Дэлегацыя на чале з Сямашкам адправілася ў Індыю
Як паведамляе прэс-служба Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях, у складзе дэлегацыі — старшыня ДКНТ Ігар Войтаў. Праграмай яго знаходжання ў Дэлі запланаваныя мерапрыемствы па пытаннях развіцця навукова-тэхнічнага супрацоўніцтва абедзвюх краін.
Такім чынам, плануецца сустрэча з міністрам навукі і тэхналогій Індыі. Мяркуецца, што бакі абмяркуюць актуальныя напрамкі развіцця навукова-тэхнічнай дзейнасці, а таксама разгледзяць ход падрыхтоўкі да пятага пасяджэння сумеснай беларуска-індыйскай камісіі па супрацоўніцтве ў вобласці навукі і тэхнікі. Акрамя таго, распрацоўваюцца перспектывы фарміравання заявак на выкананне сумесных навукова-даследчых праектаў найперш па такіх накірунках, як нанатэхналогіі, біятэхналогіі, генная інжынерыя, лазерна-аптычная тэхніка, медыцына і фармацыя, інфармацыйна-камунікацыйныя і авіякасмічныя тэхналогіі, паведамляе прэс-служба.
Візіт беларускай дэлегацыі завершыцца 28 кастрычніка.
БелаПАН