Пасол Венесуэлы: Кошт венесуэльскай нафты для Беларусі — камерцыйная тайна
Паводле слоў Нуньеса, у 2009 годзе абмяркоўвалася сама магчымасць такіх паставак, у 2010‑м — іх рэнтабельнасць. «Адказ відавочны: калі б пастаўкі не былі рэнтабельныя, яны не ажыццяўляліся б», — сказаў ён.
Дыпламат падкрэсліў, што «іншыя краіны, краіны Лацінскай Амерыкі таксама атрымліваюць венесуэльскую нафту на льготных умовах». «Такія стратэгічныя пагадненні былі дасягнутыя на ўзроўні кіраўнікоў нашых краін, яны стабільныя і рэнтабельныя, гэта жэст салідарнасці і падтрымкі беларускага народа», — заявіў пасол Венесуэлы.
Нуньес паведаміў, што дасягнута дамоўленасць аб пастаўцы ў Беларусь 10 млн. тон нафты ў 2011 годзе.
Пры гэтым венесуэльскі пасол адзначыў, што порт, куды прыбываюць танкеры з нафтай, вызначае беларускі ўрад. «Вы бачыце, што нафта прыбывае, перапрацоўваецца і прадаецца на знешнія рынкі ў адпаведнасці з нацыянальнымі інтарэсамі Беларусі», — сказаў ён.
Дыпламат падкрэсліў: «Венесуэла выконвае свае абяцанні і падтрымлівае Беларусь гэтак жа, як і Беларусь падтрымлівае Венесуэлу». Нуньес сказаў, што сумеснае беларуска‑венесуэльскае прадпрыемства «Петролера БелаВенесалана» здабывае нафту на спелых і новых радовішчах у штатах Ансаатэгі і Сулія, яму былі перададзены разведаныя радовішчы для здабычы прыроднага газу. Гэта прадпрыемства таксама займаецца разведкай радовішчаў. Дыпламат паведаміў, што нядаўна Мінск наведала дэлегацыя венесуэльскіх спецыялістаў нафтавай галіны для абмеркавання праекта стварэння сумеснага прадпрыемства па рэалізацыі нафтапрадуктаў.
БелаПАН