Дзяржкантроль: карп і таўсталобік не заменяць пангасіуса і тэлапію

Источник материала:  
09.02.2011 09:08 — Новости Экономики

Дзяржкантроль: карп і таўсталобік не заменяць пангасіуса і тэлапію


"Звязда" ўжо неаднаразова пісала пра забарону ў 2011 годзе на імпарт у краіну прэснаводнай рыбы і філе з яе. У снежні мінулага года Міжведамасная камісія на чале з Міністэрствам гандлю прыняла рашэнне не вызначаць пераможцу конкурсу на права імпарту філе і іншага мяса прэснаводнай рыбы ў сувязі з тым, што існуюць рэсурсы айчыннай прэснаводнай рыбы для яго вытворчасці. Гэтае рашэнне выклікала актыўнае абмеркаванне ў СМІ. Да аналізу рыбнага рынку краіны звярнуўся і Камітэт дзяржаўнага кантролю.

Спажывец "галасуе" рублём

— Мы разумеем, што абарона айчыннага вытворцы неабходная, — падзяліўся сваім меркаваннем з журналістамі начальнік галоўнага ўпраўлення кантролю спажывецкага рынку і сферы паслуг Уладзімір КАЛЕНІК. — Але гэтая абарона павінна суправаджацца рэальным імпартазамяшчэннем. Мы прааналізавалі, наколькі захоўваецца такая ўмова. У 2010 годзе ў Беларусі было выраблена толькі 141,5 тоны рыбнага філе марожанага, прычым не толькі з айчыннай сыравіны. Разам з тым імпарт філе прэснаводнай рыбы склаў 5,3 тысячы тон. Гэта значыць, што ў аб'ёме ўсёй вытворчай таварнай рыбнай прадукцыі айчынная доля, калі не лічыць кансерваў, складае толькі 2 працэнты! Пры гэтым імпарт на 99,9 працэнта складаўся з двух відаў рыб: пангасіуса і тэлапіі. Не трэба быць вялікім аналітыкам, каб зрабіць вынік, што айчынныя карп і таўсталобік не заменяць тыя два віды рыбы, якія ўвозіліся раней у нашу краіну.

Аналітыкі спажывецкага рынку ў галоўным кантрольным ведамстве Беларусі таксама згодныя, што аб'ядноўваць імпартную і айчынную прэснаводную рыбу можа толькі асяроддзе пражывання — прэсная вада. Што тычыцца пажыўных і смакавых характарыстык, то яны розныя. Але самае галоўнае — непараўнальныя цэны. У мінскіх крамах філе карпа на пачатку лютага прадавалася па 20 650 рублёў за кілаграм, таўсталобіка — 18 450 рублёў, філе пангасіуса — 11 370 рублёў.

— Праўда, філе тэлапіі прадавалася за 22 580 рублёў за кілаграм, — заўважае Уладзімір Каленік. — Аднак за паўтара месяца магазін прадаў толькі адзін кілаграм філе таўсталобіка, а філе тэлапіі — 478 кілаграмаў за 2 тыдні! Гэта кажа пра тое, якія б мы адміністрацыйныя альбо іншыя меры ні прымалі, выбар застаецца за спажыўцом. Таму Камітэт дзяржаўнага кантролю лічыць, што падобныя добрыя намеры могуць выклікаць у спажыўцоў толькі незадаволенасць умяшаннем дзяржавы ў працэс, які яны самі рэгулююць і вызначаюць для сябе.

Дзяржкантроль лічыць, што рашэнне Міжведамаснай камісіі нанясе ўдар і па таваразвароце, і па спажывецкім рынку краіны. У сувязі з тым, што рашэнне Міжведамаснай камісіі прадугледжвае па выніках першага квартала магчымасць аднаўлення імпарту марожанага філе прэснаводных рыб, кантралёры прапанавалі яшчэ раз усебакова прааналізаваць сітуацыю і вынесці адпаведнае рашэнне.

Як тады прадаць таўсталобіка?

Для таго, каб айчынная рыба набыла падобную в'етнамскай папулярнасць, трэба не забараняць апошнюю, да якой прывык і якую з большым задавальненнем выбірае пакупнік, а ўмець падаць і сапраўды вельмі захацець прадаць першую. Аналіз дзяржкантролю сведчыць, што далёка не ўсё тут зроблена як вытворцамі рыбы, так і гандлёвымі арганізацыямі.

Большую частку сажалкавай айчыннай рыбы па-ранейшаму прадаюць вытворцы самастойна. Крамы, нават тыя, якія маюць магчымасць прадаваць жывую рыбу, не заўсёды ахвотна за гэта бяруцца. Пагадненне, якое заключылі Міністэрства гандлю і Міністэрства сельскай гаспадаркі і харчавання на пастаўку на ўнутраны рынак сажалкавай рыбы, у другой палове 2010 года не выконвалася. Па разліках Дэпартамента па меліярацыі і воднай гаспадарцы Мінсельгасхарча, больш за 80 працэнтаў прадпрыемстваў рознічнага гандлю, якія мелі магчымасць гандляваць жывой, ахалоджанай, марожанай, а таксама перапрацаванай рыбай, не рабілі гэтага.

У райцэнтрах абсталяванне часта ўвогуле не дазваляе гандляваць жывой рыбай. Такім чынам, айчынная сажалкавая рыба даходзіць далёка не да ўсіх пакупнікоў.

З іншага боку, асартымент беларускай рыбы невялікі: 95 працэнтаў складае жывы карп. А попыт на шчупака, карася, судака і сазана застаецца незадаволеным. Такую рыбу можна набыць толькі з машын рыбгасаў. Магчыма, праблема рэалізацыі таксама ў небагатым асартыменце перапрацаванай рыбы і паўфабрыкатаў з яе. Рыбныя гаспадаркі перапрацоўваюць толькі 5 працэнтаў ад агульных аб'ёмаў таварнай харчовай рыбнай прадукцыі. Гандлёвыя арганізацыі неаднаразова прапаноўвалі рыбгасам пашырыць асартымент іх прадукцыі, але гэтыя прапановы не заўсёды былі пачуты.

Аднак самае, напэўна, вызначальнае ў гэтай сітуацыі — цана. Часам марская разабраная рыба каштуе больш танна, чым жывы карп, які вырасцілі за 30 кіламетраў ад крамы. Адходы ж пры разбіранні яго, між іншым, дасягаюць 40 працэнтаў.

Па выніках вывучэння сітуацыі на рыбным рынку Камітэт дзяржаўнага кантролю накіраваў аналітычныя матэрыялы ў Савет Міністраў, рэкамендаваў ураду максімальна ліквідаваць недахопы па руху айчыннай рыбы да спажыўца, прыняць дзейныя меры па пашырэнні наменклатуры сажалкавай рыбы і вырабаў з яе.

←На белорусском рынке официально стартовал всемирно известный аудиторский бренд “Baker Tilly”

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика