Буйную партыю спецыяльных машын адправіць у Венесуэлу ААТ «Амкадор», паведамілі БелаПАН у
прэс-службе прадпрыемства.
Дагавор аб пастаўцы 57 адзінак дарожна-будаўнічай тэхнікі быў падпісаны бакамі ў красавіку 2010 года. На сёння ў Венесуэлу ўжо прыбылі 19 машын, сярод якіх пагрузчыкі франтальныя аднакаўшовыя «Амкадор 352» і аўтапагрузчыкі вілачныя «Амкадор 451». 6–7 ліпеня даччыным прадпрыемствам таварыства ЗАТ «Амкадор-Пінск» адгружана шэсць экскаватараў-пагрузчыкаў «Амкадор 702ЕА-01». На чарзе яшчэ 11 экскаватараў-пагрузчыкаў гэтай мадыфікацыі, а таксама 14 цяжкіх грунтовых вібрацыйных самаходных каткоў «Амкадор 6712В» і сем лёгкіх вібрацыйных самаходных двухвальцовых каткоў «Амкадор 6223А».
У прэс-службе адзначылі, што прызначаная для Венесуэлы тэхніка поўнасцю адаптавана для эксплуатацыі ў гарачым клімаце. Машыны аснашчаны кандыцыянерамі, сістэмай ахаладжэння і шынамі ў «трапічным выкананні». Спецыяльнае фарбаванне павышае ўстойлівасць тэхнікі да ультрафіялету. Усе машыны, што адгружаюцца ў гэтую краіну, дадаткова забяспечваюцца камплектам запасных частак, разлічаным на два-тры гады эксплуатацыі.
З чэрвеня 2009 года інтарэсы ААТ «Амкадор» у Венесуэле ў якасці дылера і сэрвіснага партнёра прадстаўляе ЗАТ «Белзамежбуд». У будучыні на базе гэтай кампаніі плануецца стварыць склад запчастак для тэхнікі вытворчасці таварыства. А ў найбліжэйшы час у гэтай лацінаамерыканскай краіне будзе пабудаваны сэрвісны цэнтр ААТ «Амкадор».
«У цэлым рынак Венесуэлы вельмі прывабны для нашага прадпрыемства. У краіне на дзяржаўным узроўні рэалізуецца вялікая колькасць будаўнічых праграм: вядзецца актыўная забудова жылых мікрараёнаў, будуюцца новыя заводы, — адзначаецца ў паведамленні прэс-службы „Амкадора“. — І сёння тут ёсць попыт на аўтапагрузчыкі вілачныя, пагрузчыкі з бартавым паваротам, пагрузчыкі франтальныя аднакаўшовыя грузападымальнасцю пяць і сем тон і іншую тэхніку вытворчасці ААТ».
***
ААТ «Амкадор» заснавана ў 1991 годзе на базе завода «Ударнік». Гэта структура холдынгавага тыпу, якая аб’ядноўвае 10 юрыдычных асоб. На прадпрыемствах таварыства працуе больш за 4,5 тыс. чалавек. «Амкадор» з’яўляецца адным з найбуйнейшых вытворцаў дарожна-будаўнічай, камунальнай, снегаўборачнай, лясной, сельскагаспадарчай і іншай спецыяльнай тэхнікі ў СНД і Еўропе. Вырабляе больш за 80 мадэлей і мадыфікацый машын.