Саюз, атручаны газам

Источник материала:  

“Газпром” нічым не можа прымаць плату за доўг:  ні пірагамі,  ні маслам,  ні сырам, ні іншымі сродкамі плацяжоў”, — сказаў прэзідэнт Расіі Дзмітрый МЯДЗВЕДЗЕЎ на сустрэчы з кіраўніком вядучай расійскай манаполіі РАТ “Газпром” і даручыў пачаць адключэнне газу Беларусі. Такім чынам,  у панядзелак раніцай у беларуска-расійскіх адносінах пачалася “другая газавая”...

Мядзведзеў даў адмашку

Увесь свет у мінулыя выхадныя глядзеў футбол ці сачыў за прэзідэнцкімі выбарамі ў Польшчы, а Беларусь і Расія і ў суботу, і ў нядзелю працягвалі газавыя перамовы. Нагадаем, што расійскі прэзідэнт даў беларускаму боку пяць дзён на пагашэнне доўгу перад “Газпромом” за пастаўлены газ. Доўг узнік з-за таго, што за “блакітнае паліва” мы разлічваліся ў цэнах мінулага года, хаця на двары ўжо даўно 2010-ы, адпаведна, дзейнічаюць новыя цэны і новыя кантракты.

Газавыя перамовы скончыліся нічым. На раніцу панядзелка грошы з Беларусі на рахункі “Газпрома” так і не паступілі.

Працоўны дзень у панядзелак Дзмітрый Мядзведзеў пачаў сустрэчай з Аляксеем Мілерам. Кіраўнік “Газпрома” даклаў кіраўніку Расіі, што “Беларусь прызнае доўг за газ, але прапаноўвае аплату рабіць машынамі, абсталяваннем і рознымі іншымі таварамі”. Мядзведзеў на гэта заўважыў, што ў адпаведнасці з расійскім заканадаўствам замежныя плацяжы могуць прымацца толькі ў замежнай валюце — інакш гэта супярэчыць закону. І прамовіў самую цытуемую фразу мінулага дня: “Газпром” нічым не можа прымаць плату за доўг: ні пірагамі, ні маслам, ні сырам, ні іншымі сродкамі плацяжоў”.

“Што будзем рабіць?” — запытаў прэзідэнт у кіраўніка газавай манаполіі. Мілер меў падрыхтаваны адказ. Ён патлумачыў, што ў адпаведнасці з беларуска-расійскім кантрактам “Газпром” у такой сітуацыі “павінен увесці абмежаванне паставак газу прапарцыянальна аб`ёму доўгу”.

“Пачынайце тады адпаведную працэдуру, захоўваючы ўзаемадзеянне з беларускімі партнёрамі і схіляючы іх да выканання дагавора і ў адпаведнасці з тымі правіламі, якія існуюць у “Газпрома” з іншымі контрагентамі”, — распарадзіўся Мядзведзеў.

Свая матэматыка

Калі шчыра, то немагчыма ўявіць, што менш за 200 мільёнаў долараў доўгу (калі дакладней — 192 мільёны), аб якіх ідзе спрэчка, гэта такая ўжо крытычная сума для беларускага бюджэту. Зразумела, такія грошы ў нас ёсць, і мы можам іх заплаціць. Цана на газ — гэта пытанне прынцыпу.

“Для Украіны знізілі цану на 30 працэнтаў, для Венгрыі... Чаму для нас на 30 працэнтаў узнялі?” — абураўся напярэдадні Аляксандр Лукашэнка. Праўда, не ўдакладніўшы, што ні Украіна, ні Венгрыя самі сабе кошт пастаўляемага газу не зніжалі, а ўсё-такі для пачатку падпісалі адпаведныя дакументы з расійскім пастаўшчыком. Пры гэтым яны ніколі не атрымлівалі газ ад Расіі па такіх танных коштах, як Беларусь.

Да таго ж не будзем забывацца, што 200 мільёнаў набегла толькі за пяць месяцаў. Такім чынам, па выніках года Беларусь вымушана будзе даплаціць ужо не меней за паўмільярда. А гэта, пагадзіцеся, зусім не смешная сума. Асабліва ва ўмовах эканамічнага крызісу, які наклаўся на перадвыбарную прэзідэнцкую кампанію. Таму Мінск таксама шукаў важкія аргументы ў спрэчцы.

У выніку ў адказ на патрабаванне пагасіць запазычанасць па газу Беларусь абвінаваціла “Газпром” у тым, што ён вінаваты нашай краіне за транзіт... больш за 200 мільёнаў. Цікава, аднак, што на момант агучвання гэтай прэтэнзіі беларускі бок ніякіх разлікаў расійскім суразмоўцам увогуле не прадставіў. Таму яны толькі паціскалі плячыма: “Пакажыце хоць на паперы, з чаго вы такую запазычанасць вывелі?” У любым выпадку, да нашых прэтэнзій у Маскве пакуль паставіліся несур’ёзна. Па крайняй меры, яны не сталі перашкодай для таго, каб была дадзена каманда паступова адключаць газ.

«Няма прадмету для перамоў»

Літаральна праз гадзіну пасля сустрэчы Мілера і Мядзведзева, у 9.00 па мінскім часе, ціск у газавай трубе пачаў зніжацца. У першы дзень абмежаванні паставак склалі 15% ад сутачнай нормы, але калі Беларусь упарта не будзе пагаджацца на пагашэнне доўгу, па словах Мілера, паступова абмежаванні дойдуць да 85%. Менавіта па гэтай прычыне нават пасля таго, як ціск у газавай трубе знізіўся, беларуская дэлегацыя на чале з намеснікам міністра эканомікі Анатолем Філонавым працягвала заставацца ў Маскве. Прадстаўнік “Газпрома” Сяргей Купрыянаў паведаміў журналістам, што “тэмпы зніжэння паставак газу ў Беларусь будуць залежаць ад вынікаў гэтых перамоў”. Але вялікага аптымізму Купрыянаў не выказаў. “Дэлегацыя беларускага боку, у тым ліку генеральны дырэктар “Белтрансгазу” Уладзімір Маёраў, знаходзіцца ў “Газпроме”, праз тэлефон працягваюцца кантакты і з урадам Беларусі. Але гэта менавіта “кантакты”, бо прадмету “перамоў” няма, пытанне толькі адно — пагашэнне доўгу”, — сказаў Купрыянаў.

Вельмі падобна на тое, што ў панядзелак бакі прынялі тактыку “хто каго перасядзіць”. На працягу ўсяго дня ніякай інфармацыі аб зрухах у пазіцыях бакоў не было. Больш за тое, пасля абеду сітуацыю вельмі жорстка пракаментаваў кіраўнік расійскага ўрада Уладзімір Пуцін. Ён папярэдзіў, што скараціць пастаўкі газу можна і болей як на 85%, паколькі “магчыма перакінуць транзіт з газаправода “Ямал-Еўропа” ў ГТС Украіны”. “Спадзяюся, што да гэтага не дойдзе”, — дадаў прэм’ер.

Зразумела, што Пуцін падрыхтаваўся да такіх заяў. Наша суседка Украіна ў гэтым канфлікце выказала салідарнасць не з Беларуссю, а з Расіяй. Як паведаміла інфармагенцтва “РБК-Украіна” са спасылкай на крыніцу ва ўкраінскім урадзе, Украіна яшчэ 17 чэрвеня атрымала ад Расіі запыт адносна магчымасці альтэрнатыўных беларускаму маршрутаў паставак газу і адказала станоўча. На 9 гадзін раніцы 21 чэрвеня ўкраінская газавая транспартная сістэма ўжо была гатова прыняць дадатковы газ у выпадку, калі Беларусь пачне адбор транзітнага газу для сваіх патрэб. “Укртрансгаз” праводзіў аператыўныя нарады па сітуацыі кожныя дзве гадзіны.

Але Беларусь не дакранулася да транзіту. Па крайняй меры, у панядзелак. Пра гэта паведамілі і спажыўцы Калінінграда, і польскія пакупнікі расійскага газу: да іх газ даходзіў у поўным аб’ёме. 

Дарэчы, пазіцыі афіцыйнага Кіева няма чаго дзівіцца: калі былі расійска-ўкраінскія газавыя войны, Беларусь таксама ахвотна давала свае трубы для альтэрнатыўнага транзіту.

Цвярозая раніца

Нагадаем, што гэта не першае газавае супрацьстаянне паміж Мінскам і Масквой. Але на гэты раз эксперты не прагназуюць, што яно стане асабліва вострым. Па-першае, зараз лета, таму абмежаванне паставак газу ўспрымаецца не так крытычна. Па-другое, памер доўгу яшчэ не астранамічны. Хутчэй за ўсё мы заплацім гэтыя 200 мільёнаў долараў, пашумім на тэлеканалах і ў дзяржаўнай прэсе і змірымся з тым, што прыйдзецца жыць і працаваць у тых эканамічных умовах, у якіх жыве і працуе ўвесь свет. 

Іншая справа, што Аляксандру Лукашэнку зараз ужо нязручна будзе гуляць у гульню “душка Мядзведзеў і злодзей Пуцін”, імітуючы ранейшыя адносіны з кіраўніцтвам краіны-саюзніцы. Адносіны паміж Беларуссю і Расіяй не ранейшыя.  Праект “танныя нафта і газ у абмен на абяцанкі” Крамлю больш не патрэбны.

ТЫМ ЧАСАМ

Лаўроў не ўвязваецца ў газавую вайну...

Якраз у разгар газавай спрэчкі ў Мінск з двухдзённым візітам прыехаў міністр замежных спраў Расіі Сяргей Лаўроў.

Каб зняць лішнія пытанні, яшчэ перад адлётам у беларускую сталіцу Сяргей Лаўроў заявіў, что газавая спрэчка Расіі і Беларусі знаходзіцца па-за кампетэнцыяй ягонага міністэрства. “МЗС гэтым пытаннем не займаецца. Гэтымі пытаннямі займаюцца адпаведныя кампаніі дзвюх краін, якія, як я разумею, знаходзяцца ў прамым дыялогу. Дыялог засноўваецца на падпісаных кантрактах, і, мне здаецца, тут не павінна быць ніякіх непаразуменняў”, — сказаў кіраўнік знешнепалітычнага ведамства Расіі.

Сяргей Лаўроў прыбыў у Мінск у панядзелак вечарам. На сёння, 22 чэрвеня, запланаваны яго перамовы з міністрам замежных спраў Беларусі Сяргеем Мартынавым. Міністры плануюць абмеркаваць пытанні двухбаковых адносін і міжнароднага супрацоўніцтва, у тым ліку ў сферы еўрапейскай бяспекі.

←Товпенец: приходится в разгар лета переводить потребителей на мазут и ограничивать подачу газа

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика