Міхаіл Дзялягін: "Шматлікасць курсаў — гэта вар'яцтва з серыі канца 80-х гадоў, так нельга"
26.06.2011 19:54
—
Новости Экономики
Міхаіл Дзялягін: "Шматлікасць курсаў — гэта вар'яцтва з серыі канца 80-х гадоў, так нельга"
Сваім бачаннем прычын эканамічнага крызісу, а таксама магчымымі шляхамі выхаду з яго падчас прэс-лекцыі ў рамках Летняй школы журналістыкі на VІ Беларускім медыяфоруме падзяліўся расійскі эксперт, доктар эканамічных навук, дырэктар Інстытута праблем глабалізацыі Міхаіл ДЗЯЛЯГІН:
— Праблема вашай дзяржавы ў залішняй сацыяльнай добрасумленнасці. У 2008 годзе скалыхнула ўвесь свет: у Казахстане, Расіі, нават Нарвегіі (я ўжо не кажу пра Польшчу) — дэвальвацыя. Проста для таго, каб падагнаць эканоміку. У зоне еўра, паколькі дэвальвацыю зрабіць нельга, усе ляглі і пачалі здыхаць. І калі краіны, якія экспартуюць сыравіну (і за кошт гэтага хутка аднавіліся), зрабілі дэвальвацыю, каб падагнаць эканоміку, то Беларусь, якая сыравіну спажывае, якая не мае донара ў выглядзе Еўрасаюза, якая займаецца машынабудаваннем і хіміяй (па якіх крызіс ударыў даволі добра), натуральна, таксама была асуджана на дэвальвацыю. Але паколькі ёсць сацыяльныя гарантыі, якія дзяржава крануць баіцца, гэта было дацягнута да апошняй хвіліны, калі рэальна скончыліся грошы. Гэта было, па-першае, ад залішняй добрасумленнасці, а па-другое, ад таго, што сістэма кіравання вельмі моцна змянілася з 1994 года. Тады краіну выцягвалі з ліберальнай катастрофы людзі вельмі ініцыятыўныя. За час адносна спакойнага, хоць і цяжкага, жыцця яны проста з-за ўзросту і стомленасці з дзяржкіравання выйшлі. На змену ім прыйшлі выканаўцы, якія працуюць проста як перадатачны механізм. А ва ўмовах крызісу патрэбны людзі ініцыятыўныя.
Валюта ў абменніках з'явіцца пасля Новага года?
Расійскі эксперт перакананы, што зараз эканамічная сітуацыя ў Беларусі паціху выпраўляецца, бо праведзеная дэвальвацыя падагнала эканоміку:
— Шматлікасць курсаў — гэта вар'яцтва з серыі канца 80-х гадоў, так нельга. Дапусціць яе — гэта значыць проста развіваць ценевы сектар, развіваць сабе палітычнага ворага ў выглядзе гэтага ценевага сектара. Эканамічны спекулянт адразу пачынае фінансаваць у палітычнага ворага, мы гэта бачылі на постсавецкай прасторы, мы гэта бачылі ва Усходняй Еўропе і гэтак далей. Зараз робяцца стабілізацыйныя меры — усё нармальна, усё добра. У вас ёсць касавы разрыў, эканоміка выпраўляецца, бо дэвальвацыя вельмі добра падагнала эканоміку, хай выбачаць мяне сацыяльна не абароненыя за такія словы. У вас, па вялікім рахунку, зараз няправільна робяцца дзве рэчы: па-першае, з вельмі вялікім спазненнем сказалі, што меры па абмежаванні вывазу тавараў і бензіну будуць часовымі, і па-другое, у вас дазволена абмежаванае абарачэнне валюты — на бензазапраўках, у гатэлях і недзе яшчэ. У сітуацыі, калі не хапае валюты для рэзерваў, гэта вялікая памылка, бо магчымасць заплаціць долар проста павышае попыт на валюту з боку прыватнага сектара. Больш за тое, калі я заплачу на запраўцы валютай, то натуральна, што гэтая валюта ў дзяржаўную і банкаўскую сістэму не прыйдзе ніколі. Бо гаспадар запраўкі ва ўмовах дэфіцыту валюты сам у сябе яе купіць, і далей гэтыя грошы пойдуць налева. Гэта памылка, якую праходзілі ўсе. Вядома, гэта можна зрабіць ва ўмовах панікі на тыдзень-два, пакуль спажывецкая паніка не схлынула. А потым, каля яна скончылася, у краіне павінна быць адна валюта.
Масавае набыццё насельніцтвам імпартных аўтамабіляў, на думку Міхаіла Дзялягіна, сыграла сваю ролю, але насельніцтва ў гэтым вінаваціць нельга:
— Адна з прычын валютнага правалу ў вас — гэта 1 ліпеня, бо натуральна, што ўсе пастараліся закупіцца імпартам як мага болей (у тым ліку і аўтамабілямі) перад гэтай запаветнай датай. У вас перад выбарамі ў эканоміку былі ўлітыя вялізныя грошы. Гэта нармальна, амерыканцы таксама ўліваюць грошы ў эканоміку напярэдадні выбараў — не вельмі добрая палітычная тэхналогія, але нармальная, усе яе прымяняюць. Улілі, выдатна. Але ж гэта грошы, на якія людзі нешта будуць купляць. Пра гэта не падумалі. І людзі, натуральна, пачалі купляць імпарт, бо ў імпарту і якасць вышэй, і этыкетка больш глянцавая... А якраз з 1 ліпеня ўвоз аўтамабіляў фактычна закрываецца (бо становіцца нявыгадным). Адпаведна, усе кінуліся скупляць аўтамабілі. Гэта можна было пралічыць загадзя? Можна. Як гэта можна было купіраваць — я не ведаю, на гэта трэба было рэагаваць спецыяльна. А ўсе былі занятыя вырашэннем іншых праблем. Ну і атрымалі тое, што атрымалі. Такія памылкі бываюць, проста трэба атрымліваць з іх урокі.
Міхаіл Дзялягін таксама лічыць, што пры асаблівым жаданні можна і вярнуць давер насельніцтва да банкаўскай сістэмы, істотна падарваны пасля чарговай страты грошай падчас дэвальвацыі:
— Што тычыцца банкаў: у вас ёсць сістэма гарантавання укладаў? 100% гарантуецца? — спытаў Міхаіл Генадзевіч і здзівіўся, калі пачуў пра поўныя гарантыі. — Гэта вельмі нерацыянальна, гэта сацыялізм, ад якога трэба пазбаўляцца. Але, калі ласка, простая рэч, як забяспечыць давер да банкаўскай сістэмы. Бярэцца малы кволы банк, паказальна ліквідуецца, а потым на працягу тыдня ўсе ўкладчыкі атрымліваюць усе грошы да капейкі. І па тэлевізары паказваюць абураную бабулю, якая кажа, што яна ажно цэлых дзве гадзіны стаяла ў чарзе па свае грошы... Усё, пасля гэтага любоў да банкаўскай сістэмы забяспечана. Гэта пытанні піяру і пытанні тэхналогій, калі банкаўская сістэма надзейная. Калі ж яна не надзейная, то вы спачатку саніруйце, а потым ужо забяспечвайце давер.
Разам з тым Міхаіл Генадзевіч перакананы, што валюта ў абменніках можа з'явіцца толькі ў пачатку 2012 года:
— Я мяркую, што да Новага года ўсё стабілізуецца канчаткова. Розніца паміж легальным курсам 5200 і чорным курсам, калі я не памыляюся, у 6 тысяч — гэта не крытычная розніца, не катастрафічная. Яна паказвае, што сітуацыя ў прынцыпе пад кантролем, проста з легальнага абарачэння выпала занадта шмат долараў. Я думаю, што гэта не страшна. Вам сёлета, як я разумею, трэба выплаціць 6 мільярдаў, і вось як толькі ваш цудоўны ўрад скажа, што "людцы, у нас у засеках Радзімы ляжыць не 3-4 мільярды, а 8, з якіх мы шэсць спакойна аддаём і застаецца яшчэ дастаткова", то на гэтым чорны рынак спыняе сваю працу. Але для гэтага патрэбны нейкі час. Я думаю, што да канца года зробяць, — перакананы Міхаіл Дзялягін. — Такім чынам з валютным рынкам будзе ўсё ў парадку, калі можна будзе прыйсці ў абменнік і спакойна купіць валюту. Мяркую, што да Новага года гэтага не будзе. А пасля Новага года гэта можна зрабіць. Бо, па-першае, трэба даць грошы найбольш пацярпелым у парадку сацыяльнай абароны, па-другое, трэба выплаціць бягучыя плацяжы або іх рэструктураваць і, па-трэцяе, трэба перажыць бум, звязаны з падарункамі — пад Новы год усе дораць падарункі, гэта хваля попыту, а потым усё можна нармалізоўваць. Я мяркую, што так.
Прадаць не "Беларуськалій", а яго прадукцыю на 5 гадоў наперад?
Расійскі госць выказаў думку, што не трэба спяшацца з прыватызацыяй дзяржаўнай маёмасці — трэба спачатку паспрабаваць прадаць яе прадукцыю:
— У вас ёсць праблема касавага разрыву, якая вырашаецца пры наяўнасці ініцыятывы нават без прыватызацыі. Просты прыклад: Аргенціна, не маючы праблем, але проста баючыся няпэўнасці, закантрактавала амаль увесь экспарт свайго мяса ў Кітай — карацей, яны прадалі ўсё сваё мяса, якое яны экспартуюць, кітайцам на пяць гадоў наперад. У вас ёсць "Беларуськалій". Цана на яго прадукцыю дастаткова ўстойліва павышаецца. Вы можаце замест таго, каб бегаць з працягнутай рукой і шукаць гаспадара, проста прадаць наперад яго прадукцыю. Скажам, 70% прадукцыі на 5 гадоў наперад. І не важна каму, хоць спекулянтам, бо гарачых грошай на рынку шмат. З улікам росту цэн гэта будзе для іх шалёна выгадная здзелка, а Беларусь атрымае неабходныя грошы для затыкання касавых разрываў.
Міхаіл Генадзевіч пацвердзіў, што расійскі бізнэс з задавальненнем скупіць беларускія прадпрыемствы, але ці будзе ад такога продажу толькі дзеля грошай карысць для Беларусі?
— Вядома, я бачу, што ў вас ёсць добрая маёмасць, зразумела, як нармальны бізнэсмен, я хачу набыць яе як мага танней, карыстаючыся вашым дрэнным становішчам. Больш за тое, калі я з'яўляюся патрыётам расійскага бізнэсу, то я кажу, што Беларусь павінна прадаць усё і прадаць пажадана нам, бо мы — браты. Але, па-першае, калі вы прадаяце маёмасць дзеля грошай, то вы заўсёды прадаяце яе танна. Усе разумеюць, што ў вас няма сродкаў і вы нікуды не падзенецеся. Гэта ўсе праходзілі, уключаючы Вялікабрытанію. Па-другое, калі гэтая маёмасць ваша, яна працуе на вас. Так, прыбытак ад яе можа выкарыстоўвацца дрэнна, вы можаце быць незадаволены гэтым. Але гэта вашы праблемы, вы іх унутры сябе будзеце або не будзеце вырашаць. А вось калі ваш завод належыць дзядзьку Васю, то прыбытак таксама належыць дзядзю Васю — вы тут ні пры чым. Вы атрымліваеце свае падаткі, свае працоўныя месцы, сваю зарплату і моліцеся, каб вас не скарацілі. Бо, па-трэцяе, замежны інвестар прымае рашэнне наконт сваёй маёмасці ў вашай краіне, зыходзячы з меркаванняў, якія не маюць адносін да вашай краіны.
Пры гэтым Міхаіл Дзялягін лічыць, што калі ўжо прадаваць прадпрыемствы, то хаця б беларускім бізнэсменам:
— З пункту гледжання эфектыўнасці гаспадаркі не трэба аддаваць чужому. Можна аддаваць свайму бізнэсу, можна пускаць чужых да кантрольнага пакета. Хаця ўжо блакуючы пакет можа прывесці да разбурэння вытворчасці. Купіць там "Беларуськалій" які-небудзь яго стратэгічны канкурэнт з Захаду, і будзе ў савеце дырэктароў блакаваць усе рашэнні, звязаныя з экспартам прадукцыі. І "Беларуськалій" спыніць экспарт прадукцыі і сканае. У Расіі былі падобныя прыклады, і ва Усходняй Еўропе былі. Ад іх трэба страхавацца: 25% мінус адна акцыя можна прадаць каму заўгодна, бо гэта павысіць эфектыўнасць бізнэсу — замежнік будзе лезці ва ўсе дзіркі і змагацца з безгаспадарнасцю і гэтак далей. Праўда, за гэтае змаганне з безгаспадарнасцю вы павінны аддаць чвэрць прыбытку, тут нічога не зробіш.
Як вырашыць стратэгічныя праблемы Беларусі?
Міхаіл Дзялягін перакананы, што свае бягучыя праблемы Беларусь выправіць, але пры гэтым ён бачыць, што кіраўніцтву нашай краіны трэба задумацца і аб праблемах стратэгічнага характару:
— Ваша праблема стратэгічная, бо глабальны крызіс — гэта надоўга. Першае, па чым б'е глабальны крызіс, — гэта машынабудаванне. Ну, скажам, Расія сваю сельскую гаспадарку не падыме, таму рынак вам гарантаваны надоўга ў частцы аграпрамысловага комплексу. Але па машынабудаванні ў вас правал. Нямецкі МАН загружаны на 50%, і немцы вымушаны распальваць істэрыку вакол Грэцыі, проста каб зрабіць еўра больш танным і каб машынабудаванне Германіі пачало дыхаць. Натуральна, беларускае машынабудаванне таксама ў цяжкім становішчы. З сённяшняй ямы вы вылезеце, нічога страшнага, бывае. А вось у стратэгічнай перспектыве ўзнікае пытанне: дзе рынкі, на якія вы будзеце працаваць? Гэта пытанне пакуль не мае адказу.
Праўда, тут жа расійскі эксперт прапанаваў свой адказ:
— Тэарэтычна адказ у наступным: на постсавецкай прасторы з часоў савецкага аграпрамысловага комплексу засталася велізарная колькасць кінутых тэхналогій, якія звышпрадукцыйныя і высокаэфектыўныя. Яны не патрэбны ў краінах, дзе сур'ёзны манапалізм, скажам, у Расіі яны не рэалізуюцца. Беларусь можа гэтыя тэхналогіі збіраць, правяраць (ці не прапануюць іх махляры), і адабраную нармальную частку вы можаце рэалізоўваць. За кошт гэтага, па-першае, вы рэзка будзеце зніжаць выдаткі і дыхаць за кошт гэтага, а па-другое, вы зможаце прадаваць новыя тэхналогіі, а гэта вялізныя грошы. Праблема заключаецца ў тым, што Беларусі такі шлях прапануецца з 2005 года, а можа і раней. Ваша сістэма кіравання, заснаваная на выканаўцах, неэфектыўная — ва ўмовах крызісу яна працуе дрэнна. Ці зможа беларуская сістэма кіравання вярнуць тых, можа, празмерна эмацыйных людзей, адначасова схільных да праяўлення ініцыятывы, якія былі ў 1994 годзе (або іх зменшчыкаў)? — вось гэта пытанне стратэгічнага выжывання Беларусі. А сённяшні касавы разрыў — гэта рэч не страшная. Перахапіць да "палучкі" — так гэта называецца на бытавой мове. І ў вас будзе "палучка": вы можаце атрымаць гэтыя грошы за кошт продажу ўперад будучай вытворчасці таго ж "Беларуськалія", можа быць яшчэ нейкіх іншых прадпрыемстваў. Вы можаце гэта зрабіць, але для гэтага трэба, каб вашы знешнеэканамічныя і знешнепалітычныя ведамствы круціліся, як вавёркі ў коле, каб яны былі не выканаўцамі, а людзьмі дастаткова ініцыятыўнымі. Атрымаецца ці не атрымаецца — паглядзім.
Адыходзіць ад сацыяльнай накіраванасці нельга?
— Сацыяльная накіраванасць — гэта катэгарычная неабходнасць, — перакананы Міхаіл Дзялягін. — Усе гэтыя размовы пра чалавечы капітал, пра тое, што людзі — гэта галоўнае багацце, як я разумею, яны вам надакучылі гэтак сама, як у познім Савецкім Саюзе. Але гэта праўда. Калі вы крочыце па вуліцы і бачыце твары, ад якіх вам хочацца схавацца, то эканамічная актыўнасць падае. І спрыяльныя ўмовы, створаныя для бізнэсу, нікому не дапамагаюць. А вось сацыяльная падтрымка дазваляе людзям нармальна жыць, нармальна лячыцца, нармальна вучыцца, захоўвае працаздольнасць, захоўвае агульны пазітыўны настрой. Гэта вельмі важны фактар эканамічнай канкурэнтаздольнасці. Сацыяльную падтрымку можна скарачаць, не трэба рабіць сабес, як у Савецкім Саюзе. Яе можна скарачаць, але яе нельга ліквідаваць, нельга адмаўляцца ад сацыяльнай па духу дзяржавы.
Напрыканцы Міхаіл Дзялягін выказаўся наконт таго, ці можа быць сам народ вінаваты ў эканамічным крызісе:
— Калі народ сам сябе лічыць вінаватым, то гэта праяўленне высокай адказнасці беларускага народа па прынцыпе "я ў адказе за ўсё". Насамрэч народ сам вінаваты быць не можа. Чалавек можа адчуваць сябе вінаватым: "вось я ўдзельнічаў у паніцы, я расказаў суседцы, што хутка солі не будзе, мыла не будзе, запалак не будзе, і яна купіла 2 лішніх кілаграмы цукру і г.д.". Вось гэта пачуццё віны. Але, па вялікім рахунку, за ўсё адказная кіруючая сістэма. Вядома, улічваючы мае гутаркі з беларусамі, можна дапусціць, што людзі насамрэч могуць сябе вінаваціць. Калі гэта праўда, то гэта добры і пазітыўны сігнал, гэта ўнутраная згуртаванасць беларускага грамадства. Калі людзі лічаць сябе адказнымі за тое, што з імі адбываецца, гэта вялізны рэсурс канкурэнтаздольнасці. Іншая справа, што гэта азначае, што яны выбачаюць свайму ўраду болей памылак, чым тыя, што загадзя лічаць, што імі кіруюць дрэнныя людзі.