Каментар тыдня. Чаму рубель узмацняецца, а цэны растуць
16.04.2012 11:50
—
Новости Экономики
Каментар тыдня. Чаму рубель узмацняецца, а цэны растуць
Чаму цэны ў Беларусі хутка падвышаюцца, нягледзячы на ўзмаценне беларускага рубля? Чаму зніжаецца стаўка рэфінансавання і да чаго гэта прывядзе? На гэтыя і іншыя пытанні чытачоў tut.by у межах сумеснага праекту нашага парталу, Беларускага эканамічнага даследча-адукацыйнага цэнтру BEROC (Кіеў) і Даследчага цэнтру ІПМ адказвае дырэктар Даследчага цэнтру ІПМ Аляксандр Чубрык.
Вопрос от пользователя disturb-7: Объясните дурачку: рубль всё крепчает, а цены растут на 50-70 и даже 100%. Эта как??
Я б дадаў да гэтага пытання яшчэ “і што з гэтага атрымаецца?”.
Хачу адзначыць, што маё ўласнае адчуванне інфляцыі таксама не зусім супадае з афіцыйнымі лічбамі. Напрыклад, уласна мне афіцыйная сакавіцкая інфляцыя – 1,5% – падалася трохі замалой. Магчыма, менавіта для такіх, як мы з Вамі, Белстат нядаўна патлумачыў, што так званая асабістая інфляцыя можа быць большай ці меншай за афіцыйныя лічбы, бо ў кожнага з нас структура спажывання адрозніваецца ад сярэдняй па краіне. А калі параўнаць сакавіцкае ўмацаванне рубля не з 50-70, а з 1,5% інфляцыі, яно ўжо выглядае не настолькі неверагодным.
З іншага боку, для мяне дзіўна чуць пра тавары, цэны на якія растуць на 50-70-100%. Калі паглядзець статыстыку па асноўных таварных групах і параўнаць сенняшнія цэны з цэнамі, якія былі напачатаку года, такіх лічбаў не атрымаецца: тут нават паводле суб’ектыўнага ўспрымання інфляцыя была нашмат меншай. Нават калі на асобныя тавары ці паслугі цэны сапраўды раслі такімі тэмпамі, то, хутчэй за ўсё, гаворка ідзе пра тыя цэны, якія раней падвысіліся менш за астатнія, і таму іх падвышэнне выглядае цалкам натуральна.
Калі параўноўваць цэны не з пачаткам года, а з аналагічным месяцам мінулага года, сапраўды атрымліваецца інфляцыя каля 100% (напрыклад 106,5% за сакавік 2012 года да сакавіка 2011 года), інфляцыя ўсе роўна “недацягвае” да ўзроўню дэвальвацыі за гэты ж перыяд, і, такім чынам, узмацненне курса ізноў не выглядае неверагодным.
У той жа час ўзмацненне рубля пры даволі высокай інфляцыі (сапраўды, наш гонар – 1,5% за месяц – нармальная гадавая інфляцыя ў краінах Заходняй Еўропы) – гэта рэальная праблема. Мяркуйце самі: калі нашая інфляцыя вышэйшая за інфляцыю ў суседніх краінах, а рубель “стаіць” ці ўзмацняецца, то імпарт пачынае выглядаць больш прывабным, а кошт нашых тавараў, памераны ў замежнай валюце, падвышаецца, што дрэнна ўплывае на іх канкурэнтаздольнасць. Усе гэта – вынік так званага рэальнага ўзмацнення нацыянальнай валюты, якое мы назіраем зараз. Без ўмяшальніцтва ў курсаўтварэнне рубель будзе пакрысе абясцэньвацца, калі гэтага запатрабуе сітуацыя ў вонкавым гандлі.
Ды вось праблема: зараз, калі стабільнасьць валютнага рынка ў вялікай ступені трымаецца на спекулятыўна высокіх стаўках па дэпазітах, кожная больш-менш значная дэвальвацыя можа справакаваць новыя дэвальвацыйныя чаканьні і адцёк грошай з рублёвых дэпазітаў на валютны рынак. Гэта, вядома, паскорыць далейшую дэвальвацыю ды справакуе яшчэ большыя ўцёкі з рублёў. Штучнае запавольненне абясцэньвання беларускага рубля прывядзе да страты золатавалютных рэзерваў, якая хутка стане відавочнай і падштурхне ўладальнікаў рублёвых дэпазітаў да лёгкай панікі. Вось і атрымліваецца замкнёнае кола: ці дэвальвуй ці не – вынік адзіны.
Выйсце, відавочна, ёсць. Па-першае, інфляцыя мусіць быць нашмат меншай, каб у насельніцтва не было памкнення забіраць грошы з банкаў. Па-другое, нельга штучна спрыяць росту ўнутранага попыту, бо праз яго расце попыт на імпарт і адначасова знікаюць стымулы да экспарту, рост якога з'яўляецца асноўным чыннікам захавання стабільнасці на валютным рынку. Але ўсё гэта патрабуе жорсткай грашовай і бюджэтнай палітыкі разам з актывізацыяй структурных рэформаў. Ці магчымае такое развіццё падзеяў – пабачым у хуткім часе.
Вопрос от пользователя pahan-brest-2003. Добрый день! Из макроэкономической теории следует, что ставка рефинансирования приблизительно равна уровню инфляции. В последнее время наблюдается ее снижение при учете, что НБ РБ выпускает в оборот денежную купюру номиналом 200 000. Прошу объяснить данное противоречие. Не будет ли бегства на фоне снижения ставок по депозитам из рублевой массы в валютную?
Гаротныя беларусы перажылі ўжо дзве дэнамінацыі – і маюць пра іх кепскія ўспаміны. Тым часам украінцы, палякі, азербайджанцы ды іншыя таксама праходзілі праз гэта. Але пасля дэнамінацыяў у гэтых краінах не было такой інфляцыі, як у нас пасля нашых. Да чаго гэта я? А вось да чаго: у Азербайджане з сярэднім заробкам, блізкім да нашага, найбольшая купюра прыкладна роўная 100 еўра. У нас – менш за 20 еўра. То бок нам можна ўвесці купюру 1 ці нават 5 мільёнаў – і інфляцыя ад гэтага факту большай не зробіцца. Галоўнае, каб пасля Нацбанк не друкаваў грошы, як шалёны. Таму купюра ў 200 000 да тэмы не адносіцца, ці адносіцца вельмі ўскосна – як сведчаньне былой мяккай палітыкі грашовых уладаў, вынікі якой мы назіралі ў 2011 годзе.
Другі момант: стаўку рэфінансавання больш правільна параўноўваць з чаканай інфляцыяй. Інфляцыя зараз (106,5% сакавік 2012 году да сакавіка 2011 году) нашмат большая за стаўку рэфінансавання (36%) – але гэта не робіць пазыкі пад такую стаўку прывабнымі, а дэпазіты – нявыгаднымі. А вось фактар стабільнага валютнага курсу разам з памяркоўнымі чаканнямі наконт інфляцыі за год (каля 20–25% снежань да снежня) робяць рублёвыя ўклады прывабнымі, а крэдыты – не вельмі. Я б паставіў пытанне іншым чынам: што будзе, калі ў сучасных умовах захаваць стаўкі на такім узроўні? Людзі будуць класці на дэпазіты рублі, а прадпрыемствы будуць аддаваць перавагу валютным крэдытам з ніжэйшымі стаўкамі. Але калі ніхто не зацікаўлены ў рублёвых крэдытах, як банкі будуць зарабляць на тое, каб сплочваць высокія адсоткі па рублёвых дэпазітах? Да таго ж, калі попыт на валютныя крэдыты падвысіцца – ён выльецца на той самы валютны рынак і будзе штурхаць рубель уніз, а з ім – і попыт на рублёвыя дэпазіты. Вось і атрымліваецца, што доўга ўтрымліваць стаўкі настолькі высокімі – гэта адно карміць усялякага кшталту “спекулянтаў”.
Відавочна, ізноў усё залежыць ад дзеянняў эканамічных уладаў. Друкуем грошы разам з памяншэннем ставак – маем інфляцыю, ціск на валютны курс/дэвальвацыю і адцёк грошай з рублёвых укладаў. Зніжаем стаўкі разам з жорсткай грашовай палітыкай (у іншых яе аспектах) – таксама маем у рэшце рэшт адцёк спекулятыўнай часткі ўкладаў, які па меры аднаўлення даверу да нацыянальнай валюты кампенсуецца новымі ўкладамі. Таму – сачыце за дынамікай грашовай масы. Яна гаворыць пра бягучую грашовую палітыку больш, чым намінал найбольшай купюры.
Экономисты ждут ваших каверзных вопросов!
Комментарий недели. Какой зарплаты достойны белорусы?>>>
Экономисты ждут ваших каверзных вопросов!
Комментарий недели. Кто на самом деле оплачивает социальные льготы>>>
Комментарий недели. Какой зарплаты достойны белорусы?>>>