Грэчка як індыкатар

Источник материала:  
27.02.2011 09:48 — Новости Экономики
Грэчка як індыкатар Віктар АЛЯШКЕВІЧ, Тут і цяпер Пэўна, упершыню за апошнія 16 гадоў у Беларусі кошт грэчкі ўзляцеў да 17 тысяч (!). Да такога феерычнага кошту дабавіўся і дэфіцыт гэтай непатрабавальнай культуры. Праманіторыць “асобных суб’ектаў” Наша Міністэрства эканомікі вырашыла змагацца з такім незразумелым, на першы погляд, грэчкавым феноменам. Як паведамляецца на сайце названай структуры, улады ўзяліся маніторыць і аналізаваць “цэны на грэцкія крупы, што рэалізуюцца ў розных рэгіёнах краіны, з мэтай выяўлення і спынення антыканкурэнтных дзеянняў асобных суб’ектаў таварнага рынку, якія ажыццяўляюць увоз гэтых круп у краіну". У тым жа тэксце прэсавай службы Мінэканомікі даецца аналіз такіх высокіх цэн на грэчку ў Беларусі. Калі паспрабаваць выказаць гэтыя тлумачэнні некалькімі словамі, то ў сітуацыі, што склалася, вінавата наступнае: — з-за спякотнага лета-2010 грэчка не ўрадзіла ні ў нас, ні ў нашых традыцыйных імпарцёраў — Расіі і Украіны; — прадаўцы гэтага тавару выкарыстоўваюць кан’юнктуру рынку, хоць быццам бы ім і дазволена гандлёвая надбаўка ў 30% да адпускных цэн. Напомнім, што рознічныя цэны на грэчку на спажывецкім рынку выраслі да 16 900 рублёў за кілаграм. Краіна мае намер дадаткова купіць крупу, якая раптам стала дэфіцытам, у Расіі, Украіне і… Кітаі. Самае дзіўнае, што Мінэканомікі больш за ўсё разлічвае менавіта на далёкую Паднябесную ў вырашэнні грэчкавага пытання. Па разліках міністэрства, пасля таго, як да нас даедуць ці даляцяць кітайскія грэцкія крупы, то рознічны кошт іх будзе ўжо на ўзроўні 11—12 тысяч за кіло. Трэба сказаць, што ў самім Кітаі грэчка каштуе 6—7 тысяч у пераліку на беларускія рублі… А пра сярэднія заробкі ні слова Да таго ж Мінэканомікі змясціла на сваім сайце цікавы тэкст “Аб цэнах на прадукты харчавання ў Беларусі і іншых краінах”. У гэтым матэрыяле даводзіцца думка аб тым, што ў многіх замежных краінах цэны на прадукты харчавання нашмат вышэйшыя, чым у Беларусі. Асноўная ўвага засяроджваецца на расійскіх цэнах на харчы, якія перавышаюць у шмат якіх рэгіёнах Расійскай Федэрацыі нашы цэны на тыя ж прадукты. Але Мінэканомікі не абмінула сваёй увагай і іншыя краіны. Цытуем: “Вышэй таксама ўзровень цэн: на ялавічыну ў Венгрыі — на 29,2%; на малако ва Украіне — у сярэднім на 36,2, Польшчы — на 79,3%, Венгрыі — на 79,3%; на птушку ў Венгрыі — на 21,1%; на цукар-пясок ва Украіне — на 7,6%, у Венгрыі — на 2%; на бульбу ў Венгрыі — на 47,6%”. Праўда, у гэтым матэрыяле нічога не гаворыцца пра сярэднія заробкі ва ўсіх вышэйпералічаных краінах. Абавязкова вылезе іншая праблема Чаму з такімі “зайздроснымі” пазіцыямі па цэнах на сельскагаспадарчую прадукцыю мы атрымалі самы натуральны калапс з непрыкметнай дагэтуль грэчкай? З гэтым і іншымі пытаннямі мы звярнуліся да эканаміста Андрэя Юркова. — Скачок цэн на грэчку цалкам зразумелы, і ніякімі нечаканасцямі тут не пахне. Яшчэ ў ВНУ мы вучылі, што калі попыт на нейкую прадукцыю перавышае прапанаванне нават на 10 адсоткаў, то цана на гэтую прадукцыю можа павысіцца ў паўтара разу! І наадварот, калі прапанаванне перавышае попыт, то цана на гэтыя тавары можа знізіцца ў тыя ж паўтара разу. Што патрэбна для паспяховага вырошчвання грэцкіх круп? Па вялікім рахунку, толькі дзве ўмовы, бо гэтая культура не патрабуе вялікіх выдаткаў пры вырошчванні. Па-першае, дастатковая колькасць пчол, якія апыляюць грэчыху. Па-другое, несухое надвор’е. Калі наяўнасць пчол мы можам яшчэ неяк забяспечыць, то з надвор’ем сітуацыя складваецца, мякка кажучы, не заўсёды прадказальная. У мінулым годзе было спякотнае лета і, як вынік, мы атрымалі “спякотныя” цэны на грэчку. — Гэта зразумела, але чаму ў іншых краінах-імпарцёрах, такіх як, напрыклад, ЗША, Ізраіль, цэны на грэчку значна ніжэйшыя, чым у нас? — Усё проста: там сельская гаспадарка знаходзіцца ў прыватных руках і “мазгах”, якія думаюць аб магчымых наступствах розных прыродных катаклізмаў і з’яў і назапашваюць нейкія тавары, якія могуць стаць дэфіцытнымі па тых ці іншых прычынах. У нас жа сельская гаспадарка ў асноўным дзяржаўная, ёй даводзяць планавыя заданні па малацэ, мясе, збожжы, рапсе. Па грэчцы такіх заданняў няма, таму і атрымалі вось такую сітуацыю. Я думаю, што ў рэшце рэшт мы вырашым гэтую праблему, але абавязкова вылезе нейкая іншая, звязаная з прадуктамі харчавання. — Чаму? — Таму што, па вялікім рахунку, няма канкурэнцыі ў гэтай сферы. Няма прыватніка, няма стымулу аператыўна запаўняць прадуктовыя “дзіркі”, што з’яўляюцца. Сітуацыя з грэчкай вельмі яскрава высвеціла сітуацыю з усёй нашай сельскай гаспадаркай. — Затое цэны на харчы ў нас значна ніжэйшыя, чым у многіх краінах свету, як сцвярджае Мінэканомікі... — У свой час быў вялікі скандал з брэсцкай фірмай “Інкафуд”, якая закупляла вельмі таннае мяса ў Бразіліі і Польшчы і прадавала вырабы ў Расію, дзе яны былі абсалютна па-за канкурэнцыяй. Кошты на іх былі ў 1,5—2 разы ніжэйшыя чым закупачныя цэны на мяса ў Расіі і ў нас. У дадзенай сітуацыі ўвагу трэба звяртаць у першую чаргу не на кошты прадуктаў, а на эфектыўнасць прадпрыемстваў, якія іх вырабляюць. І калі нізкія цэны забяспечваюцца за кошт бюджэтных рэсурсаў ці з кішэняў тых жа пакупнікоў (за кошт падаткаў), то пра якую эфектыўнасць можна весці гаворку? Цэны на грэчку ў некаторых краінах свету (у бел. рублях за 1 кг): Беларусь — да 17 000; Расія — 9 000 — 12 000; Украіна — 6 000 —8 000; Літва — 9 000 —14 000; Польшча — 6 000 —8 000; Кітай – 6 000 — 7 000; ЗША – 7 000 — 9 000; Ізраіль – 12 000 — 13 000. (Паводле інфармацыі асобных найбольш буйных крам і рынкаў пералічаных краін.)
←Директиву о либерализации могут испортить отходами

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика