Даражэйшае, затое не расійскае
Нарэшце грамадскасць атрымала адказ на інтрыгоўнае пытанне: колькі каштуе венесуэльская нафта для Беларусі. Пад прыкрыццём камерцыйнай таямніцы гэтая інфармацыя хавалася больш за тры месяцы.
«Краіна купляе нафту ў Венесуэле па добрай цане. Калі купляць расійскую нафту са стопрацэнтнымі мытамі, Беларусь нясе страты, а на венесуэльскай нафце — выйграе. На нафце, якую мы прывезлі з Венесуэлы, мы зарабілі. Гэта плюс, а не мінус», — казаў два тыдні таму першы віцэ-прэм’ер Беларусі Уладзімір Сямашка.
Высокі чыноўнік недагаворваў, а амбасадар Венесуэлы Амерыка Дыяс Нуньес дадаваў інтрыгі: «Кошт нафты — камерцыйная таямніца, якая калі-небудзь стане вядомай».
Венесуэльская якасць
Адказ на пытанне наконт цэн дадзены Нацыянальным статыстычным камітэтам Беларусі. Па ягоных падліках, краіна ў маі 2010 імпартавала 79,8 тысяч тон нафты з краін далёкага замежжа. Гаворка вядзецца пра першы танкер з Венесуэлы, бо нафта з яго даехала да нашай краіны менавіта ў маі.
У той жа час увесь венесуэльскі імпарт склаў $52,5 мільёны. Калі нічога, апроч нафты, Беларусь у Чавеса не купляла, выходзіць, што тона каштавала $656. Такі факт цалкам імаверны, бо, напрыклад, у 2009 венесуэльскі імпарт быў нулявым. Таму кава ці бананы, якія патэнцыйна наша краіна можа закупаць у Лацінскай Амерыцы, ніякім чынам не псуюць статыстыку.
Хутчэй за ўсё, у цану ўжо ўключаны кошт дастаўкі венесуэльскага паліва ў Беларусь. Шлях ад Каракаса да Мазыра дадаў да кожнай тоны нафты каля $90. Значыць, чыстая нафта ў Венесуэле была купленая за $560.
Нятанна, але паліва «Санта-Барбара», якое пастаўляецца ў Беларусь, — добрай якасці. У параўнанні з расійскім палівам, з венесуэльскага атрымаецца больш нафтапрадуктаў.
Расійская эканомія
А што ж з коштам расійскай нафты? Пачнем падлікі. Усяго Беларусь мае патрэбу ў 20 мільёнах тон нафты штогод. З іх Расія пастаўляе 6,3 мільёна тон бязмытна. Сярэдняя цана бязмытнай расійскай нафты летась складала $256 за тону. Сёлета гэтая цана трохі падрасла ў сувязі з агульным ростам цэнаў на нафту.
Памер экспартных мытаў у Расіі мяняўся — на працягу першага паўгоддзя яны складалі $267—292 за тону. З 1 ліпеня мыта зніжана да $248 за тону.
Такім чынам, агульны кошт 20 мільёнаў тон «чорнага золата» за год складзе каля $9 мільярдаў. У сярэднім кожная тона — $450. У тым ліку цана нафты з мытамі — каля 550—600 даляраў. Хоць якасць паліва горшая за венесуэльскую, але і эканомія відавочная.
Іранская перспектыва
Апроч лідэра Венесуэлы Уга Чавеса працягнуць руку дапамогі кіраўніку Беларусі гатовы і прэзідэнт Ірана Махмуд Ахмадзінежад. «Будзе асобны праект, акрамя здабычы нафтавай сыравіны з радовішча Джафейр», — заявіў беларускі пасол у Іране Віктар Рыбак. Па яго словах, ужо хутка беларускія спецыялісты пачнуць абмяркоўваць з іранскім бокам пытанні аб эканамічнай эфектыўнасці такіх паставак.
Нядаўнія заявы віцэ-прэм"ера Уладзіміра Сямашкі сведчаць пра тое, што ўжо ў кастрычніку гэтага году Беларусь пачне прамысловую здабычу нафты ў Іране і будзе ў далейшым штогод здабываць 1,5 мільёна тон «чорнага золата».
Цалкам верагодна, што Беларусь будзе разлічвацца з Іранам за нафту не толькі грашыма, але і прадукцыяй сваёй прамысловасці. «Разам з прадукцыяй нафтахімічнага комплексу ільвіную долю экспарту склалі акрылавыя валокны, пайшлі пастаўкі кар"ерных самазвалаў», — заявіў беларускі пасол. Таксама, па яго словах, «вядзецца сур"ёзная праца па пастаўках металапрадукцыі». І ўжо сёлета ў Іране запрацуе вытворчасць па зборцы грузавікоў Мінскага аўтазавода.
Балтыйская дапамога
Беларусь тым часам шукае альтэрнатыву пастаўкам нафты праз украінскую чыгунку. Каб нагрузіць працай наваполацкі «Нафтан», улада спрабуе дамовіцца з краінамі Балтыі. Ужо ў гэтай дэкадзе танкер з венесуэльскай нафтай прыедзе ў эстонскі порт Мууга. Ад яго да Наваполацка нават бліжэй, чым ад Адэсы да Мазыра.
Уключыўшы ў лагістыку яшчэ і Эстонію, Беларусь не адмаўляецца ад супрацоўніцтва з Літвой, Латвіяй і Польшчай, якія маюць свой выхад да Балтыйскага мора. Кошт транспартавання застанецца прыблізна такім самым, але дыверсіфікацыя — магчымасць выбару паміж некалькімі партнёрамі — развяжа рукі Беларусі. Раней краіна татальна залежала ад паставак вуглевадародаў з Расіі. Паводле стандартаў ЕС, краіна не павінная атрымліваць ад аднаго пастаўшчыка больш за траціну аб’ёму спажываных энерганосьбітаў.
Доля венесуэльскага прадукту пакуль што мінімальная. Але зробленая хаця б заяўка на альтэрнатыву Расіі.
Яўген Васількоў