Мінэнерга: Беларусь разлічылася з ААТ
«Не чакаючы пералічэння грашовых сродкаў ад «Газпрома» за ажыццёўлены ў маі гэтага года транзіт расійскага прыроднага газу па беларускай газатранспартнай сістэме і газаправодзе «Ямал — Еўропа» ў краіны Еўропы, у поўным аб’ёме праведзены разлік за спажыты Беларуссю ў маі прыродны газ», — паведаміла дзяржаўнаму агенцтву БелТА прэс‑сакратар Мінэнерга Беларусі Людміла Зяньковіч.
Напярэдадні, 21 чэрвеня, афіцыйны прадстаўнік «Газпрома» Сяргей Купрыянаў заявіў: «Мы чакаем ад беларускага боку найхутчэйшага рашэння па пагашэнні запазычанасці і выканання абавязацельстваў па транзіце. Мы чакаем, што пастаўкі па транзіце будуць ажыццяўляцца ў поўным аб’ёме».
Ён падкрэсліў, што наступны плацеж — за майскія пастаўкі — «Белтрансгаз» павінен ажыццявіць праз два дні. І калі Беларусь па‑ранейшаму будзе плаціць за газ па леташняй цане (150 даляраў за тысячу кубаметраў замест кантрактнай цаны ў 169 даляраў), доўг яшчэ ўзрасце, зазначыў Купрыянаў.
Прадстаўнік «Газпрома» заявіў, што запазычанасць Беларусі, паводле апошніх звестак, складае 192 мільёны даляраў.
БелаПАН