Ці сустрэне эканоміка Беларусі ў 2012 годзе тыграў у джунглях?

Источник материала:  

Перспектывы развіцця краіны ў 2012 годзе абмеркавалі прадстаўнікі дзяржорганаў, бізнэсу і незалежныя эксперты на апошнім пасяджэнні Рэспубліканскага клуба дырэктараў, якое адбылося дзякуючы Бізнэс-саюзу прадпрымальнікаў і наймальнікаў імя М. С. Куняўскага. У прыватнасці, сваімі прагнозамі на 2012 год і аналізам сітуацыі мінулага года з прысутнымі падзяліліся Віктар ПІНІГІН, намеснік дырэктара НДЭІ Мінэканомікі, Мікалай ЛУЗГІН, першы намеснік старшыні праўлення Нацбанка і Дзмітрый КРУК, эксперт Беларускага эканамічнага даследча-адукацыйнага цэнтру (BЕRОС).

У прагнозе на 2012 год зроблены акцэнт на якасны рост

Віктар Пінігін расказаў, што распрацоўка прагнозу сацыяльна-эканамічнага развіцця на 2012 год праходзіла ў дастаткова складаных умовах няпэўнасці, таму прагнозныя паказчыкі (напрыклад, па росце ВУП) мяняліся ад 9-10% да адмоўных велічынь. Такая няпэўнасць была выклікана тым, што яшчэ ў сярэдзіне года не было вырашана, як будзе мяняцца абменны курс, ці будзе пераход на адзіны курс і г. д. У выніку 23 снежня Прэзідэнт падпісаў Указ "Аб важнейшых параметрах прагнозу сацыяльна-эканамічнага развіцця Рэспублікі Беларусь на 2012 год", дзе рост ВУП запланаваны на узроўні 5-5,5%:

— Гэта значыць, што, у прынцыпе, унутраны попыт вырасце, але не моцна, — лічыць Віктар Пінігін. — Рост экспарту будзе недзе 1,3-1,5 млрд долараў. Аднак гэта не дазваляе ліквідаваць дэфіцыт бягучага рахунку плацежнага балансу, бо ён фарміруецца і за кошт іншых велічынь.

Віктар Уладзіміравіч падкрэсліў, што ў прагнозе на 2012 год зроблены акцэнт на якасны рост: калі паглядзець на паказчыкі прагнозу, то яны з'яўляюцца ў асноўным якаснымі. Гэта рэнтабельнасць, матэрыялаёмістасць, энергаёмістасць і г. д. Таксама меркавалася сёлета адысці ад дырэктыўнага давядзення паказчыкаў, але, на жаль, пакуль яно застаецца:

— У развіццё ўказа прынята пастанова Саўміна, дзе размяркоўваюцца заданні. Хаця, у прынцыпе, гаворка ішла пра тое, каб наогул ніякіх заданняў для міністэрстваў не даводзіць. Але перайсці да індыкатыўнага планавання і прагназавання, адмовіцца ад дырэктыўных рэчаў, я лічу, пакуль яшчэ не атрымалася. І тэндэнцыі, звязаныя з дырэктыўным плаваннем, застаюцца, — сказаў Віктар Пінігін.

Дарэчы, Віктар Уладзіміравіч паскардзіўся, што і самі міністэрствы часта падыходзяць да планавання па інерцыі: некаторыя па-ранейшаму спадзяюцца, што дапамога ад дзяржавы будзе паступаць у тым жа аб'ёме, што і да крызісу:

— Напрыклад, Міністэрства сельскай гаспадаркі і харчавання лічыць, што ў любым выпадку дзяржава будзе дапамагаць галіне ў тым жа аб'ёме, як і раней. Хаця была ўстаноўка — зніжэнне субсідый, якія атрымлівае сельская гаспадарка, прыкладна ў два разы. Тое самае і па прамысловасці, па іншых галінах...

Пры гэтым намеснік дырэктара Навукова-даследчага эканамічнага інстытута Мінэканомікі паведаміў, што зацверджаны прагноз па росце ВУП ніжэйшы за тыя паказчыкі, якія давалі галіновыя міністэрствы і канцэрны. І, па яго меркаванні, паказчыкі, зацверджаныя указам Прэзідэнта, могуць быць выкананы:

— Паказчыкі цалкам выканальныя і могуць быць рэалізаваныя, хаця для гэтага павінны быць пэўныя, у тым ліку і знешнеэканамічныя, перадумовы. Мы ведаем, што сёння сітуацыя, якая складваецца ў сусветнай эканоміцы, нясе пэўныя пагрозы чарговага крызісу. І асноўныя партнёры — а сёння ў нас экспарт перамясціўся ў ЕС — падвержаны гэтаму крызісу ў першую чаргу. Іх цяжкасці могуць перанесціся і на нашу рэспубліку, — сказаў Віктар Пінігін.

Дэвальвацыя ў 2012 годзе будзе каля 5,5 працэнта?

— Што тычыцца ўзроўню інфляцыі, то ён у параметрах прагнозу сацыяльна-эканамічнага развіцця не прапісаны, але вы усе ведаеце, што ён павінен складаць 19-22%. Гэтая лічба ў большай ступені дырэктыўная, гэта арыенцір для таго ж Нацбанка, які ажыццяўляе крэдытна-грашовую палітыку, для таго, каб крэдытная эмісія і астатнія паказчыкі арыентаваліся на гэтую інфляцыю. Але, тым не менш, намі распрацаваны адпаведны план дзеянняў па дасягненні гэтых паказчыкаў — ён утрымлівае пытанні, якія адносяцца да крэдытна-грашовай палітыкі, да рэальнага сектара (скарачэнне выдаткаў, абмежаванне тэмпаў росту зарплаты і г. д.), ён закранае тыя планавыя павышэнні індэксаў цэн, якія ажыццяўляе Мінэканомікі па рэгулюемых тарыфах і цэнах, — кажа Віктар Пінігін.

Пры гэтым ён дадаў, што гэты план складзены паквартальна, а ўклад цэн, якія рэгулююцца Мінэканомікі, у плануемы паказчык інфляцыі на 2012 год складзе недзе каля паловы. Дарэчы, Віктар Уладзіміравіч лічыць, што гадавы паказчык інфляцыі ў акрэсленым памеры ў 19-22% цалкам выканальны:

— Я магу сказаць, што гэтая лічба рэальная: мы зыходзім з таго, што асноўным фактарам інфляцыі ў Беларусі заўсёды з'яўлялася змяненне курсу нацыянальнай валюты. У адпаведнасці з прагнозамі, якія мы зрабілі, у якасці якара будзе выступаць стабілізацыя нацыянальнай валюты. Мы плануем, што да канца года курс павінен скласці каля 9 тысяч рублёў за долар. Такім чынам, дэвальвацыя спрагназавана ў памеры каля 5,5%, а інфляцыя — у памеры 19-22%. Як бачым, дэвальвацыя будзе больш нізкая і яна будзе стабілізаваць цэны на беларускім рынку. Вядома, сітуацыя правакуецца тым, што вельмі высокія інфляцыйныя чаканні, і вытворцы і іншыя ўдзельнікі рынку закладваюць больш высокія цэны ў будучую прадукцыю, чым гэта патрэбна...

А вось на думку Мікалая Лузгіна, валютны рынак — гэта толькі адлюстраванне тых праблем, якія існуюць у рэальным сектары эканомікі:

— Так, праблемы на валютным рынку былі, яны ў нейкай ступені яшчэ застаюцца, але карэнныя праблемы знаходзяцца не там. Валютны рынак — гэта ўжо адлюстраванне тых праблем, якія існуюць у рэальным сектары эканомікі. Перш за ўсё я маю на ўвазе нізкую канкурэнтаздольнасць нашай прадукцыі: яе высокую энергаёмістасць, матэрыялаёмістасць, імпартаёмістасць, што выліваецца ў высокі кошт, а ў выніку — у значнае адмоўнае сальда гандлёвага і плацежнага балансу, якое мы да нядаўняга часу закрывалі золатавалютнымі рэзервамі, — сказаў Мікалай Лузгін.

Калі ж вяртацца да прагнозу інфляцыі, то першы намеснік старшыні праўлення Нацбанка лічыць:

— Сёння з аднаго боку ў нас ёсць пэўная стабілізацыя ў знешнім гандлі, стабілізацыя на валютным і дэпазітным рынках, ёсць нават пэўнае ўмацаванне курсу беларускага рубля. Але па-ранейшаму засталіся інфляцыйныя чаканні. І ўсё гэта трэба ўлічваць у нашых дзеяннях у 2012 годзе.

Што тычыцца курсавой палітыкі, то ў прагнозах на 2012 год ніякія арыенціры не запісаны. Па словах Мікалая Лузгіна — гэта правільна:

— Расія доўгі час не ўстанаўлівае афіцыйныя паказчыкі змянення свайго курсу, і мы таксама да гэтага прыйшлі. Курсавая палітыка ў 2012 годзе будзе ажыццяўляцца ў рэжыме кіруемага плавання — пры неабходнасці мінімальныя інтэрвенцыі для згладжвання кан'юнктурных ваганняў попыту і прапановы, мінімальнае расходаванне на гэтыя мэты рэзерваў. А рэгуляванне курсу будзе адбывацца пры дапамозе ўсёй макраэканамічнай палітыкі.

Як сказаў прадстаўнік Нацбанка, на пачатак 2012 года кошт кошыка замежных валют склаў 2865,83 рубля. З 21 кастрычніка, калі быў зроблены выхад на адзіны курс, рубель умацаваўся на 6,3%, але з пачатку года дэвальвацыя да кошыка валют склала 171,7% (у 2,7 раза), да долара — 178% (амаль у 2,8 раза).

Мікалай Уладзіміравіч адзначыў, што пасля выхаду на адзіны курс аднавілася актыўнасць унутранага валютнага рынку: у прыватнасці, аб'ём здзелак за снежань 2011 года склаў каля 10 млрд долараў, што прыкладна роўна ўзроўню студзеня 2011 года. Таксама ён паведаміў, што, паводле інфармацыі за снежань, суб'екты гаспадарання і насельніцтва больш прадаюць валюты, чым купляюць:

— Тут адбіваецца і курсавая, і працэнтная палітыка: людзі зараз паступова прывыкаюць зноў да таго, што больш выгадна захоўваць рублёвыя дэпазіты, чым купляць замежную валюту. Скажам, у снежні насельніцтвам на чыстай аснове было прададзена праз абменныя пункты каля 77 млн долараў.

Такія працэсы звязаны з тым, што на працягу 2011 года неаднаразова павышалася стаўка рэфінансавання: за год яна вырасла з 10,5% да 45%. Адпаведна, раслі стаўкі і па дэпазітах у беларускіх рублях:

— Сярэдняя стаўка па новых тэрміновых дэпазітах у рублях у снежні была 53,6% гадавых. Таму ўкладчыкі ў нейкай ступені задаволены: некаторыя прадаюць валюту і кладуць рублёвыя ўклады (як правіла, на кароткія тэрміны), каб трохі зарабіць. У прынцыпе, гэта цалкам зразумелая сітуацыя, — лічыць Мікалай Лузгін, праўда, дадаўшы, што адначасова высокія працэнтныя стаўкі дрэнна адбіліся на тых, хто бярэ крэдыт. — Рост працэнтных ставак — гэта нармальныя паводзіны цэнтральнага банка ў такой сітуацыі, гэта адзін з рычагоў стабілізацыі сітуацыі на дэпазітным і валютным рынках.

Цікава, што ў 2012 годзе стаўка рэфінансавання будзе паступова зніжацца па меры захавання станоўчых тэндэнцый у эканоміцы і па меры зніжэння тэмпаў інфляцыі. Як паведаміў Мікалай Лузгін, у канцы 2012 года яна павінна скласці 20-23% — трохі вышэй за запланаваныя тэмпы інфляцыі.

Сітуацыя быццам стабілізавалася, але заспакойвацца рана

Расказаў прадстаўнік Нацыянальнага банка і пра міжнародныя рэзервовыя актывы — сёння сітуацыя з імі ў рэспубліцы палепшылася:

— У 2010 годзе ішло іх зніжэнне, і прыходзілася значныя сумы прадаваць, каб падтрымліваць стабільную сітуацыю на валютным рынку. У пачатку 2011 года ў нас міжнародныя золатавалютныя рэзервы за квартал знізіліся на 25%. Але на працягу 2011 года на валютным рынку сітуацыя выправілася, насельніцтва і суб'екты гаспадарання валюту прадаюць, паступілі грошы ад продажу другой часткі "Белтрангаза", было 2 траншы з Антыкрызіснага фонду ЕўрАзЭс, даў крэдыт Ашчадбанк Расіі. У выніку ў нас на пачатку бягучага года, па папярэдніх звестках, міжнародныя рэзервовыя актывы склалі больш за 7,9 млрд долараў (у міжнародным вызначэнні павялічыліся больш чым на 50%). Гэта станоўчы момант, які адыгрывае сваю ролю ў стабілізацыі сітуацыі на валютным рынку, бо вялікае значэнне маюць суб'ектыўныя фактары. Калі гульцы рынку бачаць, што рэзерваў у дзяржавы дастаткова, то яны паводзяць сябе больш спакойна, — сказаў Мікалай Лузгін, але дадаў, што расслабляцца не трэба, бо сітуацыя застаецца складанай, паколькі сёлета трэба здзяйсняць значныя плацяжы па знешніх пазыках.

Дарэчы, Дзмітрый Крук таксама лічыць, што заспакойвацца рана, пакуль не вырашаны структурныя праблемы ў эканоміцы:

— У нас у апошнія гады зніжаецца патэнцыйны тэмп росту. Калі ў 2003-2004 годзе, груба кажучы, урад мог нічога не рабіць і эканоміка пры іншых роўных умовах расла б на 8-10% за год, то ў 2011 годзе сітуацыя прынцыпова іншая: за кошт страт эфектыўнасці ў нас тэмп росту апусціўся істотна — ад 3 да 5%. І калі ставяцца задачы забяспечыць вялікія тэмпы росту, гэтага можна дасягнуць за кошт штучнага раскачвання, перагрэву эканомікі, за кошт цыклічных фактараў. І вось гэта, напэўна, і з'яўляецца першапрычынай крызісу: нашы жаданні не супадаюць з нашымі магчымасцямі, наш патэнцыйны рост істотна ніжэйшы за той, які мы хочам бачыць. І ў гэтым якраз асноўная прычына праблем, якія былі ў 2011 годзе: калі б у 2010 годзе тэмп росту склаў з улікам глабальнай рэцэсіі 2-3%, то шматлікіх праблем 2011 года не было б. Безумоўна, засталіся б структурныя праблемы, якія б трэба было вырашаць, але яны праходзілі б больш мякка.

Эксперт перакананы, што калі б у 2010 годзе і ў пачатку 2011 года структурныя праблемы вырашаліся праз аслабленне нацыянальнай валюты, праз сцісканне ўнутранага попыту, праз прыцягненне знешніх запазычванняў, то крызіс на валютным рынку ў 2011 годзе не быў бы такім глыбокім. Але кароткатэрміновыя праблемы наклаліся на доўгатэрміновыя — вось і атрымалася тая сітуацыя, якую мы ўсе перажылі.

Праўда, нягледзячы на ўвесь негатыў 2011 года, Дзмітрый Крук бачыць тут і пэўныя пазітыўныя моманты: гэты год быў пэўным ачышчэннем ад тых дыспрапорцый, якія назапасіліся ў папярэднія перыяды.

— Доўгія гады эканоміка ляцела на адным крыле — унутранага попыту. А знешняя канкурэнтаздольнасць заставалася як быццам за дужкамі. Дэвальвацыя і высокая інфляцыя 2011 года зрабіла тую працу, якую дастаткова доўгі перыяд мы ігнаравалі, — перакос быў у многім нейтралізаваны. Таму тэндэнцыі 2011 года могуць ацэньвацца і як спрыяльныя: эканоміка вызвалілася ад тых пут, якія яе скоўвалі і не давалі нармальна развівацца.

Па разліках экспертаў, эканоміка Беларусі павінна дасягнуць свайго цыклічнага дна ў сакавіку-красавіку 2012. А далей, як лічыць Дзмітрый Крук, будзе старт ад новай кропкі.

— Калі казаць пра прагноз на 2012 год, то мы для яго разліку заклалі ўсе тыя намеры ўрада, пра якія афіцыйна заяўлялася. І ключавая выснова — эканоміцы трэба дасягнуць спакойнага стану развіцця, не перагружаць яе новымі, нейкімі занадта амбіцыйнымі планамі. І афіцыйныя заявы, што нашым прыярытэтам будзе з'яўляцца інфляцыя і макрастабілізацыя, гучаць вельмі натхняльна.

Дзмітрый Крук сказаў, што прагноз развіцця, якія ён агучвае, па логіцы развіцця вельмі падобны на афіцыйны прагноз урада, але адрозніваецца ў дэталях і лічбах. У прыватнасці, рост ВУП чакаецца не 5-5,5%, а істотна меншы — у памеры 1,6%. Як мяркуецца, інфляцыя складзе не 19-12%, а 25-30%, дэвальвацыя — каля 30% (атрымліваецца, што курс долара на канец года будзе 9600 рублёў).

Такія параметры Дзмітрый Крук лічыць дасягальнымі, але пры ўмове, што на працягу года не будзе дадатковых шокавых сітуацый.

— Калі казаць вобразна, то нам у 2012 годзе трэба прайсці праз джунглі, выйсці і паглядзець, што будзе далей. Калі праход праз джунглі будзе па намечанай сцежцы, то гэта ўсё дасягальна. Але ёсць пагрозы збіцца з дарогі — напрыклад, калі мы сустрэнем на дарозе тыгра.

Якія такія "тыгры" могуць сустрэцца ў 2012 годзе? Самы першы з іх мае доўгатэрміновы характар:

— Нават калі мы пройдзем у 2012 годзе па намечаным шляху, застаецца пытанне: а што рабіць далей? А ці вырашаны ўсе структурныя праблемы? Ці з'явіліся ў нас перадумовы для доўгатэрміновага росту? І тут мой адказ такі: пакуль, на жаль, не. Ачышчэнне ад усіх праблем не азначае, што мы пачнём расці з большымі тэмпамі.

Сярод іншых "тыграў" — і спакуса зноў расці больш, чым дазваляюць рэальныя магчымасці, і магчымыя праблемы ў банкаўскай сферы, і вялікія выплаты па знешніх пазыках, і скарачэнне знешняга попыту на нашу прадукцыю, і высокія працэнтныя стаўкі, якія існуюць сёння. Дарэчы, пра іх Дзмітрый Крук расказаў больш падрабязна:

— Стаўкі трэба будзе калі-небудзь зніжаць, але ўзнікае пытанне: што рабіць з чаканнямі? Як адлюструецца паступовае зніжэнне працэнтных ставак на чаканнях фізічных асоб? Бо сітуацыя можа пайсці па замкнёным коле: калі стаўкі пачнуць зніжацца, тыя, хто вырашыў спекулятыўна атрымаць даход на беларускіх рублях, вернуцца да зберажэнняў у валюце. І атрымаецца фактар дэстабілізацыі выключна за кошт унутранага рынку, — сказаў Дзмітрый Крук і дадаў, што вельмі доўга ў нас своеасаблівым якарам быў абменны курс, а сёння трэба шукаць новы якар — і, магчыма, ім павінен стаць прагнозны паказчык інфляцыі.

— Сапраўды, 2012 год з вялікай верагоднасцю можа стаць годам стабілізацыі і расчышчэння шляху. Пры гэтым трэба па-майстэрску абысці ўсе пагрозы і прафесійна іх асэнсаваць. Але самае дрэннае, што пакуль невядома, як мы будзем расці пасля 2012 года, — рэзюмаваў у канцы Дзмітрый Крук.

Павел БЕРАСНЕЎ.

←Минские квартиросдатчики за 2011 год заплатили Br16,3 млрд налогов

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика