Альтэрнатыўным маршрутам паставак нафты стане Літва
Беларусь і Літва дамовіліся пра транзыт вэнэсуэльскай нафты праз Клайпедзкі марскі порт. Пра гэта журналістам заявіў генэральны дырэктар Klaipedos nafta Рокас Масюліс.
Двухбаковая рабочая група ў Клайпедзе прыйшла да згоды адносна ўмоваў транзыту нафты. Пры гэтым, адзначыў Масюліс, дамова павінна быць падпісаная на працягу кастрычніка.
Літва, па яго словах, зацікаўлена ў як мага больш доўгатэрміновым супрацоўніцтве, у той час як Беларусі хацелася б заключыць дамову на кароткі час. Масюліс ня ўпэўнены, што дамова ўступіць у сілу ўжо сёлета.
Першы намесьнік прэм"ер-міністра Беларусі Ўладзімер Сямашка заявіў Літоўскаму тэлебачаньні: "Да канца кастрычніка нашы гаспадарчыя суб"екты і Літоўская чыгунка падпішуць канкрэтныя дамовы, па якім са сьнежня ў бліжэйшыя два гады мы транспартуем ня менш чым 2,5 млн. тонаў нафты праз Клайпедзкі порт па чыгунках Літвы і Беларусі на нашы нафтаперапрацоўчыя прадпрыемствы".
БелаПАН нагадвае, што прыблізна месяц таму ў Klaipedos nafta перагрузілі танкер, які даставіў з Вэнэсуэлы 80 тысячаў тонаў нафты для Беларусі.
Радыё «Свабода»