«Шанцы перамагчы на гэтых выбарах вялікія, як ніколі» (фотарэпартаж)
Папярэдні раз карэспандэнт «Салідарнасці» бачыў Уладзіміра Някляева падчас паездкі ў рэгіёны ў 2006-м. Тады паэт прыязджаў у Баранавічы напярэдадні прэзідэнцкіх выбараў разам з Аляксандрам Казуліным.
На гэты раз у ролі відавочнага лідэра быў Някляеў, а побач з ім знаходзіўся публіцыст Аляксандр Фядута – чалавек, які спрычыніўся да прыходу Лукашэнкі да ўлады і які даўно жадае ўбачыць на чале краіны дэмакратычнага палітыка. На гэтым правядзення паралеляў пакінем, бо мэта паездкі ў Гродна была ўсё ж не палітычнай.
22 чэрвеня, у 7-ю гадавіну смерці Васіля Быкава, кампанія «Гавары праўду!» сканчала збор подпісаў за з’яўленне ў Мінску і Гродна вуліц імя пісьменніка. Удзельнікі акцыі «ЗА вуліцы Быкава» і сталічны vip-дэсант, у складзе якога акрамя Някляева і Фядуты былі музыкант Зміцер Вайцюшкевіч, паэты Міхась Скобла і Глеб Лабадзенка, накіраваліся ў неафіцыйны гарадзенскі музей Быкава.
Музей гэты дзейнічае ў пакоі гарадскога аб’яднання ветэранаў вайны, працы і ўзброенных сіл і трымаецца выключна на энтузіазме. Уладзімір Някляеў выказаў падзяку яго заснавальніку Мікалаю Мельнікаву і захавальніку фондаў Аляксею Дземідовічу і паабяцаў па магчымасці аказваць музею дапамогу.
– Кампанія «Гавары праўду!» застанецца ў незалежнасці ад таго, як пройдуць прэзідэнцкія выбары. Калі да 18 мая (ператрусаў і арыштаў удзельнікаў кампаніі – С.) мы вагаліся, то цяпер будзем дапамагаць дэмакратычным сілам на гэтых выбарах перамагчы. Шанцы на гэтых выбарах вялікія, як ніколі, – сказаў журналістам Уладзімір Някляеў пасля выхаду з музею.
Затым ўдзельнікі акцыі «ЗА вуліцы Быкава» і Уладзімір Някляеў на вуліцы Савецкай пачалі збор апошніх подпісаў сярод гарадзенцаў. Кожны, хто ставіў подпіс, атрымоўваў зборнік вершаў паэта «Кон» з аўтографам аўтара. Найбольшае жаданне спрычыніцца да акцыі чамусьці выказвалі дзяўчыны.