Эксперт: Надышоў час неадкладнай і жорсткай эканоміі
Эксперт: Надышоў час неадкладнай і жорсткай эканоміі
— Яшчэ ў пачатку вясны высокапастаўленыя прадстаўнікі Нацыянальнага банка і Савета Міністраў, многія аналітыкі і эканамісты, у тым ліку і вы, неаднойчы заяўлялі, што бліжэй да восені становішча на валютным рынку краіны стабілізуецца, у абменных пунктах знікне ажыятажны попыт на долары і еўра. Ужо хутка восень, а каля абменнікаў па-ранейшаму дзяжураць. Там у чэргах пачасціліся сваркі і сутыкненні, ажывіўся "чорны" валютны рынак. Відаць, вы ўсе памыліліся ў разліках выхаду са складанай сітуацыі?
— Я бы так не сказаў. Яшчэ перад афіцыйнай дэвальвацыяй рубля, эканамісты, сярод якіх быў і я, заклікалі да пераходу да радыкальнай эканоміі грашовых сродкаў у нацыянальным маштабе. Бо было відавочным, што шчодрыя сацыяльныя прэферэнцыі для насельніцтва не могуць бясконца працягвацца, а тым больш павялічвацца. Я і сёння ўпэўнены, што ў самым пачатку развіцця негатыўных тэндэнцый на валютным рынку курс рубля можна было б замацаваць на ўзроўні 3600 — 3800 рублёў за адзін долар ЗША. Тады, на мой погляд, быў шанц збалансаваць сітуацыю з валютай.
— Леанід Фёдаравіч, гучыць як песня. Але ўсе мы, як вядома, моцныя заднім розумам. Як канкрэтна можна было б дасягнуць гэтага балансу і якая, на вашу думку, павінна быць рэальная эканомія?
— Наша краіна сёння перажывае стратэгічна важны момант у сваім развіцці. Таму і захады павінны быць адэкватнымі. Як гэта не непрыемна казаць, але не павінна быць аніякіх індэксацый, павышэнняў пенсій і зарплат, стыпендый. Разумею, што пераход да больш нізкага ўзроўню спажывання — працэс вельмі балючы. Але што рабіць, бо мы даволі працяглы перыяд жылі не па сродках. Так бясконца не магло працягвацца. Гэта трэба прызнаць і ўсвядоміць.
Збалансаваць сітуацыю з валютай можна толькі пры ўмове неадкладнай і жорсткай эканоміі грашовых сродкаў па ўсіх накірунках і ва ўсіх сферах. Інакш кажучы, тады, вясной, трэба было поўнасцю перагледзець у краіне ўсе выдаткі, у тым ліку і на сацыяльныя мэты. Рашуча пайсці на непапулярныя меры. Я ведаю, што зараз сказанае мною многім не вельмі спадабаецца. Але я ўпэўнены ў тым, што варта было б зарплату бюджэтнікам скараціць у сярэднім на 30 працэнтаў. Прычым членам урада — аж напалову. Паступова супыніць усе дарагія маштабныя праекты накшталт будаўніцтва таннага жылля. Бо яго ўзвядзенне на крэдыты пад адзін працэнт я лічу раздачай бясплатнага жылля. Таксама адмовіцца ад выдачы танных крэдытаў прадпрыемствам. Гэтыя меры варта разглядаць, падкрэсліваю, як часовыя. Пакуль не будзе пераадолены складаны момант.
Але вясной Нацбанк і Саўмін працягвалі, вобразна кажучы, песціць насельніцтва, гладзіць яго па шэрстцы, і замест бескампраміснай эканоміі былі праіндэксаваны пенсіі. На працягу першага паўгоддзя крэдытаў прадпрыемствам (гэта называецца крэдытнай эмісіяй) выдалі больш чым на 30 працэнтаў. Да апошняга часу гэтыя грошы выдаваліся ў вялікай колькасці, што не спрыяе стабілізацыі з валютай.
— Ведаеце, шаноўны Леанід Фёдаравіч, лёгка разважаць з пункту погляду чыстай эканамічнай тэорыі. Па ёй можа і правільна рабіць, як вы кажаце. А як жыць пенсіянерам, студэнтам, калі цэны нібы звар'яцелі, так і скачуць угору? Тут, магчыма, дапушчальная ў абмежаваных аб'ёмах грашовая эмісія.
