Спадар Раманчук супраць таварыша Тура
Падчас правядзення ХІІІ Мінскага форума разгарэўся працяг дыскусіі наконт эканамічнага развіцця краіны паміж намеснікам міністра эканомікі Беларусі Андрэй Турам і прэтэндэнтам на пасаду прэзідэнта Яраславам Раманчуком.
Першая спрэчка была завочнай і датычылася «эканамічнага экстрэмізму».
Паўтара тыдні таму Андрэй Тур, адказваючы на пытанні журналістаў наконт праграмы Раманчука «Мільён працоўных месцаў», заявіў, што бачыць у ёй праявы «эканамічнага экстрэмізму».Раманчук адказаў у інтэрнэце артыкулам, у якім прывёў дзесяць прыкметаў экстрэмізму у беларускім эканамічным курсе.
Працяг спрэчкі адбыўся падчас ХІІІ Мінскага форума датычыўся эфектыўнай прыватызацыі.
Раманчук мяркуе, што любая прыватызацыя, праведзеная ў канкурэнтных умовах, эфектыўная. «А не тое, што выставілі на продаж пяць буйных прадпрыемстваў — і не атрымалі ніводнай прапановы, таму што пакупнікам давалі ў нагрузку 25 дадатковых умоў, — абураецца Раманчук. —Ці калі камусьці прадавалі зямлю ў цэнтры Мінска». Кампанія, якая прыватызуе прадпрыемства, мае права рабіць з ім што заўгодна, мяркуе эканаміст. «Гэта сусветная практыка», — упэўнены ён.
Андрэй Тур перакананы, што трэба перастраховаўцца: «А калі яны выкупяць прадпрыемства і спыняць вытворчасць, каб не ствараць канкурэнцыі такім самым заводам у Расіі і Украіне?»
Дзяржава мусіць клапаціцца пра людзей і працоўныя месцы, мяркуе намеснік міністра эканомікі Беларусі.«Вы супярэчыце сабе, Яраслаў. Вы хочаце стварыць мільён працоўных месцаў, але не думаеце пра ўжо існуючыя» , — заявіў Андрэй Тур.
З ярлыка «эканамічны экстрэмізм» у дачыненні да Раманчука Андрэй Тур перайшоў на іншы, менш радыкальны — «эканамічны рамантызм».Раманчук, у сваю чаргу, прапанаваў перайсці да адкрытай грамадскай дыскусіі: «Прыйшоў час перанесці на публіку тое, што мы з вамі, Андрэй Мікалаевіч, абмяркоўваем у кулуарах».
Задаючы адно з пытанняў, віцебскі журналіст звярнуўся да выступоўцаў «спадар Раманчук і таварыш Тур», чым выклікаў прыхільныя усмешкі прысутных.
Намеснік міністра эканомікі выступае за павольныя і асцярожныя рэформы ў гаспадарцы, у той час як прэтэндэнт на пасаду прэзідэнта прапануе хуткі пераход на рынкавай эканомікі.Яўген Васількоў