Ці шмат гэта - 16 тысяч за хлеб?

Источник материала:  
31.08.2010 09:42 — Новости Экономики
Днямі ў адным са сталічным ўніверсамаў разам з іншым набыў і хлеб. Проста ўзяў упакоўку з вазка, які толькі-толькі выкацілі ў гандлёвую залу. Мяккі, нарэзаны - якраз на адзін раз на вячэру. Паклаў хлеб у кошык, нават не паглядзеў на цану. Ды яе, па праўдзе, і не было нідзе. Але колькі ён можа каштаваць, нават дарагіх гатункаў? Таму каб дома выпадкова не зірнуў у касавы чэк, гэтае пытанне так бы і засталося таямніцай. Дык вось, 250 грамаў нарэзанага хлеба "Лінеа люкс" я купіў за 3 970 рублёў. Кілаграм, выходзіць, каштуе амаль 16 тысяч...

"Мы не ставім сабе за мэту накарміць усіх"

Лагічным было б думаць, што кошт залежыць ад выкарыстаных інгрыдыентаў. Вывучаю састаў: "мука пшанічная вышэйшага гатунку, сумесь "Лінеа" (мука пшанічная першага гатунку, жытняя, пшанічная салоджаная, абсмажаная, пшанічныя шматкі, сухая пшанічная клейкавіна). Французская здоба (мука пшанічная вышэйшага гатунку, яечны парашок, цукар-пясок, сухая пшанічная клейкавіна, араматызатары, ідэнтычныя натуральным "Сметанковае масла", "Ванілін"), Мельэканом, маргарын 82%, дрожджы хлебапекарныя, цукар-пясок, соль харчовая павараная ёдаваная". Магчыма, справа ў "французскай здобе"? Ці гэты хлеб быў выпечаны ў якой Амерыцы? Ды не — вытворцам пазначанае таварыства з абмежаванай адказнасцю, што месціцца ў Мінскім раёне. Тэлефаную туды, гутару з намеснікам дырэктара фірмы.

- Мы выкарыстоўваем якасную сыравіну для вытворчасці лініі прадуктаў здаровага харчавання. Натуральна, на выхадзе атрымліваецца дарагі прадукт, — гаворыць жанчына.

- Тую самую "французскую здобу"? А ці нельга замяніць яе на такі ж якасны аналаг, але больш танны?

- І яе таксама. У нас толькі адзін расійскі пастаўшчык сыравіны, з якім мы працуем. Альтэрнатывы таму, што мы атрымліваем ад яго, няма, прынамсі мы нічога падобнага не бачылі. Замяніць, зрабіць прадукцыю больш таннай? Вы ведаеце, мы не ставім сабе за мэту накарміць усіх. Тых жа, напрыклад, хлябоў, адзін з якіх вы паспыталі, мы выпякаем толькі 40 боханаў у дзень, і яны разыходзяцца па ўсім Мінску. Ці шмат гэта? Дарэчы, вы елі наш хлеб, ці спадабаўся ён?

- Калі шчыра, за чатыры тысячы рублёў чакаў нечага большага. Смачна, але, на мой погляд, нічога асаблівага.

- Сапраўды, наша прадукцыя дарагая. Але яе набудуць людзі, якія аддаюць перавагу здароваму харчаванню і змогуць дазволіць сабе такую цану. Вы ў наступны раз будзеце проста больш уважліва глядзець на этыкетку.

"Гэта - еўрапейская цана"

Не бачачы перад вачыма саставу хлеба, які паспытаў журналіст "Звязды", начальнік аддзела хлебапякарнай і макароннай прамысловасці дэпартамента па хлебапрадуктах Міністэрства сельскай гаспадаркі і харчавання Марына Кашко пагадзілася пракаментаваць сітуацыю ўвогуле.

- Нашы хлебазаводы выкарыстоўваюць пераважна айчынную сыравіну, за выключэннем таго, што ў нас не вырабляецца, напрыклад, для дэсертных хлябоў патрэбныя разынкі (а вінаграднікаў у краіне няма), арэхі... А ўсё іншае - сваё, айчыннае: мука жытняя і пшанічная, солад, сусла з квасу, бульбяныя крупкі, патака... А наконт вашага пытання адносна замены інгрэдыентаў на больш танныя, скажу так. Каб атрымаўся сапраўды смачны хлеб, на хлебазаводах выкарыстоўваецца працяглы тэхналагічны працэс. Прыватнік сабе такога дазволіць не можа, таму што гэта і памяшканні, і патрэбныя спецыялісты, і час. А яму трэба хутчэй атрымаць прыбытак. Таму ён пераходзіць да паскоранай тэхналогіі, выкарыстоўваючы розныя харчовыя дабаўкі, якія, напэўна, і павялічваюць кошт гатовага вырабу. А чым ён большы, тым большы і прыбытак, - расказала Марына Уладзіміраўна.

Натуральна, ніводны з хлебазаводаў краіны не вырабляе такой прадукцыі, якая каштавала б столькі грошай, як вышэйназваны хлеб ад прыватніка. Суразмоўца назвала цану на апошні еўрапейскай, сказала, што здзіўлена гэтай лічбай.

"Для таго і шчыруем, каб быць з хлебам"

Калі б гаворка ішла пра якія морапрадукты, ці экзатычныя садавіну і гародніну, што не растуць у нас і завозяцца здалёку, дык там, напэўна, не здзівілі б і большыя лічбы на цэнніках. Ды што там казаць, мы ўжо неяк сарамліва амаль звыкліся з прысутнасцю на паліцах у крамах - у "бульбянай" краіне! — "другога хлебу" з якой Галандыі. Але ж прадукт, пра які кажуць, што ён - усяму галава? Тым больш што яшчэ лічаныя дні таму мы былі сведкамі чарговай уборачнай, сачылі за аператыўнымі зводкамі з палёў, за вясковымі працаўнікамі, якія ва ўмовах анамальнай спёкі забяспечвалі харчовую бяспеку кожнага з нас.

Механізатар Сяргей Шкраба з СВК "Краснадворцы" Салігорскага раёна - якраз адзін з такіх працаўнікоў, ён у канцы ліпеня разам з сынам Паўлам быў героем адной з публікацый у "Звяздзе". Што ён думае пра цану кавалка хлеба?

- Калі вы маеце на ўвазе, як ён даецца, дык - нялёгка. А калі пра такія грошы, дык не кожнаму зарплата дазволіць яго купіць, - нешматслоўна, перакрываючы гукі працуючай тэхнікі, адказаў Сяргей Уладзіміравіч. - Але мы для таго і шчыруем, каб усім быць са сваім хлебам.
 

←Курс белорусского рубля крепнет

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика