У Ганцавіцкім раёне створаць савет па развіцці прадпрымальніцтва

Источник материала:  
25.01.2012 18:08 — Новости Экономики

У Ганцавіцкім раёне створаць савет па развіцці прадпрымальніцтва


Стварэнне новых вытворчасцей, арганізацыя экаагратурызму, прыдарожнага сэрвісу, месцаў для культурнага адпачынку ў горадзе і шэраг іншых пытанняў узнімаліся на сустрэчы кіраўніцтва раёна з прадстаўнікамі прыватнага бізнэсу Ганцаўшчыны.

Кіраўнік раёна А.П. Саланевіч заўважыў, што ў райцэнтры амаль няма месцаў для культурнага адпачынку. Іх стварэнне не толькі было б на карысць жыхарам горада, але і зрабіла б яго больш прывабным для турыстаў. Увогуле, нягледзячы на тое, што раён знаходзіцца ў баку ад асноўных транспартных артэрый краіны, адлегласць ад іх у 30-50 кіламетраў не з’яўляецца істотнай перашкодай для арганізацыі турыстычнага бізнэсу. Тым больш што ў Ганцаўшчыны ёсць перавага перад іншымі раёнамі — яе непаўторная прырода, якая прыцягвае шмат аматараў экатурызму, палявання і рыбалкі. Але пакуль у гэтым накірунку ніхто з прыватнікаў не працуе.

Таксама старшыня райвыканкама закрануў не менш актуальную тэму — стварэнне ў раёне новых вытворчасцей. Безумоўна, можна развіваць і гандаль, але жыццё дыктуе свае ўмовы. З прыходам у рэгіёны буйных гандлёвых карпарацый поле дзейнасці ў гэтым сегменце рынку будзе звужана, бо канкурыраваць з імі вельмі цяжка. Таму ўжо зараз неабходна шукаць сваю нішу для далейшага развіцця бізнэсу.

У гэтым зацікаўлена мясцовая ўлада, бо прыватнікі штогод уносяць дастойны ўклад у сацыяльна-эканамічнае развіццё Ганцаўшчыны. На іх прыпадае 13 працэнтаў ад грашовых паступленняў у даходную частку раённага бюджэту, а большая частка новых рабочых месцаў ствараецца менавіта прадпрымальнікамі. Таму, у адпаведнасці з дзяржаўнай палітыкай, накіраванай на падтрымку і развіццё прадпрымальніцтва, стварэнне рабочых месцаў і фарміраванне канкурэнтных адносін, на сустрэчы было прапанавана стварыць раённы савет па развіцці прадпрымальніцтва, які будзе займацца інфармацыйным і кансультацыйным забеспячэннем прыватных бізнэс-структур і індывідуальных прадпрымальнікаў. Прадстаўнікі прыватнага бізнэсу падтрымалі гэтую ідэю. Узначаліў савет старшыня раённага Савета дэпутатаў В.Я. Дрозд. У яго таксама ўвайшлі шэраг прадпрымальнікаў Ганцаўшчыны і адказныя работнікі райвыканкама.

Падчас сустрэчы пытанні падаткаабкладання закранула начальнік інспекцыі Міністэрства па падатках і зборах па Ганцавіцкаму раёну В.У. Лісок. Галоўны санітарны ўрач раёна А.Д. Салянік гаварыў аб санітарных правілах работы аб’ектаў грамадскага харчавання і магазінаў, якія гандлююць прадуктамі харчавання. Пытанні страхавання ўзняў начальнік прадстаўніцтва Белдзяржстраху А.У. Сімага. А начальнік раёна электрасетак І.С. Букса коратка нагадаў аб своечасовасці разлікаў за электраэнергію. 
←Глава Минкомсвязи РФ предлагает технопаркам России, Беларуси и Казахстана интегрировать свои системы

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика