Да муз у госці — эканоміка

Источник материала:  

На два дні Маладзечна ператварылася ў міжнародны цэнтр прыцягнення: тут адначасова праходзілі дзве знакавыя падзеі – Першы Беларуска-Літоўскі форум рэгіянальнага супрацоўніцтва і ХІІ Нацыянальны фестываль беларускай песні і паэзіі.

Прывітальнае слова ад імя Прэзідэнта краіны ў адрас удзельнікаў фестывалю зачытаў са сцэны амфітэатра Прэм'ер-міністр Рэспублікі Беларусь Міхаіл Мясніковіч. Свята беларускай песні і паэзіі вырашана зрабіць штогадовым – да велізарнай радасці не толькі маладзечанцаў, але і ўсіх прыхільнікаў нацыянальнай культуры. А эканамічны форум у наступным годзе плануе прыняць Літва.

— Беларускую культуру трэба ведаць і прапагандаваць, — адзначыў старшыня Мінскага аблвыканкама Барыс Батура. — У Мінскай вобласці традыцыйна праходзіць вялікая колькасць культурных падзей: толькі што скончыўся фестываль “Музы Нясвіжа”, у хуткім часе адбудзецца ўрачыстае адкрыццё абноўленага Няс-віжскага замка з удзелам кіраўніка дзяржавы. Вялікае значэнне мае і праект па слуцкіх паясах, якім мы займаемся сумесна з Кіраўніцтвам справамі Прэзідэнта. Сёлетні фестываль беларускай песні і паэзіі афіцыйна прымеркаваны да 130-годдзя вялікіх паэтаў Янкі Купалы і Якуба Коласа.

Свята нацыянальнай культуры ў гэтым годзе праходзіла адначасова са значным эканамічным праектам — Першым Беларуска-Літоўскім форумам рэгіянальнага супрацоўніцтва. На ім было вялікае прадстаўніцтва з Літвы, прыбылі прадстаўнікі практычна ўсіх гарадоў. І, вядома ж, бізнес-эліта, дэпутаты сойма. Лічу, што такія мерапрыемствы трэба праводзіць часцей.

Сябруем рэгіёнамі

Член сойма Літвы Ёнас Ягмінас расказаў карэспандэнту “НГ”, што знаходзіцца пад вялікім уражаннем як ад усёй Беларусі, так і ад Маладзечна. Аказалася, што, акрамя бізнесу, палітык жыва цікавіцца культурай нашай краіны. Тым больш што вучыўся ў свой час у Беларусі, а дысертацыю абараняў у Жодзіна, у інстытуце земляробства.

Гедымінас Рэйніс, выконваючы абавязкі кіраўніка канфедэрацыі прамыслоўцаў Літвы, ўпэўнены ў тым, што разам з міжнароднымі форумамі патрэбны і асобныя сустрэчы на ўзроўні рэгіёнаў, з канкрэтнымі прапановамі ад абодвух бакоў. Першы форум у Маладзечне, па яго словах, добры працяг дынамічных адносін. У яго рабоце прынялі ўдзел больш за 200 чалавек, прычым каля 120 — прадстаўнікі муніцыпалітэтаў розных рэгіёнаў Літвы і бізнесмены. Яркай рэмаркай, якая сведчыць аб сур’ёзнасці намераў літоўскага боку, падкрэсліў Гедымінас Рэйніс, з’яўляецца і той факт, што разам з дэлегацыямі ў Маладзечна прыбылі прадстаўнікі міжнародных адвакацкіх кантор. Яны ўжо ў гэтым годзе будуць адкрываць свае прадстаўніцтвы ў Мінску.

— Ёсць такая прыкмета — раз пайшлі адвакаты, значыць, пайшоў і сур’ёзны бізнес, таму што пры нармальным развіцці дзелавых адносін узнікае вялікая неабходнасць у камерцыйным праве, — адзначыў Гедымінас Рэйніс. — Паміж нашымі краінамі добра і прадуктыўна развіваюцца сувязі. Гэта і культура, і сфера паслуг, і інвестыцыйныя праекты. Зразумела, харчовая прамысловасць, дрэваапрацоўка. На форуме сур’ёзна абмяркоўваліся праекты, звязаныя з экалагічным турызмам. У прыватнасці, ёсць прадстаўнікі турыстычных фірм, якія разам з арганізацыяй тураў для замежнікаў у Літву на некалькі дзён прывозяць турыстаў і на тэрыторыю Беларусі. Паколькі Беларусь і Літва — транзітныя краіны, надаём вялікую ўвагу лагістычным праектам. Асабліва радуе, што развіваецца супрацоўніцтва паміж дробнымі і сярэднімі прадпрымальнікамі дзвюх краін. У прыватнасці, мы налічваем больш за 500 прадпрыемстваў у Беларусі, якія ў большай ці меншай ступені маюць долю літоўскага капіталу.

На людзей паглядзець і сябе паказаць

Зрэшты, для радавых маладзечанцаў эканамічны форум адзначыўся хіба што наплывам вялікай колькасці іншаземцаў. Усё ж не менш важная падзея выхадных — фестываль беларускай песні і паэзіі. Тым больш што на самай справе было што паглядзець: тэатральныя спектаклі, джазавыя канцэрты, конкурс маладых выканаўцаў. А славутага Міхаіла Фінберга жыхары горада наогул лічаць ледзь не сваяком.

— Фестываль — значная і вельмі маштабная падзея ў жыцці краіны — адзначыў маэстра. — У конкурсе маладых выканаўцаў эстраднай песні спевакі з самых розных куткоў нашай краіны спяваюць менавіта беларускія песні з аркестрам. Сёння гэта ўжо стала рэдкай з’явай, бо ўсе пяюць пад фанаграму. Як мастацкі кіраўнік конкурсу, я задаволены вынікамі. Прайшоў выдатны канцэрт. І, дарэчы, вельмі шкада, што яго не здымала тэлебачанне. Хоць, на мой погляд, такім чынам можна было б дапамагчы маладым выканаўцам “выйсці ў свет”. І гэта была б самая лепшая прапаганда беларускай культуры. Тым не менш сёння мы атрымалі новых таленавітых выканаўцаў, якія будуць і далей прадстаўляць нашу краіну на розных конкурсах.  Асабліва адзначу пераможцу — таленавітую дзяўчыну Дар’ю Шульгіну з Гродна.

Каб слова адазвалася...

Яшчэ адна яркая старонка фестывалю — паэтычная. У прасторным унутраным двары Маладзечанскага музычнага каледжа беларускія паэты сабралі на чытанні шмат аматараў вершаванага слова.

— У нас ёсць выключна багатая паэзія, — разважае галоўны рэдактар часопіса “Маладосць” Таццяна Сівец. — На жаль, наша паўсядзённае жыццё запоўніла так званая “папса”: песні пішуць кампазітары, якія не ведаюць нот, а вершы — людзі, якія маюць вельмі слабае ўяўленне пра рыфму. Я параіла б нашым эстрадным выканаўцам больш увагі надаваць вершам класікаў. У Маладзечне можна ўбачыць, што ў людзей ёсць вялікая патрэба чуць родную мову.

Значнымі падзеямі фестывалю сталі і рок-опера “Курган” Ігара Лучанка па матывах паэмы Янкі Купалы, прэзентацыя новых выданняў, прысвечаных песнярам беларускай зямлі, канцэрт акадэмічнай і джазавай музыкі з удзелам Нацыянальнага акадэмічнага канцэртнага аркестра Беларусі пад кіраў-ніцтвам народнага артыста Беларусі прафесара Міхаіла Фінберга, і гала-канцэрт “Дзве яркія зоркі” гэтага заслужанага калектыву, прысвечаны беларускім песнярам.

Чарговая сустрэча з гасцінным Маладзечна — у чэрвені наступнага года.

←ВВП Беларуси за январь-май вырос на 3,1%

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика