуем у Еўразійскай эканамічнай камісіі сіламі супрацоўнікаў дэпартамента.
Таму мы стараемся набіраць людзей кампетэнтных, якім не трэба было б "разжоўваць" і штодня ставіць задачу. Працаваць у наднацыянальнай структуры, асабліва падчас яе фарміравання, — вялікая адказнасць. Менавіта з гэтага пункту гледжання мы праводзім конкурсы на замяшчэнне вакантных пасад.
— Якім чынам вы адсочваеце выкананне пагаднення аб дзяржаўнай падтрымцы сельскай гаспадаркі?
— Мы ўжо распрацавалі формы і палажэнні пра тое, якія паказчыкі, у якім фармаце і з якой перыядычнасцю краіны будуць нам прадстаўляць з тым, каб мы змаглі прааналізаваць стан спраў.
На падставе гэтых паказчыкаў мы будзем рабіць заключэнні — выконваецца або не выконваецца пагадненне. Калі не выконваюцца, то па якіх прычынах? За невыкананне пагаднення краінамі, якія ўзялі на сябе абавязацельствы, прадугледжаны вельмі сур'ёзныя штрафныя санкцыі.
— Наколькі складана захаваць баланс інтарэсаў усіх трох краін?
— Складана, але магчыма. Мы вывучалі работу аналагічнай структуры ў ЕС. У дэпартаменце, які там вядзе аграпрамысловую палітыку, працуе больш за 1000 чалавек.
Яны адсочваюць паказчыкі ў разрэзе краін, прадуктаў, асобных кірункаў — напрыклад, малако, малочная прадукцыя, цукар, мяса, мясная прадукцыя, кармавыя, тэхнічныя культуры, плады, гародніна і г.д. Ва ўсім гэтым захоўваецца баланс, і ў першую чаргу выкарыстоўваецца патэнцыял краін-удзельніц, а ўжо потым даецца магчымасць зарабіць іншым.
Сучасныя гандлёвыя працэсы спыніць немагчыма, тым не менш, калі Беларусь мае перавытворчасць малака і малочных прадуктаў для свайго ўнутранага рынку, яна, безумоўна, у першую чаргу прапануе гэтыя прадукты Расіі і Казахстану. І тут важна ўлічыць як інтарэсы таго, хто прадае, так і інтарэсы таго, хто купляе...
— Наколькі тут патрэбны меры наднацыянальнага рэгулявання?
— Справа ў тым, што пры падзенні рынкавай цаны на сыравіну, на жаль, рознічныя цэны не змяншаюцца, але вельмі неабароненым аказваецца сельгасвытворца, які выконвае самую цяжкую працу.
Паглядзіце, што адбываецца, на прыкладзе расійскага і казахскага імпарту малочнай прадукцыі. Расія і Казахстан закупляюць сухое малако і сметанковае блочнае масла ў якасці сыравіны для далейшай перапрацоўкі. Безумоўна, яны зацікаўленыя ў тым, каб купіць таннейшае. Аднак, для кашалькоў насельніцтва будзе аднолькава, за 15 рублёў малаказаводы купляюць малочную сыравіну або ніжэй за 10, бо ў краме літр малака, сыркі і фасаванае замарожанае масла застануцца па той цане, якая склалася. Прыбытак у выніку падзення цаны на сыравіну забіраюць перапрацоўшчыкі і рознічны гандаль. І чым ніжэйшая цана на сыравіну, тым большы прыбытак у гэтых прамежкавых рынкавых звёнах застаецца, і тым менш атрымлівае за сваю працу селянін.
Вытрымаць экспартную і імпартную цану ў пэўных межах важна як для экспарцёра, так і для імпарцёра, бо нізкія цэны на сыравіну выклікаюць падзенне вытворчасці, а значыць, у далейшым — усплёск цэн. Мы ўжо неаднаразова перажывалі падобныя цэнавыя сінусоіды, у выніку якіх рэзка скарачалася пагалоўе кароў, бо было эканамічна немэтазгодна займацца вытворчасцю малака як сыравіны. Малако — гэта той прадукт, які трэба выкарыстаць або перапрацаваць у дзень яго вытворчасці, таму попыт на яго павінен быць адладжаны.
Вось чаму ўсе гэтыя пытанні наднацыянальныя і патрабуюць сур'ёзнага кантролю. Еўрапейскі саюз таксама рэгулюе гэтыя пытанні, нягледзячы на тое, што рынак там лічыцца лібералізаваным. Звонку можа падацца, што там сапраўды ўсе працэсы рэгулюе рынак, аднак насамрэч па кожным відзе прадукту складаецца вельмі сур'ёзны баланс попыту і прапановы і кожная краіна бачыць — колькі, у каго і па якой цане будзе куплены той або іншы прадукт.
— Колькі часу вам спатрэбіцца, каб выпрацаваць праект пагаднення пра ўзгодненую аграпрамысловую палітыку?
— Некалькі месяцаў. Над пагадненнем аб дзяржаўнай падтрымцы сельскай гаспадаркі мы працавалі каля года. Новы дакумент значна больш шырокі. Пасля таго, як мы гэтае пагадненне распрацуем, яго будуць разглядаць кансультатыўныя камітэты, урады краін, і, у рэшце рэшт, кіраўнікі дзяржаў. Узгодненая аграпрамысловая палітыка вельмі важна для ўзгаднення дзеянняў і ў іншых кірунках у рамках Мытнага саюза. Акрамя самога пагаднення, спатрэбіцца шмат дакументаў у падтрымку: асобна па падатках, па кадрах, па страхаванні...
— Наколькі сельскагаспадарчая вытворчасць Расіі, Казахстана і Беларусі можа дапаўняць адна адну або канфліктаваць паміж сабой?
— Калі мы будзем улічваць прыярытэтныя і традыцыйныя кірункі развіцця кожнай краіны, то канфліктаў не павінна ўзнікнуць. Адзіная эканамічная прастора будзе толькі на карысць. Пра малако я ўжо прывяла прыклад. Якую канкурэнцыю нам, скажам, можа скласці расійская аленегадоўля? Ніякай, бо ў Беларусі не вырошчваюць аленяў.
Альбо, скажам, у Казахстане нацыянальная страва — бешбармак, які гатуецца з высакаякаснай каніны. Таму Еўразійская эканамічная камісія будзе ўлічваць інтарэс Казахстана ў развіцці конегадоўлі, і наўрад ці гэта выкліча незадавальненне з боку беларускіх конефермаў, бо нашы коні вырошчваюцца зусім для іншых мэт.
Еўразійская эканамічная камісія павінна ўлічыць усе адпраўныя кропкі ўзроўню развіцця сельгасвытворчасці і сельгасперапрацоўкі, нацыянальныя прыярытэты. Кожны ўрад мае свае напрацаваныя праграмы. Ніхто ж не чакаў, пакуль будзе створана Еўразійская эканамічная камісія, якая дасць гатовыя рэцэпты развіцця.
Я сама яшчэ нядаўна распрацоўвала такія праграмы ў якасці першага намесніка міністра сельскай гаспадаркі Беларусі, пачынаючы з нашай агульнай праграмы развіцця сельскіх тэрыторый і заканчваючы праграмамі па асобных кірунках: тэхнічныя культуры, насенне, племянная і мясная жывёлагадоўлі, птушкагадоўля, малако, лён і іншыя.
— Усе гэтыя праграмы будуць улічвацца ў новым пагадненні?
— Безумоўна, таму палітыка і называецца — не "адзіная", а "ўзгодненая". Кожная краіна будзе разумець, чым займаецца Беларусь, Расія і Казахстан у кожным кірунку. Складваючы патэнцыял усіх трох краін, будуць прымацца такія рашэнні, якія забяспечаць спажыванне ўнутры АЭП і дазволяць выступіць адзіным магутным пастаўшчыком сельгаспрадуктаў на сусветныя рынкі.
Чаму мы сёння кажам пра тое, што "Фантэра" (Новазеландская кампанія. — Аўт.) правяла таргі і абваліла цану на сухое малако? Мы павінны стварыць "Антыфантэру" ў рамках Мытнага саюза, прычым не важна, на пляцоўцы якой гандлёвай біржы — Беларускай, Расійскай або Казахскай. Калі мы будзем выступаць разам і пэўнага прадукту будзе шмат, то таксама зможам усталёўваць сусветныя цэны. Мы абавязкова павінны да гэтага прыйсці.
— Як зменіцца беларуская вёска ў выніку дзейнасці АЭП?
— Не трэба звязваць змены ў беларускай вёсцы з Мытным саюзам і АЭП. Мне вельмі хацелася б, каб вёска жыла і развівалася, каб туды прыходзіла цывілізацыя, гарадскія ўмовы жыцця, але гэта мала звязана з тым, што робіць зараз дэпартамент, які я ўзначальваю ў Маскве.
У вёсцы павінны злучацца ўсе гарадскія выгоды і ўсё вясковае хараство. Каб не трэба было паліць печ, займацца цяжкай фізічнай працай, але можна было пахадзіць басанож па газоннай траўцы, паесці свежай пятрушкі і падыхаць чыстым паветрам... Жанчына ў вёсцы павінна мець магчымасць і манікюр зрабіць, і цырульню наведаць... А не быць толькі, прабачце за параўнанне, "ламавіком". Яна сёння, на жаль, часта павінна аддаіць групу кароў на ферме, дома ўправіцца з хатняй гаспадаркай, гектар прысядзібнага ўчастка зямлі прапалоць. Акрамя таго, хату прыбраць, памыць, есці прыгатаваць...
Вёска павінна быць прыгожай і прывабнай, і гэта залежыць ад аб'ектыўных і суб'ектыўных фактараў развіцця арганізацый, на тэрыторыі якіх яна знаходзіцца. З іншага боку, ад таго, якія людзі жывуць у вёсцы, залежыць будучае гэтых арганізацый. Паглядзіце, колькі ў нас цудоўных вёсак на Беларусі! Астрамечава, Моталь, Гарадзец, Александрыя... Прыязджай і жыві! І ніхто адтуль з'язджаць не жадае. Такія вёскі былі і ёсць незалежна ад наяўнасці Еўразійскай эканамічнай камісіі, Мытнага саюза альбо АЭП.
— Як адлюструецца ўступленне Расіі ў Сусветную гандлёвую арганізацыю на аграпрамысловым комплексе Беларусі і якая тут можа быць роля вашага дэпартамента?
— Уступленне Расіі ў СГА можа выклікаць падзенне цаны на прадукцыю беларускіх прадпрыемстваў-экспарцёраў. Але наша задача якраз і заключаецца ў тым, каб у рамках Мытнага саюза на тэрыторыі трох краін дакупалася тое, чаго не хапае ва ўсіх трох. Калі мы разбяромся з балансам "тройкі", то пытанне негатыўных наступстваў уступлення Расіі ў СГА будзе зменшана, а разглядаць трэба як негатыўныя наступствы, так і пазітыўныя.
Хачу нагадаць, што нашы экспарцёры ўжо працавалі ў розных умовах. Было такое, што рэнтабельнасць вырабу сметанковага масла падала да мінус 40%, а потым павышалася да плюс 40%. Гэты вопыт паказвае, што выхад са складанай сітуацыі, калі добра падумаць, заўсёды будзе знойдзены.
Расія ўступае ў СГА, значыць, яна ў першую чаргу будзе імкнуцца выконваць тыя абавязацельствы, якія ўскладае на сябе ў рамках СГА. Але пагадненні, якія будуць прымацца ў рамках Еўразійскай эканамічнай камісіі, у тым ліку па аграпрамысловай палітыцы, ужо павінны ўлічваць гэтыя абавязацельствы Расіі.
— Як часта вы прыязджаеце ў Мінск?
— Кожны тыдзень.
— Па службовых абавязках?
— Не. Дадому...