— Вось так заўсёды: трохі надрукавалі больш грашовых знакаў, выдалі больш танных крэдытаў, а разам уся гэтая рублёвая маса цісне на валютны рынак, запавольвае працэс стабілізацыі курсу долара. Калі вы загаварылі аб эканамічнай тэорыі, то я мушу заўважыць, што сёлета была таксама дапушчана тэарэтычная памылка, якая не спрыяе паляпшэнню агульнай эканамічнай сітуацыі.
— І цікава, што гэта за памылка?
— А такая, што ёсць правіла: у складаныя моманты для нацыянальнай эканомікі і валюты трэба імкнуцца павялічыць попыт на яе. У нас усё наадварот. Відаць, згодна з парадай не вельмі адукаваных эканамістаў, быў дазволены продаж іншаземцам паліва за замежную валюту, таксама за долары і еўра пачалі гандляваць кватэрамі, аўтамабілямі. А я лічу, што такім чынам мы не аказалі нашаму рублю належнай падтрымкі. Бо пакупнікі вышэйназваных тавараў былі б вымушаны мяняць тыя ж долары на рублі, а не наадварот. Замест садзейнічання росту попыту на беларускія грошы мы падагрэлі інтарэс да замежных грошай. Калі ў краіне адразу працуе некалькі валют, то моцныя валюты выціскаюць больш слабыя. У нашай сітуацыі моцным аказаўся долар.
— Не праходзіць і дня, каб СМІ не паведамлялі аб чарговых узрушэннях на сусветных біржах, падзення індэксаў, рэзкіх зменах нейкіх там каціровак, рэзкіх ваганнях валютных курсаў. Ці моцна ўплывае ўсё гэта на нашу эканоміку?
— Не. Толькі псіхалагічна, бо ўносіцца элемент трывогі ў свядомасць людзей. А ў эканамічным плане падзеі на вядучых замежных біржах не адбіваюцца на Беларусі. Яе доля ў сусветнай эканоміцы менш за адзін працэнт, а па другое, усе гэтыя скокі індэксаў і каціровак у першую чаргу ўплываюць на міжнародныя фінансавыя рынкі, а не на рэальную эканоміку. Змены курсаў долара да еўра ўплываюць на пераразмеркаванне даходаў у міжнародных маштабах. Тыя, хто ў глабальных маштабах гуляе на біржах на паніжэнне ці павышэнне той ці іншай валюты, самі ж нічога не вырабляюць. Затое гэтыя міжнародныя валютныя трэйдары ўдзельнічаюць у пераразмеркаванні сусветнага валавога прадукту на сваю карысць.
— Сёння шмат эканамістаў-аматараў кажуць, што дэвальвацыі можна было пазбегнуць. А вы што думаеце на гэты конт?
— Дэвальвацыя ў тых абставінах была непазбежнай. І самы галоўны аргумент на яе карысць — велізарны дысбаланс у знешнім гандлі, які няўхільна павялічваўся з кожным годам. Нагадаю, летась адмоўнае сальда склала больш за дзесяць мільярдаў долараў. Для нашай эканомікі — вельмі адчувальны негатыўны фактар. Сёння назіраецца паступовае зніжэнне яго ўплыву на эканоміку. Калі рэзка выраслі цэны на харчовыя і нехарчовыя імпартныя тавары, то вельмі многія перасталі купляць іх. На гэта хутка адрэагавалі гандлёвыя прадпрыемствы: яны істотна знізілі закуп па імпарце. Бо на яго значна знізіўся ўнутраны попыт.
— А як вы ставіцеся да ідэі паскоранага развіцця імпартазамяшчэння як эфектыўнага метаду выхаду на станоўчы баланс знешнегандлёвага абароту, эканоміі валюты?
— Мне гэта не здаецца менавіта тым, што зараз неабходна нашай эканоміцы ў першую чаргу. Дарэчы, у свой час кітайцы паспрабавалі ісці па шляху імпартазамяшчэння, ад чаго хутка былі вымушаны адмовіцца і засяродзіцца на выпуску экспартнаарыентаванай прадукцыі. Чым не прыклад для нас? Сёння КНР літаральна патанае ў доларах, мае самыя вялікія ў свеце золатавалютныя рэзервы. Думаю, што і нам дзеля вырашэння валютных праблем таксама варта выкарыстаць досвед кітайскіх таварышаў. Ёсць і адмоўны досвед таварышаў з Паўночнай Карэі, дзе паспрабавалі зрабіць свой варыянт нямецкага аўтамабіля "Мерседэс". Але не атрымалася.
Для кожнай краіны ёсць два шляхі мець неабходныя запасы замежнай валюты — упарта займацца імпартазамяшчэннем ці актыўна нарошчваць экспартны патэнцыял. Як эканаміст, я аддаю перавагу развіццю экспарту. Тым больш што ў нас для гэтага ёсць і матэрыяльна-тэхнічная база, і кваліфікаваныя кадры канструктараў, інжынераў, рабочых. Я ўпэўнены ў тым, што наш экспарт будзе паспяховым. Напрыклад, можна значна пашырыць продаж за мяжу нашай мэблі, адзення і г. д. Паўтаруся: больш перспектыўна ўкладваць грошы ў засваенне экспартнага патэнцыялу краіны, чым марнаваць сродкі на стварэнне аналагаў сусветных брэндаў. З пашырэннем экспарту мы будзем больш зарабляць валюты, а значыць, і мець больш сродкаў для выпуску запатрабаванай у свеце прадукцыі.
Між іншым, гэта будзе і аўтаматычна вырашаць праблему імпартазамяшчэння. Скажам, навошта нам польскія яблыкі, якія каштуюць цяпер аж 15 тысяч за кілаграм! Няўжо нашы аграрыі няздольныя наладзіць вытворчасць айчыннай агародніны і садавіны? Няўжо выраб з яе танных алкагольных напояў — так званых "чарніл" — з'яўляецца прыкладам імпартазамяшчэння якасных вінаградных він? Ці айчынны малы і сярэдні бізнэс не ў сілах засвоіць выпуск усялякай гаспадарчай драбязы, якую да нас завозяць звонку? На нашым баку, як гэта ні дзіўна, цяперашняя глыбокая дэвальвацыя рубля. Пры яго сённяшнім курсе да долара займацца імпартам спажывецкіх тавараў становіцца рызыкоўнай справай. Бо зараз многія бізнэсмены ўжо разлічваюць цану па курсе 12 тысяч за адзін долар! Не думаю, што іх дарагія тавары будуць карыстацца шалёным попытам у насельніцтва.
— 12 тысяч за адзін долар — гэта ўжо празмерна. Як такіх дзялкоў паставіць на месца, каб яны не дралі сем скур з людзей?
— Адміністрацыйныя меры не дадуць карысці і не прынясуць патрэбнага эфекту. Задачу "паставіць на месца", як вы кажаце, лепш за ўсё даверыць рынку. Стабілізуецца валютная сітуацыя — стабілізуюцца і цэны. А дзяржава можа і павінна сёння падтрымаць малы і сярэдні бізнэс, які здольны рэальна выпускаць многае з таго, што завозіцца да нас па імпарце: розны інструмент, шрубы, балты, усялякія прылады і іншае. Менавіта такім айчынным вытворцам варта выдаваць танныя крэдыты, бо яны займаюцца канкрэтным замяшчэннем імпартнай прадукцыі.
— Памятаю, у вас і іншых эканамістаў былі сур'ёзныя прэтэнзіі да былога старшыні Нацбанка і яго каманды. Цяпер там новы кіраўнік. Як вы ацэньваеце яго першыя крокі на гэтай пасадзе?
— Пакуль цяжка рабіць аб'ектыўныя і канкрэтныя высновы. Надзея Ермакова працуе зусім нядаўна ў якасці старшыні праўлення Нацбанка. Будзем спадзявацца, што яна здолее "разруліць" цяжкую сітуацыю з парушэннямі валютных і рублёвых плыняў, эмісіяй грошай. Летась Нацбанк моцна трымаў пад кантролем стан грашовай базы ў краіне, але сёлета ў пачатку года манетарная палітыка дала збой. Я пакуль устрымаюся ад каментарыяў і ацэнак. Новаму кіраўніку Нацбанка патрэбны час для глыбокага вывучэння сітуацыя і прыняцця адэкватных рашэнняў. Хоць часу для гэтага зусім не засталося.