У Мінск прыбывае дэлегацыя «Газпрома»
У мінулую пятніцу, 25 чэрвеня, першы віцэ‑прэм’ер Беларусі Уладзімір Сямашка праінфармаваў прэзідэнта, што 28—29 чэрвеня рабочая група »Газпрома» правядзе перамовы з кіраўніцтвам »Белтрансгаза», а ў сераду ў Мінск павінен прыбыць намеснік старшыні праўлення газавага холдынгу Валерый Голубеў.
«Мы з ім падпішам дакумент, у якім будзе зафіксавана прызнанне даўгоў і тэрміны, калі яны гэтыя грошы вярнуць», — сказаў Сямашка.Паводле слоў першага віцэ‑прэм’ера, у тэлефоннай размове з ім і Валерый Голубеў, і кіраўнік праўлення «Газпрома» Аляксей Мілер «прызналі, што яны недаплацілі». «У мяне ёсць усе падставы, дакументальна пацверджаныя, што я павінен з іх запатрабаваць яшчэ 32 мільёны долараў да 260 мільёнаў. Яны пацвярджаюць, што так, ёсць пытанні», — адзначыў Сямашка.
Нагадаем, 23 чэрвеня »Газпром» атрымаў ад Беларусі 187 млн. долараў доўгу за пастаўлены ў 2010 годзе газ і ў поўным аб’ёме аднавіў газавыя пастаўкі.
У сваю чаргу «Газпром» пералічыў Мінску 228 млн. долараў за транзіт газу, але Мінск патрабуе 260 млн. Разбежка ўзнікла з‑за рознай ацэнкі стаўкі транзіту: беларускі бок гаворыць пра 1,88 долара за тысячу кубаметраў газу на 100 км, расійскі — пра 1,45 долара.
Раніцай 25 чэрвеня Лукашэнка заявіў, што дае Маскве суткі на пагашэнне ў поўным аб’ёме запазычанасці за транзіт газу. «Яшчэ раз папярэджваю ўрад: нявыплата «Газпромам» у поўным аб’ёме паслуг у найбліжэйшыя суткі павінна прывесці да прыпынення ўсялякіх паслуг для Расійскай Федэрацыі па транспарціроўцы вуглевадароднай сыравіны — нафты і газу», — заявіў беларускі кіраўнік.
Каментуючы гэтую заяву, афіцыйны прадстаўнік «Газпрома» Сяргей Купрыянаў падкрэсліў, што згодна з умовамі кантракта расійскі бок нічога не вінаваты Беларусі.
Пры гэтым ён адзначыў, што найбліжэйшым часам «Газпром» разлічвае падпісаць дапаўненне да кантракта з Беларуссю на 2010 год, якое дазволіць павысіць стаўку за транзіт газу. »Адносна дапаўнення да кантракта на 2010 год «Газпром» з беларускімі калегамі ўжо прынцыпова дамовіліся. Яго падпісанне чакаецца найбліжэйшым часам», — заявіў Купрыянаў.
БелаПАН.