Працоўны дагавор для няні
Якія сацыяльныя гарантыі маюць хатнія работнікі?
У нашых шыротах вялікі штат хатняй абслугі ўсё яшчэ з'яўляецца рэдкасцю, аднак з ростам дабрабыту ўсё больш беларускіх сем'яў пачынае наймаць сабе памочнікаў для вядзення хатняй гаспадаркі, догляду за малалетнімі і састарэлымі сваякамі. У нашай краіне паступова расце колькасць домработніц, няняў, сядзелак, персанальных вадзіцеляў, якіх наймаюць фізічныя асобы. Але ці існуе ў нас адпаведная заканадаўчая база, якая рэгламентуе працу такіх работнікаў? Ці прадугледжаны для іх пэўныя працоўныя і сацыяльныя гарантыі? Ці залічаецца ім такая работа ў працоўны стаж? Каб атрымаць адказы на гэтыя і іншыя пытанні, мы звярнуліся ў Міністэрства працы і сацыяльнай абароны.
Хто такі хатні работнік?
Як патлумачыла журналісту кансультант аддзела працоўнага заканадаўства юрыдычнага ўпраўлення вышэйзгаданага міністэрства Таццяна Валер'еўна Рахуба, <І>хатнімі работнікамі прызнаюцца асобы, якія выконваюць па працоўным дагаворы працу па гаспадарцы грамадзян, аказваюць гэтым грамадзянам тэхнічную дапамогу ў літаратурнай ці іншай творчай дзейнасці, а таксама іншыя віды паслуг, прадугледжаныя заканадаўствам. Не з'яўляюцца хатнімі работнікамі асобы, якія ажыццяўляюць догляд інвалідаў І групы, людзей, якія дасягнулі 80-гадовага ўзросту, дзяцей-інвалідаў ва ўзросце да 18 гадоў і дзяцей ва ўзросце да 18 гадоў, заражаных вірусам імунадэфіцыту або хворых на СНІД.
Якія існуюць віды паслуг?
Аказваецца, з 2006 года ў нас існуе Пералік відаў паслуг, якія можа выконваць хатні работнік (пастанова Міністэрства працы і сацыяльнай абароны ад 30.08.2006 №99). Туды ўвайшлі паслугі як гаспадарча-бытавога (напрыклад, мыццё пасцельнай бялізны, ручнікоў і іх прасаванне, уборка жылых памяшканняў і санвузлоў, догляд хатніх кветак, выгул хатніх жывёл, закупка прадуктаў, гатаванне ежы, аплата камунальных плацяжоў, друкаванне тэкстаў і інш.), так і медыцынскага (назіранне за станам здароўя падапечнай асобы, пры неабходнасці выкліканне ўрача, дапамога ў выкананні штодзённых гігіенічных працэдур, прыёме лекаў, вымярэнні ціску), выкладчыцкага (арганізацыя і правядзенне выхаваўча-адукацыйнага працэсу) і сельскагаспадарчага профілю (пасадка саджанцаў, збор ураджаю, апрацоўка глебы і падкорм раслін, выкарчоўванне хмызнякоў, абкос траў на газонах, абразанне бартоў садовых дарожак, трамбаванне грунту, прыбіранне азялененай тэрыторыі ад лісця, скошанай травы і смецця, спальванне смецця і г.д.). Між іншым, для выканання шэрагу прыведзеных вышэй відаў паслуг хатняму работніку неабходна мець адпаведную спецыяльную адукацыю.
Як аформіць працоўныя адносіны?
Па словах Таццяны Валер'еўны, з асобай, якая прымаецца на працу ў якасці хатняга работніка, заключаецца пісьмовы працоўны дагавор, дзе прапісваецца інфармацыя аб той працы, якую будзе выконваць хатні работнік. Пры гэтым у дагаворы можа быць пазначана не канкрэтная пасада ці прафесія, а працоўная функцыя альбо віды работ (паслуг), выкананне якіх будзе ўваходзіць у абавязкі работніка. Сам наёмны работнік прадастаўляе наймальніку дакументы, неабходныя для афармлення на працу: пашпарт (пасведчанне аб нараджэнні для грамадзян Рэспублікі Беларусь, якія не дасягнулі 16-а ўзросту і не маюць беларускага пашпарта, від на жыхарства, пасведчанне бежанца), працоўную кніжку (за выключэннем тых, хто ўладкоўваецца на працу ўпершыню, і сумяшчальнікаў), дыплом ці іншы дакумент аб адукацыі і прафесійнай падрыхтоўцы, які пацвярджае наяўнасць права на выкананне гэтай работы, накіраванне ва ўлік брані для асобных катэгорый работнікаў у адпаведнасці з заканадаўствам, індывідуальную праграму рэабілітацыі інваліда (для інвалідаў), дэкларацыю аб даходах і маёмасці, страхавое пасведчанне, медыцынскае заключэнне аб стане здароўя і іншыя дакументы аб пацвярджэнні іншых абставін, якія маюць дачыненне да працы, калі іх прад'яўленне прадугледжана заканадаўчымі актамі. Прыём на працу без вышэйзгаданых дакументаў не дапускаецца.
Бакі, якія ўступаюць у працоўныя адносіны (наймальнік і работнік), самі вызначаюць канкрэтныя віды работ у хатняй гаспадарцы. Гэта можа быць праца ў якасці вадзіцеля аўтамабіля, садоўніка, сакратара, прыбіральшчыка памяшканняў, повара, настаўніка, выхавальніка, няні, вартаўніка, ахоўніка і г.д.
З хатнім работнікам можа быць заключаны любы з прадугледжаных заканадаўствам від працоўнага дагавора: на нявызначаны тэрмін; на пэўны тэрмін (тэрміновы працоўны дагавор), на тэрмін выканання пэўнай працы.
Працоўны дагавор з хатнім работнікам не заключаецца, калі праца носіць кароткатэрміновы характар (да 10 дзён на працягу месяца).
Звяртаем увагу на тое, што ў беларускім заканадаўстве існуюць абмежаванні ў заключэнні працоўнага дагавора з хатнімі работнікамі, якія з'яўляюцца блізкімі сваякамі. Так, з бацькамі, мужам і жонкай, братамі, сёстрамі, сынамі, дочкамі, а таксама братамі, сёстрамі, бацькамі і дзецьмі мужа ці жонкі не дазваляецца заключаць працоўны дагавор аб рабоце на даму.
Заключаны працоўны дагавор з хатнім работнікам павінен быць зарэгістраваны ў мясцовым выканаўчым і распарадчым органе па месцы жыхарства наймальніка (фізічнай асобы) не пазней за сем дзён пасля падпісання.
Каму аддаць працоўную кніжку?
Акрамя рэгістрацыі працоўных дагавораў з хатнімі работнікамі, на мясцовыя выканаўчыя і распарадчыя органы ўскладзены і абавязак па вядзенні працоўных кніжак вышэйназваных работнікаў. Згодна з заканадаўствам, працоўныя кніжкі хатніх работнікаў афармляюцца і ўсе запісы ў іх ажыццяўляюцца на падставе зарэгістраванага працоўнага дагавора.
Калі чалавек, які заключыў працоўны дагавор у якасці хатняга работніка, паступае на працу ўпершыню, абавязак па выдачы і афармленні яго працоўнай кніжкі ўскладаецца на мясцовы выканкам. Наймальнік, як фізічная асоба, не мае права афармляць працоўную кніжку свайго хатняга работніка і ўносіць туды запіс аб працы.
Аплата і адпачынак
Працоўны час і час адпачынку хатніх работнікаў рэгулююцца па дамоўленасці бакоў. Пры гэтым працягласць працоўнага тыдня не можа перавышаць 40 гадзін. Канкрэтныя дні адпачынку агаворваюцца бакамі ў працоўным дагаворы. Апроч таго, хатнія работнікі маюць права на працоўны водпуск працягласцю не менш за 24 каляндарныя дні.
Аплата працы хатніх работнікаў ажыццяўляецца ў парадку і памеры, вызначаным у працоўным дагаворы. Заработная плата такіх работнікаў падлягае падаткаабкладанню ў адпаведнасці з заканадаўствам.
Асаблівасці скасавання працоўнага дагавора...
...з хатнімі работнікамі заключаюцца ў тым, што ён можа быць скасаваны па пагадненні бакоў з папярэджаннем аб гэтым за тры дні. У выпадку парушэння ўмоў працоўнага дагавора ён можа быць скасаваны ў любы час па падставах, прадугледжаных Працоўным кодэксам ці самім працоўным дагаворам (пасля чаго працоўны дагавор з унесеным у яго запісам аб спыненні яго дзеяння прадастаўляецца ў мясцовы выканкам, які зарэгістраваў дагавор).
Сацыяльныя гарантыі
Па словах Таццяны Рахубы, на хатніх работнікаў, якія працуюць у грамадзян па працоўных дагаворах, распаўсюджваецца дзяржаўнае сацыяльнае страхаванне. У адпаведнасці з законам Рэспублікі Беларусь "Аб абавязковых страхавых узносах у Фонд сацыяльнай абароны насельніцтва Міністэрства працы і сацыяльнай абароны Рэспублікі Беларусь" плацельшчыкамі абавязковых страхавых узносаў у згаданы Фонд з'яўляюцца як працадаўцы (фізічныя асобы, якія прадастаўляюць работу грамадзянам па працоўных дагаворах), так і самі працуючыя грамадзяне. У сувязі з гэтым наймальнік абавязаны:
1) зарэгістравацца ў Фондзе па месцы жыхарства ў 15-дзённы тэрмін пасля рэгістрацыі працоўнага дагавора;
2) выплачваць абавязковыя страхавыя ўзносы;
3) аформіць страхавое пасведчанне дзяржаўнага індывідуальнага персаніфікаванага ўліку для асоб, якія паступаюць на працу ўпершыню;
4) пры заключэнні і спыненні працоўнага дагавора з работнікамі, якія з'яўляюцца пенсіянерамі, прадастаўляць інфармацыю аб гэтым у орган па працы і сацыяльнай абароне.
У адпаведнасці з Палажэннем аб парадку забеспячэння дапамогамі па часовай непрацаздольнасці, па цяжарнасці і родах (пастанова Савета Міністраў ад 30.09.1997 № 1290), права на такую дапамогу (акрамя дапамог па часовай непрацаздольнасці ў сувязі з няшчаснымі выпадкамі на вытворчасці і прафесійнымі захворваннямі) маюць грамадзяне, на якіх распаўсюджваецца дзяржаўнае сацыяльнае страхаванне, якія самі выплачваюць абавязковыя страхавыя ўзносы на сацыяльнае страхаванне і за якіх выплачваюць належныя ўзносы іх працадаўцы.
Ці залічаецца такая работа ў працоўны стаж?
Згодна з законам Рэспублікі Беларусь "Аб пенсійным забеспячэнні", у стаж працы залічваюцца перыяды прадпрымальніцкай, творчай і іншых відаў дзейнасці пры ўмове, што на працягу гэтых перыядаў ажыццяўлялася выплата абавязковых страхавых узносаў. Пры гэтым, калі сярэднямесячны фактычны заробак, з якога выплачаны страхавыя ўзносы, за каляндарны год аказаўся ніжэй за мінімальна дапушчальны ўзровень аплаты працы, устаноўлены заканадаўствам, то ў стаж работы для назначэння пенсіі тады залічваецца перыяд, вызначаны з прымяненнем паправачнага каэфіцыента, разлічанага шляхам дзялення сярэднямесячнага фактычнага заробку работніка на сярэднямесячную велічыню мінімальна дапушчальнага ўзроўню аплаты працы за адпаведны перыяд выплаты страхавых узносаў.
Пры афармленні пенсіі ў працоўны стаж не ўключаецца той перыяд працы, калі заработная плата не налічвалася і, адпаведна, не пералічваліся страхавыя ўзносы ў Фонд.
Стаж працы і памер заробку застрахаванай асобы за перыяды работы пасля 1 студзеня 2003 пацвярджаюцца на падставе звестак індывідуальнага (персаніфікаванага) уліку.
Інга МІНДАЛЁВА.