«Газпром»: Беларусь не дазваляе пагасіць доўг за транзіт газу

Источник материала:  
21.06.2010 16:33 — Новости Экономики
Доўг «Газпрому» за транзіт газу па беларускай тэрыторыі супастаўны з доўгам Мінска за газ, аднак Беларусь не дазваляе «Газпрому» пагасіць запазычанасць.

Пра гэта паведаміў журналістам у Маскве афіцыйны прадстаўнік «Газпрома» Сяргей Купрыянаў.

«Доўг ёсць, сітуацыя створана тым, што беларускі бок не дазваляе яго пагасіць, таму што не афармляе акты транзіту», — цытуе Купрыянава РІА Новости.

«Мы чакаем ад беларускага боку найхутчэйшага вырашэння па пагашэнні запазычанасці і выкананні абавязацельстваў па транзіце. Мы чакаем, што пастаўкі па транзіце будуць ажыццяўляцца ў поўным аб’ёме», — падкрэсліў Купрыянаў.

Паводле яго слоў, наступны плацеж — за майскія пастаўкі — «Белтрансгаз» павінен ажыццявіць праз два дні, і калі Беларусь па‑ранейшаму будзе плаціць за газ па леташняй цане (150 даляраў за тысячу кубаметраў замест кантрактнай цаны ў 169 даляраў) доўг яшчэ ўзрасце.

«Паводле апошніх звестак, доўг складае 192 мільёны даляраў», — нагадаў прадстаўнік «Газпрома».

Паводле Купрыянава, скарачэнне паставак газу склала 7 млн. з 45 млн. кубаметраў за суткі.

«Газпром» абмяжоўвае пастаўкі газу ў Беларусь паступова, каб не ствараць тэхналагічных праблем, растлумачыў прадстаўнік холдынгу.

Купрыянаў таксама паведаміў, што ў сувязі з магчымымі праблемамі з транзітам праз Беларусь «Газпром» прапрацоўвае дадатковыя магчымасці паставак газу ў Еўропу.

Паводле яго слоў, газаправод Ямал — Еўропа, які праходзіць праз Беларусь, належыць «Газпрому», і гэта дазваляе расійскаму холдынгу разлічваць на ажыццяўленне транзіту ў поўным аб’ёме. Аднак расійскі бок прапрацоўвае дадатковыя магчымасці паставак еўрапейскім спажыўцам, у тым ліку праз Украіну і Польшчу.

Разам з тым, дадаў Купрыянаў, «Газпром» спадзяецца, што цяперашняя расійска‑беларуская газавая спрэчка не будзе такой сур’ёзнай, як леташняя з Украінай.

21 чэрвеня з 9.00 па мінскім часе «Газпром» увёў абмежаванні на пастаўку газу ў Беларусь «на 15% ад аб’ёмаў планавай пасутачнай пастаўкі газу з паступовым выхадам на ўзровень абмежавання да 85% прапарцыянальна запазычанасці».

«Газпром» патрабуе ад Мінска пагасіць запазычанасць у памеры 192 млн. долараў за атрыманы ў 2010 годзе газ. Мінск, у сваю чаргу, заяўляе, што «Газпром» завінаваціў Беларусі больш чым 200 млн. долараў за транзіт газу па беларускай тэрыторыі.

Як запэўнівае Мінэнерга Беларусі, нягледзячы на 15‑працэнтнае скарачэнне паставак газу з сённяшняга дня, яго пастаўкі ў Еўропу ажыццяўляюцца бесперабойна.

Даручыўшы «Газпрому» абмежаваць пастаўкі газу ў Беларусь, прэзідэнт РФ Дзмітрый Мядзведзеў таксама распарадзіўся працягнуць з Мінскам кансультацыі па ўрэгуляванні доўгу.

Беларуская дэлегацыя на чале з намеснікам міністра эканомікі Андрэем Філонавым знаходзіцца ў Маскве з 20 чэрвеня. Пра ход перамоў нічога не паведамляецца.


БелаПАН

←Самым дорогим белорусским брендом признана Milavitsa

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика