Сідорскі — за актывізацыю супрацоўніцтва з Кітаем
Пра гэта на сустрэчы з намеснікам міністра камерцыі Кітая Гао Хучэнам 29 чэрвеня ў Мінску паведаміў прэм’ер‑міністр Беларусі Сяргей Сідорскі.
Ён нагадаў пра дамоўленасці з кітайскім бокам аб пераносе высокатэхналагічных кітайскіх вытворчасцей на тэрыторыю Беларусі для стварэння магутнай прамысловай зоны. «Гэта праекты, якія заслугоўваюць самай сур’ёзнай увагі», — падкрэсліў Сідорскі.
Паводле слоў кіраўніка ўрада,
беларускі бок ужо падрыхтаваў прапановы аб рэалізацыі праектаў у 12‑13 галінах эканомікі, «дзе кітайскія інвестары маглі б стварыць прадпрыемствы».На працягу ліпеня беларускія спецыялісты будуць працаваць у Кітаі па ўсіх новых кірунках. Мяркуецца, што на працягу двух‑трох месяцаў бакі правядуць актыўныя перамовы аб рэалізацыі праектаў. »Разлічваем да восені, да візіту прэзідэнта Аляксандра Лукашэнкі ў Пекін, стварыць новую перамоўную пазіцыю па высокатэхналагічных вытворчасцях і па пераносе кітайскіх прадпрыемстваў у Беларусь», — падкрэсліў Сідорскі.
Андрэй Кажамякін, БелаПАН