Заіка: Расійскія "акулы" хочуць "з'есці" беларускія НПЗ

Источник материала:  
14.01.2011 19:38 — Новости Экономики

Заіка: Расійскія "акулы" хочуць "з'есці" беларускія НПЗ


Пра тое, навошта перапыненыя пастаўкі расійскай нафты на беларускія НПЗ, калі знікне бензін з нашых АЗС і ці запоўніць Уга Чавес бакі беларускіх аўтамабілістаў, Еўрарадыё пагутарыла з эканамістам Леанідам Заікам.

Еўрарадыё: Наколькі я разумею, у нафтавай галіне палітычныя інтарэсы Расіі адышлі на другі план і расійскія кампаніі дзейнічаюць выключна з інтарэсаў бізнэсу?

Леанід Заіка: Пункт першы: за апошнія 20 гадоў у Расіі не пабудавана ніводнага нафтаперапрацоўчага завода. Пункт другі: гэта бізнэс, нічога асабістага! Беларускія заводы ў Мазыры і Наваполацку — з дзяржаўным кіраваннем, з постсавецкімі дырэктарамі і менеджарамі — смешныя з пункту гледжання расійскіх акул, бізнэсоўцаў новага пакалення. Яны папросту хочуць іх з'есці, і гэта натуральна.

Далей: беларускія прадпрыемствы — гэта добрая танная прынада. Расійскаму бізнэсу трэба іх "заваліць", зараз ён гэтым і заняты.

Еўрарадыё: Гэта зараз і адбываецца? Я маю на ўвазе адсутнасць паставак нафты з Расіі з Новага года.

Леанід Заіка: І адсутнасць паставак нафты, а яшчэ пасля выявіцца, што і каталізатараў няма, пасля — што трубы не таго дыяметру, пасля — што няма валюты для закупкі нафты, не хапае расійскіх рублёў... Вось такая ў нас пачалася паласа пазіцыйнай барацьбы за ўласнасць.

Еўрарадыё: Ваш прагноз: ці знікне бензін з беларускіх бензакалонак? І калі так — дык калі, а калі не — дык адкуль ён возьмецца?

Леанід Заіка:
Я з задавальненнем бы дачакаўся таго часу, калі з беларускіх бензакалонак знікне беларускі бензін. Тады б я з задавальненнем пачаў запраўляцца расійскім бензінам, які б каштаваў, напрыклад, не 2 тысячы 870 рублёў, а, скажам, 2 тысячы роўна. Я чакаю гэтага часу. У нас жа агульная мытная прастора! Зараз ніхто вам не перашкаджае ўзяць у Смаленску дзве бочкі з бензінам ім прывезці іх сюды. І прадаць чыноўнікам з Мінэнерга.

Еўрарадыё: Але я так разумею, што венесуэльскія танкеры, што па-ранейшаму ідуць у Беларусь, адтэрміноўваюць гэтую сітуацыю?

Леанід Заіка:
Усё гэта смешныя дрыблінгі дзіцячых камандаў на прыз "Скураны мяч". Вялікая, сур'ёзная нафта — вядома, толькі з Расіі. Другое: мы жывем у Мытным саюзе. Ужо падпісалі і ратыфікавалі 17 дакументаў па Адзінай эканамічнай прасторы. Ездзіў прэзідэнт, даў народу справаздачу. Пераабралі прэзідэнта. Усё мусіць быць ціп-топ, а кошты на бензін у Мытным саюзе мусяць быць аднолькавыя што ў Расіі, што ў Беларусі, што ў Казахстане. Яны ж рынкавыя, значыць, мусяць усталявацца на адным узроўні, а калі гэтага не адбываецца — няма чаго будаваць Мытны саюз. Тое, што адбываецца цягам апошніх месяцаў, адлюстроўвае дрэнную эканамічную падрыхтоўку чыноўнікаў, якія не разумеюць, што стварылі. А стварылі яны Мытны саюз! Усё! Ні венесуэльская, ні якая-небудзь бразільская нафта больш не граюць ніякай ролі!

Еўрарадыё: Наколькі я памятаю, нафтапрадуктамі, вырабленымі з венесуэльскай нафты, нельга гандляваць у межах Мытнага саюза Беларусі, Расіі і Казахстана. Такім чынам, на беларускія АЗС бензін з венесуэльскай нафты не трапіць?

Леанід Заіка:
Калі ў маладосці я выкладаў ва ўніверсітэтах розных краінаў, у тым ліку і Беларусі, студэнтам 3 курса тлумачыў: калі ёсць Мытны саюз — трэба краіны, што ў яго ўваходзяць, абвесці чырвонай лініяй. Яны свае ўнутраныя рынкі закрываюць! Усё, закрываюць! І венесуэльская нафта там можа з'явіцца толькі ў рэжыме часовага захавання і перапрацоўкі. У Мытным саюзе — свабодна рухаюцца тавары, паслугі, працоўная сіла і капіталы. А ўсіх звонку пасылаюць на тры літары. Ці на чатыры — у залежнасці ад узроўню лексічнай падрыхтоўкі.

Карацей, беларускім аўтамабілістам застаецца толькі чакаць, калі ж расійскія і беларускія ўрады і бізнэсоўцы дамовяцца паміж сабой на кошты, па якіх нафта з усходу ізноў пацячэ на нашыя НПЗ. Але заправіць на ўсялякі выпадак поўны бак не будзе лішнім.

←Порядок заполнения деклараций для граждан в Таможенном союзе изменился незначительно

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика