Чыстая энергія для будучыні

Источник материала:  
Чыстая энергія для будучыніБеларусь зацікаўлена ў развіцці сонечнай і ветравой энергетыкі
Велізарны разліў нафты са свідравіны ў акваторыі Мексіканскага заліва, няўдалыя спробы “зацугляць” буйнейшую тэхнагенную катастрофу — яшчэ адна нагода задумацца: што будзе, калі нафта ўвогуле скончыцца?.. Аптымісты супакойваюць: вялікай праблемы не будзе, трэба толькі своечасова пераарыентавацца на іншыя крыніцы энергіі. Пра тое, якія перспектывы тут у Беларусі, мы гутарым з кандыдатам тэхнічных навук Васілём Пушынскім, загадчыкам кафедры энергетычнай экалогіі Міжнароднага дзяржаўнага экалагічнага ўніверсітэта імя А. Д. Сахарава.
— Васіль Антонавіч, цяпер на слыху выраз "сонечная рэвалюцыя". Як лічыце, ці хутка будзем масава браць дармовую энергію ад Сонца?
— Сапраўды, сонечныя прамяні, якія служаць "палівам" для геліябатарэй, дармовыя, ды самі батарэі дарагія. Але навука развіваецца хутка. Сёння, напрыклад, вядуцца даследаванні па перадачы электраэнергіі без выкарыстання токаправодных элементаў. Уявіце сабе: паставілі фотаэлементы ў Сахары і перадаем электраэнергію да вашага камп'ютара без усялякіх правадоў...
— Перспектывы цікавыя, аднак мы не ў Афрыцы, метэаролагі сцвярджаюць: у сярэднім у нас 250 дзён на год пахмурныя. Ці магчыма ў такіх умовах скарыстоўваць тут энергію Сонца?
— І магчыма, і яна ўжо скарыстоўваецца. Напрыклад, калі ад фотаэлемента працуе калькулятар. Больш буйныя батарэі – на дарожных знаках, аўтастаянках... У побыце ж энергія сонца працуе менш, бо абсталяванне дарагое, таму “сонечная электраэнергія” ў шэсць разоў даражэйшая за тую, якая атрымоўваецца традыцыйным шляхам. Але энергію сонца можа паспяхова пераўтварыць у цеплавую. Скажам, падлічана, што геліякалектар на два квадратныя метры ў нашых умовах з красавіка па кастрычнік можа штодзень награваць 150 літраў вады да 60 градусаў. А ў лакаматыўным дэпо "Віцебск" летась укаранілі фотаэлектрычны комплекс для асвятлення памяшканняў. Усё больш цікавасці ў нашых архітэктараў і да “сонечнага ацяплення” дамоў...
— Значыць, стануць больш таннымі фотаэлементы – і геліяэнергетыка актывізуецца?
— Думаю, так. Крэмень, які выкарыстоўваецца ў фотаэлементах, у прыродзе не існуе, а тэхналогія для яго атрымання вельмі дарагая. Таму цяпер навукоўцы шукаюць тэхналогіі атрымання больш таннага крэменя, альбо іншых матэрыялаў.
— Знайшла такія звесткі: у XIX стагоддзі ў Гарадзенскай губерні налічалася звыш 250 ветракоў, цяпер іх няма...
— Скажу больш: яшчэ ў 60-я гады на нашай памяці розных ветраўстановак у Беларусі было каля 20 тысяч. Яны малолі збожжа, падавалі ваду... А пасля 60-х, калі ў Саюзе пачалі ствараць адзіную энергасетку, усе калгасы, прадпрыемствы падключаліся да яе, на іншыя віды энергіі звярталі мала ўвагі.
— І сёння, хоць чвэрць тэрыторыі краіны спецыялісты лічаць прыдатнай для ўкаранення ветраэнергетычных установак, будуюць іх не надта хутка... Можа, вецер у нас слабы?
— Ёсць дадзеныя аб тым, што па хуткасці вятроў наша краіна нават пераўзыходзіць Германію, якая цяпер лідзі-руе ў ветраэнергетыцы. Яшчэ за савецкім часам у нас была складзена карта вятроў. Цяпер карта падноўлена, вызначана 1860 пляцовак, прычым на кожнай з іх можна па 5-10 ветраўстановак усталёўваць. Пакуль працуюць дзве ветраэнергетычныя ўстаноўкі магутнасцю 250 і 400 кілават-гадзін, яшчэ каля дзесяці — па 70. Сёння Беларусь зацікаўлена ў развіцці такой энергетыкі, як і нашы замежныя інвестары. Напрыклад, ёсць праект ветрапарка ў Гродзенскай вобласці — адна з кітайскіх кампаній гатова пастаўляць туды ветраўстаноўкі агульнай магутнасцю да 10 мегават-гадзін.
— Ці дастаткова гэтага, каб Беларусь адчувала сябе энергетычна абароненай?
— Ёсць жа і іншыя праекты... Да таго ж цяпер асноўная ўвага надаецца ўкараненню новых тэхналогій, каб эканоміць энергарэсурсы, зніжаць спажыванне электраэнергіі. Паказальны прыклад: за апошнія 12 гадоў унутраны валавы прадукт у Беларусі ўзрос на 223 працэнты, а спажыванне энергарэсурсаў — толькі на адзін працэнт. Вось вынік укаранення новых тэхналогій. Сёння беларусы вучацца лічыць, эканоміць любую энергію.
— А калі раптам глабальны энергакрызіс?..
— Думаю, маштабнага энергакрызісу не будзе. У Беларусі да таго ж прынятая мэтавая дзяржаўная праграма, паводле якой доля мясцовых відаў паліва і альтэрнатыўных крыніц энергіі да 2012 года ў агульным энергабалансе павінна быць даведена да 25 працэнтаў. Прычым як эканамічныя, так і экалагічныя патрабаванні стымулююць развіццё аднаўляльных крыніц энергіі. Дарэчы, у нас цяпер развіваюцца гідраэнергетыка, біяэнергетыка, геатэрмальная энергетыка. І яшчэ адзін прыклад, які дадае аптымізму. Па падліках навукоўцаў, калі выкарыстаць у свеце ў поўным аб'ёме ветраэнергетычны патэнцыял, можна атрымаць 16 мільярдаў кілават электраэнергіі. І атрымліваецца, што толькі ад ветраэнергетыкі мы можам узяць палову неабходнага.

Іда Ганчаровіч

←Анонс «Экономической газеты» № 48 за 25 июня 2010 года

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика