На беларускія НПЗ пойдзе нафта з Азербайджана?

Источник материала:  
09.12.2010 10:38 — Новости Экономики
Беларусь не будзе вазіць венесуэльскую нафту праз паўсвету танкерамі, а, па ўсёй верагоднасці, будзе прадаваць яе ў Амерыцы. Атрыманая выручка будзе выкарыстоўвацца для пакупкі нафты на тэрыторыі СНД. Такая выснова напрошваецца ў сувязі з апошнімі заявамі ўрада.

Аб тым, што Беларусь зацікаўленая ў аптымізацыі сістэмы паставак нафты з Венесуэлы, падчас усебеларускага народнага сходу паведаміў першы віцэ-прэм’ер Беларусі Уладзімір Сямашка.

«Я быў пару дзён таму ў Лондане, Жэневе, вырашалі гэтыя праблемы. І вырашылі, падпісалі адпаведныя дакументы, што будзем аптымізаваць яшчэ схемы. Будуць так званыя своп-схемы. Гэта дазволіць зэканоміць на кожнай тоне нафты 10–11 даляраў», — цытуе віцэ-прэм’ера БЕЛТА.

Варыянт паставак нафты з Венесуэлы па своп-схемах першапачаткова быў самым аптымальным. Беларусь купляе нафту ў Чавеса, прадае яе, да прыкладу, у Паўночнай Амерыцы, а за атрыманыя сродкі купляе нафту ў Расіі, якая можа пастаўляць сыравіну па трубе.

Але венесуэльская «Санта-Барбара» выявілася якаснейшай за расійскую Urals. А самае галоўнае, дастаўка нафты танкерамі з Венесуэлы зрабілася справай прынцыпу. Партнёру па саюзнай дзяржаве, які не жадае ісці на цэнавыя кампрамісы па пастаўках нафты, трэба было прадэманстраваць, што сыравіну можна купляць не толькі ў Расіі. Адлегласці — не перашкода.

Запланаваны цяпер пераход на своп-схемы можна ўспрымаць як перамогу здаровага сэнсу. З іншага боку, улады да гэтага часу не агучылі ўмовы дамоўленасцяў з Чавесам, затое перыядычна не без гонару падкрэсліваюць, што прывезці і перапрацаваць нафту з Венесуэлы значна выгадней, чым купіць расійскую з мытамі.

Падчас Усебеларускага народнага сходу Аляксандр Лукашэнка скарыстаўся момантам, каб яшчэ раз ўкалоць Расію і ўсіх скептыкаў, якія лічаць, што праект з Венесуэлай супярэчыць як лагістычным, так і эканамічным законам нафтавага рынку.

«Ну Лукашэнка, ну дурылка, што за эканаміст, гэта ж так нявыгадна… Вы што, думаеце, што я б сюды нафту вёз, калі б яна была стратная? Дык у нас нафты стратнай хапае. Не трэба нікуды ехаць. Расія залье заўтра нафтай. Але мы, перапрацаваўшы па той цане, якую Расія нам прапанавала, апынемся не проста ў тупіку, а ў яме…

Таму я па свеце пачаў шукаць нафту. І мы яе знайшлі. 10 млн тон у год самай якаснай нафты „Санта-Барбара“, лёгкай нафты… Падкрэсліваю, рэнтабельнай нафты. Гэта навука ўсім, хто спрабуе з пазіцыі сілы размаўляць з Беларуссю»,

 — заявіў Лукашэнка.

У кастрычніку Беларуская нафтавая кампанія і венесуэльская PDVSA заключылі пагадненне на пастаўку 30 млн тон нафты ў 2011–2013 гадах. Але, падобна, у сувязі з пераходам на своп-схемы да Беларусі гэтая нафта не дойдзе. Вялікая верагоднасць, што на беларускія НПЗ будзе паступаць нафта з Азербайджана.

Такая магчымасць абмяркоўвалася паміж Аляксандрам Лукашэнкам і прэзідэнтам Дзяржаўнай нафтавай кампаніі Азербайджана Раўнагам Абдулаевым яшчэ ў лістападзе.

«Вы выйграеце дзясяткі даляраў на адной тоне, мы таксама выйграем. Я думаю, гэта цалкам натуральна. Гаворка ідзе пра прапампоўку вашай нафты на нашы заводы па нафтаправодзе Адэса-Броды з выхадам на «Дружбу», — канкрэтызаваў Лукашэнка інтарэсы Беларусі.

Як стала вядома Naviny.by, Беларуская нафтавая кампанія і Дзяржаўная нафтавая кампанія Азербайджана ўжо вядуць перамовы аб пастаўках нафты па своп-схеме з выкарыстаннем нафтаправода Адэса-Броды ўжо з 2011 года.

Выкарыстанне трубаправоднага транспарту для паставак сыравіны з фінансавага пункту гледжання найбольш выгаднае ў параўнанні з іншымі каналамі паставак. Гэта пацвердзіла і пробная прапампоўка расійскай Urals па Адэса-Бродах у лістападзе. Па словах Уладзіміра Сямашкі, такі спосаб транспартавання дазволіць Беларусі эканоміць 30 даляраў на тоне нафты.

Азербайджанскі бок таксама зацікаўлены ў пастаўках нафты па Адэса-Бродах у Беларусь. Як заявіў кіраўнік Бакінскага цэнтра эканамічнага і сацыяльнага развіцця Вюгар Байрамаў, «пастаўка азербайджанскай нафты ў Беларусь цяпер здаецца больш рэальнай, чым раней, і апошнія перамовы паказваюць, што гэтае супрацоўніцтва абяцае вялікія магчымасці».

Беларусь апынулася ў сферы інтарэсаў Азербайджана ў сувязі з планамі па нарошчванні экспарту нафты ў Еўропу. Вюгар Байрамаў растлумачыў, што магчымасці нафтаправода Баку-Тбілісі-Джэйхан, па якім цяпер ажыццяўляюцца пастаўкі азербайджанскай нафты, выкарыстоўваюцца цалкам. А вытворчасць нафты пастаянна расце.

Паводле яго словаў, у 2009 годзе ў Азербайджане было выраблена 50,3 млн тон нафты, з іх 44,4 млн тон было экспартавана. У 2010–2011 гадах чакаецца павелічэнне вытворчасці нафты. Асабліва ўзрасце здабыча, пачынаючы з 2014.

У сувязі з гэтым паўстала пытанне аб пошуку альтэрнатыўных нафтаправодаў, і Адэса-Броды — якраз прыдатны канал для нарошчвання экспарту нафты ў Еўропу. Праўда, як адзначаюць эксперты, умовай эфектыўных паставак нафты ў Еўропу стане дабудова нафтаправода да польскага Гданьска.

Вюгар Байрамаў між тым адзначае, што «перш чым гэты праект запрацуе, трэба правесці фізічнае даследаванне для выяўлення прадуктыўнасці нафтаправода Адэса-Броды, вызначыць эканамічную рацыянальнасць праекту, вызначыць, у якія краіны мэтазгодна пастаўляць па ім нафту».

Паводле яго словаў, для рэнтабельнай працы нафтаправода неабходна, каб аб’ём нафты складаў не менш як 7 млн тон. Каб нафтаправод працаваў рэнтабельна і на першаснай стадыі, патрабуецца перапампаваць 10 млн тон нафты.

«Калі ў гэтым годзе з дапамогай нафтаправода Адэса-Броды нафта будзе перапампаваная, то Азербайджан зможа паставіць 6 млн тон. Праз два гады Азербайджан зможа адправіць у Еўропу 10 млн тон нафты», — заявіў Байрамаў.

Разам з тым, ён не ўдакладніў, колькі нафты з гэтага аб’ёму можа быць пастаўлена ў Беларусь.

У той жа час Байрамаў падкрэсліў, што па якасці азербайджанская нафта лепшая за венесуэльскую. «І таму адзін барэль азербайджанскай нафты даражэйшы за барэль венесуэльскай нафты на пяць даляраў», — адзначыў ён. Гэта значыць, што адна тона азербайджанскай нафты будзе абыходзіцца Беларусі прыкладна на 36 даляраў даражэй за венесуэльскую.

Як адзначае Вюгар Байрамаў, цана будзе наўпрост залежаць ад тарыфаў на транзіт: «Азербайджан не зацікаўлены ў павелічэнні транзітных выдаткаў і імкнецца да таго, каб яго нафта была таннейшая за расійскую. І апошнія падлікі кажуць аб тым, што калі праект нафтаправода рэалізуецца, нафта, якая экспартуецца па ім, будзе таннейшая за расійскую».

Падзяліцца навіной: 
naviny.by

←Беларусь: долгосрочный прогноз основных экономических показателей

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика