Пяцьдзесят на пяцьдзясят. Абноўленыя банкноты наміналам 50 рублёў і 50 тысяч рублёў дапоўняць цяперашнія з 29 снежня
З канца бягучага года жыхары Беларусі змогуць расплачвацца за пакупкі новымі банкнотамі. У дадатак да цяперашніх 50-рублёвых і 50-тысячных купюр Нацыянальны банк выпусціць у абарачэнне іх мадыфікацыі.
Выгляд новых банкнот застанецца такім жа, як і быў раней. Галоўнае адрозненне заключаецца ў тым, што на іх у адпаведнасці з новымi Правiламi беларускай арфаграфii i пунктуацыi слова “пяцьдзЕсят” заменяць на “пяцьдзЯсят”. Акрамя таго, адбудуцца тэхналагічныя змены: у новай банкноце наміналам 50 рублёў не будуць выкарыстоўваць ахоўную нітку, што дазволіць сэканоміць грошы на друку, а на 50-тысячнай замест палiмернай празрыстай нiткi будзе металiзаваная. Год выпуску на банкноце будзе пазначаны ранейшы, 2000-ы. Грошы старога ўзору, як паведаміў “НГ” начальнік упраўлення інфармацыі Нацыянальнага банка Анатоль Драздоў, будуць свабодна выкарыстоўвацца яшчэ неабмежаваны тэрмін. Знікаць са звароту яны будуць паступова, па меры іх фізічнага зносу.