Эксперты прагназуюць нулявы рост эканомікі ў 2012 годзе
Беларускія незалежныя эксперты прагназуюць нулявы рост эканомікі ў 2012 годзе.
Так, на думку кіраўніка аналітычнага цэнтра "Стратэгія" Леаніда Заікі, уладам не варта арыентавацца на рост ВУП на ўзроўні 5,5%. "Лепш за ўсё, каб быў нулявы рост або нават падзенне ВУП на 5-7%", — зазначыў ён на сустрэчы з журналістамі ў Мінску 29 снежня.
Леанід Заіка.
Заіка ўпэўнены ў неабходнасці адмовіцца ад прагназавання інфляцыі на наступны год. "Трэба найперш дакладна вызначыць стан грашовай масы", — падкрэсліў эксперт.
Што тычыцца зарплаты, то, на думку эканаміста, яе рост павінен быць не абавязковым, а рэкамендаваным паказчыкам, прычым у залежнасці ад галінаў.
"А ўвогуле рабіць прагнозы па Беларусі на 2012 год лепш за ўсё атрымалася б не ў эканамістаў, а ў псіхіятраў, — сказаў Заіка, намякаючы не непрадказальнасць дзеянняў беларускіх уладаў. — Прэзідэнт ясна сказаў, што мы ствараем Адзіную
эканамічную прастору і не ведаем, як гэта рабіць. Яны прыдумваюць, што ім рабіць".
У сваю чаргу кіраўнік Навукова-даследчага цэнтра Мізеса Яраслаў Раманчук заявіў: рабіць дакладныя прагнозы, асабліва ў частцы змены тых ці іншых паказчыкаў, у Беларусі цяжка. "Ніякія эканамічныя разлікі не працуюць. Таму прагнозы — гэта такі эканамічны гараскоп, угадайка", — мяркуе эксперт.
Яраслаў Раманчук.
Зыходзячы з уласных адчуванняў, Раманчук лічыць, што інфляцыя ў 2012 годзе складзе прыблізна 50-60%, рост ВУП будзе на ўзроўні нуля, а курс рубля на канец года — прыкладна 13-14 тысяч рублёў за долар.
Золатавалютныя рэзервы, паводле аптымістычнага сцэнарыя, захаваюцца на ўзроўні 2011 года (прыблізна 7 млрд. долараў), паводле песімістычнага — скароцяцца на 2-3 млрд. долараў.
Рэальная сярэдняя заработная плата па краіне, як мяркуе Раманчук, зменшыцца на 10% у параўнанні з гэтым годам.
Што тычыцца знешняга гандлю, то эксперт прагназуе рост экспарту максімум на 10%. "А на станоўчае сальда мы можам выйсці толькі пры ўмове продажу нафтапрадуктаў на знешніх рынках без выплаты пошліны ў расійскі бюджэт", — упэўнены ён.
Многае, на думку Раманчука, будзе залежаць ад уплыву на эканоміку нафтавых і газавых пагадненняў з Расіяй. "Але паказчыкі, што закладзены ў асноўных кірунках грашова-крэдытнай палітыкі, выкананы не будуць", — не сумняваецца ён.
Эканаміст Сяргей Чалы спадзяецца, што ўлады адмовяцца ад выканання прагнозу па росце ВУП на 2012 год. "Спадзяюся, гэтым ніхто займацца не будзе. Думаю, тыя, хто адказвае ва ўрадзе за манетарны і бюджэтны блок, разумеюць рызыкі і не
дадуць зрабіць тое, што можна назваць эканамічным самазабойствам", — падкрэсліў ён.
Сяргей Чалы.
2012 год, на думку Чалага, будзе гэткім жа, як і апошнія месяцы 2011 года. "Будзе ляжанне на самым дне, эканамічны рост — блізу нуля, рост даходаў насельніцтва таксама блізу нуля", — прагназуе Чалы.
Што тычыцца курсу рубля, то прагноз Нацбанка па сярэднегадавым абменным курсе (9.150 рублёў за долар) ён лічыць песімістычным.
"Калі ўлады нічога не будуць выдумваць, мы ўбачым умацаванне нацыянальнай валюты ў рэальным выражэнні", — мяркуе эксперт.
Паводле БелаПАН.
Фота arche.by, telegraf.by