Фінансавая падтрымка дзяржавы маладым і шматдзетным сем'ям тычыцца цяпер і аб'ектаў незавершанага будаўніцтва
Пракаментаваць Указ Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь № 610 ад 30 снежня 2011 года, які тычыцца прадастаўлення маладым і шматдзетным сем'ям фінансавай падтрымкі дзяржавы, рэдакцыя папрасіла намесніка дырэктара дэпартамента крэдытавання насельніцтва ААТ "Беларусбанк" Аксану Лосеву.
— Што новага прадугледжвае гэты ўказ?— Гэты дакумент дапаўняе ўказ кіраўніка дзяржавы № 585. Раней фінансавая падтрымка дзяржавы прадугледжвалася толькі тады, калі сем'і будавалі новае жыллё або набывалі ўжо гатовы жылы аб'ект. Разам з тым, напрыклад, у сельскай мясцовасці, існуюць не завершаныя будаўніцтвам капітальныя пабудовы, якія падлягаюць рэканструкцыі і пераабсталяванню пад жылыя памяшканні. Такімі аб'ектамі людзі цікавіліся і раней... Цяпер Указ № 610 для маладых і шматдзетным сем'яў, якія будуць набываць такое не завершанае будаўніцтвам жыллё, прадугледжвае пэўную фінансавую падтрымку дзяржавы.
— Аб якіх сумах ідзе гаворка?
— Памер гэтай фінансавай падтрымкі залежыць ад колькасці дзяцей у сям'і і ад узроўню бюджэту пражытачнага мінімуму (БПМ) у сярэднім на душу насельніцтва. Сёння БПМ складае 574 тысячы 900 рублёў. Калі ў сям'і двое дзетак, то фінансавая падтрымка дзяржавы складае 40 БПМ, ці амаль 23 мільёны рублёў. Калі ў сям'і трое дзетак, то фінансавая дапамога дзяржавы складзе 50 БПМ, або 28,8 мільёна рублёў.
— Як аказваецца такая фінансавая падтрымка?
— Нагадаю, што гэтая фінансавая падтрымка дзяржавы ўяўляе сабой частковае або нават поўнае пагашэнне запазычанасці па камерцыйных крэдытах, якія былі дадзены сем'ям пад набыццё гэтых пабудоў. Такія крэдыты на агульных падставах даюцца не толькі "Беларусбанкам", але і іншымі камерцыйнымі фінансавымі ўстановамі.
— Што трэба рабіць людзям, каб атрымаць такую фінансавую падтрымку дзяржавы?
— Маладым і шматдзетным сем'ям, якія самастойна ажыццяўляюць рэканструкцыю не завершаных будаўніцтвам капітальных пабудоў, неабходна звярнуцца ў мясцовую адміністрацыю з адпаведнай заявай і копіяй крэдытнага дагавора. У адміністрацыі заява разглядаецца па прынцыпе "аднаго акна", калі раённыя спецыялісты ўжо самастойна робяць запыты ў банкі і ажыццяўляюць механізм пагашэння запазычанасці па крэдытах.
Напрыклад, калі ў шматдзетнай сям'і з трыма дзеткамі запазычанасць па камерцыйным жыллёвым крэдыце складае 28 мільёнаў рублёў, то фінансавая дапамога дзяржавы цалкам пагашае гэтую запазычанасць. Калі сума запазычанасці большая за памер фінансавай падтрымкі дзяржавы, то адміністрацыя раёна будзе часткова пагашаць гэтую запазычанасць штомесяц на працягу дзеяння крэдытнага дагавора.
— Якую фінансавую дапамогу дзяржавы пры самастойным будаўніцтве жылля маладыя і шматдзетныя сем'і атрымалі летась?
— "Беларусбанк" прадаставіў фінансавую дапамогу дзяржавы для такіх катэгорый сем’яў летась на суму каля 28 мільярдаў рублёў. Гэтую дапамогу тады атрымалі больш за 15 тысяч крэдытаатрымальнікаў, якія выкарыстоўвалі крэдыты на агульных падставах.
— На які агульны памер фінансавай дапамогі дзяржавы могуць разлічваць маладыя і шматдзетным сем'і сёлета?
— Згодна з папярэднімі разлікамі па памеры бюджэту на 2012 год, такі памер фінансавай дапамогі дзяржавы маладым і шматдзетным сем'ям сёлета складзе каля 40 мільярдаў рублёў.
— На якіх умовах "Беларусбанкам" цяпер ажыццяўляецца крэдытаванне будаўніцтва жылля на агульных падставах?
— На агульных падставах крэдытаванне будаўніцтва жылля вядзецца для дзвюх катэгорый грамадзян. Для тых, хто мае патрэбу ў паляпшэнні жыллёвых умоў, наш банк дае крэдыт тэрмінам на 20 гадоў пад 31 працэнт гадавых за фактычны час карыстання крэдытам. Пасля першых трох месяцаў будаўніцтва дома чаргавікі аплачваюць працэнты па крэдыце. Па асноўным доўгу выплаты ажыццяўляюцца з наступнага месяца пасля здачы дома ў эксплуатацыю.
Такіх недарагіх крэдытаў няма ні ў адным камерцыйным банку Беларусі. Памер працэнтаў па крэдытах пад будаўніцтва жылля ў іншых камерцыйных установах цяпер пачынаецца з 56 працэнтаў гадавых. А ў нашым банку кошт крэдытаў пад будаўніцтва жылля нават для нечаргавікоў складае сёння 49 працэнтаў гадавых.
Сяргей КУРКАЧ.