Бабулі нясуць у ламбард долары, а прадпрымальнікі - золата, каб выплаціць заробкі

Источник материала:  
30.08.2011 15:51 — Новости Экономики

Бабулі нясуць у ламбард долары, а прадпрымальнікі - золата, каб выплаціць заробкі


Еўрарадыё прагулялася па ламбардах і даведалася, хто і што здае падчас крызісу.

“Цяпер, перад школай, людзі нясуць рэчы, бо трэба дзяцей вучыць, у кагосьці дзеці папаступалі - таксама здаюць. Нехта з адпачынку прыехаў - грошай няма”, - супрацоўніца брэсцкага ламбарда кажа пра прычыны, па якіх людзі цяпер здаюць рэчы пад залог.

Здаць у пазыковую касу можна каштоўныя металы і бытавую тэхніку. Але ў асноўным людзі нясуць упрыгожванні. Як правіла, здадзеныя рэчы пасля выкупляюць.

“Гэта рэдкасць, калі рэчы пакідаюць. Кантынгент, які не выкупляе, - гэта людзі, якія шмат п’юць, або наркаманы. Яны нават забываюць, дзе ў іх і што здадзена”.

Здараюцца часам і кур’ёзныя выпадкі. У сталічны ламбард яшчэ ў красавіку бабуля прынесла набытыя за пенсію долары. Мяняць іх на рублі жанчына не хацела, а каб пражыць да наступнай пенсіі, вырашыла ўзяць пазыку.

“Бабуля прыйшла. На ўсю пенсію набыла долараў. Папрасіла закласці долары пад залог. 400 ці 500 долараў яна хацела закласці. Мы ёй адмовілі, на што яна моцна пакрыўдзілася”.

Часам у ламбард заходзяць кліенты, якія здаюць вельмі каштоўныя ўпрыгожванні. Праўда, не з-за праблем з грашыма.

“І хлопец прыедзе багаты. Яго машыну забралі з Камароўкі на эвакуатары, а ў яго не было беларускіх грошай. Здаў пярсцёнак з каштоўным каменем, які паводле нашых адзнак каштаваў да 42 мільёнаў. Узяў толькі 130 тысяч — і на наступны дзень выкупіў”, - гаворыць супрацоўнік сталічнага ламбарда.

Прыходзяць нават будаўнікі, якія закрываюць свае фірмы і, каб выдаць заробак, закладаюць залатыя манеты.

А на якіх умовах у ламбард можна здаць тэхніку? Каб даведацца гэта, карэспандэнт Еўрарадыё вырашыў закласці свой дыктафон у сталічны ламбард па вуліцы Інтэрнацыянальнай.

Еўрарадыё: А свой дыктафон я вам магу здаць? Ён якасны, японскі.

Супрацоўніца ламбарду: Ваш дыктафон шмат каштуе, я згодная. Вы захочаце, напэўна, долараў 500, мы столькі не дамо.

Еўрарадыё: А колькі дасце?

Супрацоўніца ламбарду: Мы дамо, каб вам пару дзён перабіцца. Тысяч 100-200. Каб у нас потым галава не балела, як яго прадаць.

Тэхніку можна закласці пад 1,2% у дзень. Калі здаваць на месяц - 30%.

Але не ўсе рэчы ў вас прымуць. Напрыклад, гадзіннік айчыннай маркі “Луч” у ламбардзе наогул адмовіліся браць. А вось за каштоўныя металы можна атрымаць сапраўды вялікую пазыку - нашмат больш за 200 тысяч.

“Мы не можам ацаніць танней, чым па прэйскуранце Мінфіна. Калі 10 грамаў золата - мы мусім выплаціць мільён. Прынясуць 50 грамаў - мусім выплаціць 5 мільёнаў”.

Вялікую пазыку можна атрымаць і за машыну. Так, у баранавіцкім ламбардзе прыгадваюць, як хлопец заклаў машыну і атрымаў выплату ў некалькі тысяч долараў.

У пазыковых касах сталіцы і рэгіёнах не заўважылі, каб кліентаў апошнім часам стала больш. З 20 месцаў, куды звярнулася Еўрарадыё, толькі ў адным - гродзенскім ламбардзе - адзначылі, што колькасць кліентаў павялічылася. 

←В экономику Беларуси будет привлечено 5 млрд. долларов до конца года, сказал Лукашенко

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика