Золата - самы надзейны грашовы эквівалент?

Источник материала:  
22.12.2010 13:10 — Новости Экономики

Золата - самы надзейны грашовы эквівалент?


Золата - самы надзейны грашовы эквівалент?На тэму неўміручасці золата, як самага надзейнага грашовага эквіваленту, наш карэспандэнт гутарыць з вядомым беларускім эканамістам, членам Грамадска-кансультацыйнага Савета пры Адміністрацыі Прэзідэнта Л.Ф. Заікам.

— Ёсць такі ўстойлівы выраз: "Грошы любяць цішыню". Але тое, што на працягу некалькіх апошніх месяцаў адбываецца вакол грошай у шэрагу еўрапейскіх краін з-за неабходнасці большасці іх насельніцтва жыць па сродках, істотна абмежаваць свае патрэбы, часам зацягнуць паясы, а ўрадам жорстка эканоміць бюджэтныя грошы, наводзіць на сумны роздум. Дастаткова ўзгадаць яшчэ нядаўна беспраблемную ў гэтым сэнсе зону еўра, той жа так званы "кельцкі тыгр" Ірландыю. Дык чаму сёння грошам не да цішыні?

— А таму што сітуацыя на глабальных валютных рынках наблізілася да той фазы, калі не выключана грашовая рэвалюцыя. У нашай з вамі Еўропе грошы толькі мараць аб цішыні. За Грэцыяй і Ірландыяй фінансавыя непрыемнасці могуць пачацца ў Іспаніі, Партугаліі і іншых краінах, куды перамяшчаецца эпіцэнтр еўрапейскага крызісу. Нездарма на саміце ЕС, які днямі адбыўся ў Бруселі, вырашана стварыць адпаведны стабілізацыйны фонд. Так што цяперашні курс еўра і долара не павінны нас вельмі супакойваць. Глабальны крызіс не скончыўся.

— Леанід Фёдаравіч, ну не палохайце нас так перад Новым годам! Няўжо так рэальна грашовая рэвалюцыя, пра якую вы кажаце?

— Паверце, так. За апошнія 200 гадоў тэорыя, якая абгрунтоўвала мэтазгоднасць існавання грашовых папяровых банкнот, зайшла ў тупік. Існуе некалькі пунктаў погляду на гэтую праблему існавання і функцыяніравання валют. Першы — грошы павінны мець таварную прыроду. Калі кіравацца гэтай логікай, то функцыю грошай неабходна выконваць каштоўным металам — золату і срэбру. Другі пункт погляду — грошы маюць дзяржаўную прыроду, а таму сіла грошай вызначаецца магутнасцю дзяржавы. У прыватнасці, амерыканцы лічаць сваю дзяржаву самай моцнай, а свае грошы — галоўнымі ў свеце. А таму друкуюць іх колькі ім захочацца ці патрэбна на пэўны момант.

— І не без падстаў, бо іх долар, сапраўды, сусветная валюта. Праўда, у яго ёсць моцны канкурэнт — еўрапейская валюта. Дарэчы, ці скончыўся крызіс еўра?

— Еўрапейская валюта — гэта, скажам прама, прыдуманыя грошы. Яны дазваляюць жыхарам зоны еўра падманваць саміх сябе ўжо на працягу больш за дзесяць гадоў. Еўрапейцы лічаць, калі ў іх моцная інтэграцыя, то ў іх і моцныя грошы.

— Аднак у краінах Еўрасаюза даволі моцная эканоміка, а таму еўрапейцы могуць сабе дазволіць так думаць. Згодныя?

— Не. У Кітая яшчэ больш моцная эканоміка, а яны нос не задзіраюць, хоць, здавалася, можна было б. Але не аб гэтым размова, а пра тое, што Кітай з'яўляецца адным з асноўных гульцоў на міжнародным фінансавым рынку. А там на працягу апошняга дзесяцігоддзя паступова выспяваў глабальны валютны канфлікт паміж амерыканскім доларам, еўра і кітайскім юанем. Узнікла даволі жорсткая канкурэнцыя гэтых трох цэнтраў эканамічнай і фінансавай сілы за панаванне іх валюты ў свеце. Адзін з правераных спосабаў зрабіць свае грошы больш надзейным, а айчынныя тавары, якія ідуць на экспарт, канкурэнтаздольнымі, — панізіць курс уласных грошай адносна ўзроўню іншых галоўных сусветных валют. Так і рабілася. І ўжо валютна-фінансавыя супярэчнасці дайшлі да кропкі кіпення. Пра гэтыя супярэчнасці паміж ЗША і Еўрасаюзам, ЗША і Кітаем, на жаль, многія людзі, якіх называюць чамусьці "простымі", мала што ведаюць. Так, да іх даходзяць са спазненнем водгукі буйных міжнародных валютных баталій. А таму звычайныя людзі часцей за ўсё церпяць ад гульняў па вялікім рахунку на валютных біржах.

— Ці магчыма супыніць нарэшце гэтую анархію?

— Можна і трэба гэта зрабіць, бо, шчыра кажучы, канца не бачна валютнаму валюнтарызму і эксперыментам. Скажам, увесь свет узварухнула навіна аб намеры ЗША надрукаваць дадаткова 600 мільярдаў долараў на свае патрэбы. Мог разгарэцца чарговы глабальны фінансавы канфлікт. Як рэакцыя, у адказ узнялася бура абурэнняў. Гэта прымусіла амерыканцаў не ўключаць друкарскі станок на ўсю магутнасць, але хто скажа — ці надоўга? На мой погляд, у Вашынгтоне, фінансавых колах ЗША з трывогай чакаюць вынікаў года. Калі яны будуць дрэннымі, то не сумнявайцеся — друкарскі станок пачне выдаваць запланаваныя мільярды вечназялёных долараў насуперак пратэстам іншых краін.

Сёння становіцца ўсё больш відавочным, што сучасная валютная сістэма зжыла сябе. Ёсць сродак раз і назаўсёды пакончыць з грашовымі непаразуменнямі, якія ўсё часцей перарастаюць у "валютныя" войны. Выйсце — вяртанне да золата. Гэтая ідэя ўсё больш авалодвае сусветнай супольнасцю эканамістаў і фінансістаў. Невыпадкова кіраўнік Сусветнага банка Роберт Зэлік нядаўна выказаў думку аб тым, што сусветныя валюты зноў трэба прывязаць да золата. Прасцей кажучы — грашам трэба вярнуць іх аб'ектыўную аснову.

— Калі ласка, скажыце яшчэ прасцей. Нам што цяпер прыйдзецца залатыя манеты ці зліткі насіць у скураной торбачцы? Гэта і ёсць аб'ектыўная аснова новых грошай?

— Торбачка — не самы дрэнны падыход. Жартую. Сэнс пераходу на залатыя грошы заключаецца ў тым, што кожная дзяржава будзе выпускаць столькі папяровых ці электронных грошай, колькі ў яе нацыянальным банку захоўваецца залатых зліткаў. Напрыклад, так робіць Швейцарыя. Таму невыпадкова, калі сёння долар ніяк не набывае былую ўстойлівасць, усе сталі часцей глядзець у бок Швейцарыі. Яе досвед, аказваецца, можа быць вельмі карысным для астатніх краін. Скажам, Кітаю, які ў 80-90-х гадах мінулага стагоддзя ўсе разлікі рабіў у швейцарскіх франках. Потым, праўда, перайшоў на амерыканскі долар. Пэўны час гэта было надзейна, выгадна і, самае галоўнае, — стабільна. Цяпер той стабільнасці няма.

На мой погляд, мы будзем вымушаны стварыць сусветны валютны саюз, які нібы аб'яднае ўсе запасы золата. Напрыклад, калі нейкая ўмоўная краіна мае дзесяць тон золата, то яна будзе мець права пад гэты аб'ём выпусціць пэўную колькасць умоўных адзінак грошай. І аніякіх дадруковак лішніх папяровых грашовых знакаў. Бо пакупніцкая здольнасць кожнай нацыянальнай валюты будзе вызначацца яе залатым забеспячэннем. Проста, як усё геніяльнае, а галоўнае — гарантуецца стапрацэнтная надзейнасць грошай. І паверце, гэта рэальная перспектыва. І тады куды менш стане актаў сацыяльных пратэстаў, якія апошнім часам адбываюцца то ў адной, то ў іншай еўрапейскай краіне, у тым ліку і зоны еўра.

— Як шмат спатрэбіцца часу для ўвядзення залатога стандарту?

— Думаю, што чатырох-пяці гадоў хопіць, каб вырашыць усе тэхнічныя пытанні, выпрацаваць новыя падыходы да разлікаў у знешнім гандлі. Напрыклад, за партыю экспартнага тавару ў Расію мы атрымаем умоўную тону золата. Вядома, гэты каштоўны метал не трэба будзе цягаць туды-сюды. Разлікі будуць весціся ў залатых умоўных адзінках.

— А вы ўпэўнены ў тым, што амерыканцы пойдуць на гэта? Яны ж маюць вялікую выгаду ад друкавання сваіх папяровых грашовых знакаў.

— І, адпаведна, шмат эканамічных і сацыяльных праблем. Акрамя гэтага, у ЗША велізарныя запасы золата. А таму многія палітыкі і эканамісты, у тым ліку і Роберт Зэлік (між іншым, былы адказны работнік міністэрства фінансаў ЗША), выдатна разумеюць, што сучасная валютная сістэма ўжо трашчыць, а прапановы вярнуцца да залатога стандарту маюць пад сабой трывалую глебу. На іх думку, неабходна новая сістэма, у якой золата будзе выступаць у якасці арыенціра рыначных чаканняў паказчыкаў інфляцыі, дэфляцыі і будучай цаны валют. Пры гэтым у новую сістэму неабходна ўключыць асноўныя сусветныя валюты: долар, еўра, ена, брытанскі фунт і кітайскі юань. Але ўсе яны павінны быць так або інакш прывязаны да золата. Амерыканцы, як, дарэчы, і кітайцы, на ўласным досведзе пераканаліся ў тым, што хітрыя спробы абараніць уласную валюту потым няўхільна выклікаюць сур'ёзныя супярэчнасці і праблемы з іншымі краінамі. Але чым больш жорсткімі будуць валютныя войны, тым хутчэй з'явяцца залатыя грошы.

— Ёсць у вашых разважаннях свая "жалезная" логіка на карысць увядзення залатога стандарту. Але цяжка паверыць у тое, што вядучыя дзяржавы змогуць дамовіцца па золаце. А як вы думаеце?


— Калі моцна захочуць, то змогуць. Ды і ўсё новае, як вядома, — гэта добра забытае старое. Да пачатку 70-гадоў усе краіны разлічваліся залатым эквівалентам. Потым амерыканцы літаральна навязалі ўвядзенне міжнародных разлікаў у доларах. А чаму зараз нельга вярнуцца дзяржавам да былой праверанай практыкі? Увогуле ўрэгуляваць гэтае пытанне — не праблема. Галоўнае, дамовіцца па прынцыповых пытаннях. А далей будуць працаваць тыя ж грошы, выкарыстоўвацца банкаўскія карткі. Знешне нічога амаль не зменіцца. А курсы валют будуць ясныя і простыя як сляза дзіцяці. Напрыклад, пэўная колькасць беларускіх рублёў будзе адпавядаць адной міжнароднай залатой адзінцы, пакупніцкая здольнасць Беларусі, іншых краін будзе напрамую залежаць ад залатога запасу. А ён у нас, як многія бачылі па тэлебачанні, даволі значны.

— А што можа затармазіць пераход, ці дакладней, вяртанне да залатога стандарту?

— У першую чаргу тормаз знаходзіцца ў галовах людзей, у тым ліку разумных, адукаваных і вельмі дасведчаных у грашова-фінансавай праблематыцы. Яшчэ ў асяроддзі эканамістаў і фінансістаў моцныя ўяўленні аб тым, што золата — гэта, маўляў, састарэлы эквівалент грошай. Але ўзнікае сустрэчнае пытанне: чаму ж тады сёння на міжнародных рынках золата выкарыстоўваецца як альтэрнатыўная валюта? На жаль, вырашыць валютныя супярэчнасці і дамовіцца краінам так і не атрымалася на апошнім саміце "вялікай дваццаткі". Была толькі ўзгоднена дэкларацыя, у якой заклікалася спыніць друкаванне лішніх грашовых знакаў. Але яна — што мерцвяку прыпаркі. Я думаю, што амерыканцы ўсё ж надрукуюць дадатковыя 600 мільярдаў сваіх "зялёных" паперак. І зноў вакол долара ўздымецца хваля чутак і самых неверагодных прагнозаў: ад небывалага ў недалёкай будучыні яго ўзлёту да канчатковай страты пазіцыі сусветнага фінансавага лідара. Як гаворыцца, мы ўжо гэта праходзілі. Невыпадкова зараз Кітай рыхтуецца да пераходу на залаты юань. І нам варта ўжо цяпер думаць пра будучыя залатыя грошы.

←Одобрен ряд договоров по формированию ЕЭП

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика